Рэкордную партыю наркотыкаў затрымалі на беларускай мытні ў панядзелак. 130 кілаграмаў гашышу і 10 кілаграмаў таблетак экстазі былі знойдзены падчас рэнтгенаўскага догляду на пункце пропуску "Грыгароўшчына", які знаходзіцца на беларуска-латвійскай мяжы. Апошняя партыя стала абсалютным рэкардсменам - больш буйной колькасці экстазі беларускія праваахоўнікі яшчэ не сустракалі.
Такі "ўлоў" стаў магчымы дзякуючы аперацыі, якую распрацавалі і правялі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі і Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з кантрабандай і постмытнага гандлю Дзяржаўнага мытнага камітэта.
— Праверка аднаго з грузавых аўтамабіляў, які перавозіў кантэйнер з лекамі з Латвіі ў Расію, паказала, што ўнізе прычэпа абсталяваны тайнік, — паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з кантрабандай і постмытнага гандлю Дзяржаўнага мытнага камітэта Эдуард Даніловіч. — Кіраваў ім 52-гадовы грамадзянін Літвы. Схованку ўскрылі пры дапамозе кінолагаў і спецыяльнага інспекцыйнага-дагляднага комплексу. Тайнік быў абсталяваны настолькі добра, што яго ламалі пяць гадзін. Там аказаліся ўпакаваныя скруткі з пласцінамі і таблеткамі. Судовая экспертыза пацвердзіла, што гэта — гашыш і экстазі.
Заведзена крымінальная справа па частцы 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
— Дзякуючы мерам, якія прымаюцца на дзяржаўным узроўні, агульная наркасітуацыя паляпшаецца, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі Генадзь Казакевіч. — Але ўзровень пагрозы меншым не стаў, пра што сведчыць, у прыватнасці, і гэты выпадак.
Агулам жа сёлета было канфіскавана больш за 270 кілаграмаў наркотыкаў і псіхатропаў. Перакрыта 9 каналаў іх пастаўкі і транзіту. Пры гэтым за мінулы год праваахоўнікі перапынілі рух больш за тону дурману, у тым ліку транзітнага. Частка яго вяртаецца ў Беларусь так званым "рээкспартам".
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/narkotyki