Такі акцэнт зрабіў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс падчас прамой тэлефоннай лініі, якая прайшла ў фармаце відэаканферэнцыі з гар-, райвыканкамамі.
«Утрыманню і эксплуатацыі вуліц і дарог — асаблівая ўвага. Гэтай тэмы датычыцца значная колькасць зваротаў. Перш за ўсё, як і патрабуе Прэзідэнт, неабходна рабіць акцэнт не на колькасць выкананых работ, а на якасць рамонту, каб захоўваліся тэхналогіі. Пытанне сур'ёзнае, трэба ім займацца», — падкрэсліў Анатоль Ліс.
Сваю заклапочанасць станам дарог выказвалі жыхары Брэста, Пружанскага, Бярозаўскага, Брэсцкага раёнаў, паведамляе БелТА [3]. У прыватнасці, жыхары абласнога цэнтра цікавіліся, які аб'ём рамонтных работ запланаваны на гэты год.
«Кобрынскі пуцеправод рэканструюецца з інфраструктурай вакол яго, будуецца Заходні абход з развязкамі. Вялікія аб'ёмы робяцца да тысячагоддзя, але гэтым мы не абмяжоўваемся. Работа будзе працягвацца. Па меры магчымасцяў будзем вуліцы рамантаваць, асфальтаваць», — адзначыў губернатар. Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук дадаў, што сёлета заасфальтуюць 12 асноўных вуліц працягласцю каля 15 кіламетраў.
«Што датычыцца грунтавых дарог, летась перавялі сем вуліц у разрад асфальтабетоннага пакрыцця. Будзем работу працягваць, у тым ліку з удзелам грамадзян. Мы гатовы зрабіць так: бяром на сябе ўсе выдаткі, тэхналогіі, выкананне работ, а жыхары ўдзельнічаюць у нейкай долі пры набыцці асфальтабетону», — сказаў мэр.
Падчас прамой лініі берасцейцы праявілі асаблівую актыўнасць: з 29 званкоў палова паступіла ад жыхароў абласнога цэнтра. Прычым большасць грамадзян агучвалі пытанні не асабістага характару, а значныя для ўсяго горада. Адна з тых, хто патэлефанаваў, агучыла наступную праблему: у двары яе дома ёсць абсталяваная пляцоўка з кантэйнерамі для раздзельнага збору цвёрдых камунальных адходаў, аднак жыхары супраць заварвання смеццеправодаў.
«Прынята рашэнне адыходзіць ад убудаваных смеццеправодаў. Паціху і ў Брэсце ідзём такім шляхам. На жаль, часам грамадзяне не разумеюць, дзеля чаго гэта робіцца. Жыхары верхніх паверхаў не адчуваюць нязручнасцяў, аднак іх суседзі з ніжніх паверхаў сутыкаюцца з праблемамі антысанітарыі. Падкрэслю, у выніку мы адыдзем ад смеццеправодаў», — адказаў Анатоль Ліс.
Таксама на прамую лінію звярнуліся жыхары Пінска, Кобрынскага, Жабінкаўскага, Івацэвіцкага, Камянецкага раёнаў, былі званкі з Магілёўскай і Гродзенскай абласцей. Людзей цікавілі тэмы, якія датычацца жылля, ЖКГ, транспарту, землеўпарадкавання, добраўпарадкавання пахаванняў і помнікаў, развіцця прадпрымальніцтва. Асобныя пытанні старшыня аблвыканкама ўзяў на кантроль.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[3] https://www.belta.by/regions/view/anatolij-lis-soderzhaniju-i-ekspluatatsii-ulits-i-dorog-osoboe-vnimanie-341158-2019/
[4] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-voblasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/anatol-lis
[6] https://zviazda.by/be/tags/darogi