«Сілы дэмакратычнай Сірыі» (SDF), якія складаюцца з курдскіх і арабскіх атрадаў, абвясцілі аб вызваленні апошняга анклава тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» (ІД) на ўсходнім беразе ракі Еўфрат у населеным пункце Эль-Багуз. Баі за стратэгічны пасёлак ішлі амаль паўтара месяца, усяго сумесная аперацыя SDF і міжнароднай кааліцыі па зачыстцы ўсходняга берага працягвалася каля паўгода. У Эль-Багузе быў узняты сцяг SDF і прайшоў невялікі парад, на якім прысутнічаў намеснік спецпасланніка ЗША пры антытэрарыстычнай кааліцыі Уільям Ройбак. Услед за гэтым Белы дом распаўсюдзіў заяву прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які абвясціў, што вызвалены ўсе тэрыторыі Сірыі і Ірака, якія калісьці кантралявала экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава». Чаму ва ўсім свеце не спяшаюцца святкаваць поўную перамогу над злавесным «халіфатам»?
На хвалі «арабскай вясны»
Пяць гадоў таму, калі невядомыя экстрэмісты захапілі ў Сірыі і Іраку частку тэрыторый, ніхто не надаў гэтаму асаблівага значэння. Яно і не дзіўна: на Блізкім Усходзе якраз у гэты час у самым разгары была «арабская вясна». Небяспеку ўсвядомілі, калі радыкалы пачалі актыўна займаць новыя тэрыторыі, тэрарызуючы мірнае насельніцтва, прычым колькасць іх прыхільнікаў імкліва павялічвалася. Сябе яны называлі членамі «Ісламскай дзяржавы Ірака і Леванта» (ІДІЛ). Духоўным лідарам і кіраўніком будучага халіфата абвясцілі Абу Бакра аль-Багдадзі, які да гэтага быў членам «Аль-Каіды». Але гэта не адзінае, што звязвала ІДІЛ з самай магутнай на той момант тэрарыстычнай арганізацыяй. «Аль-Каіда» разглядала новую структуру як сваю «дачку» ў Іраку. Тэрарысты разлічвалі папоўніць свае шэрагі баевікамі, якія ваявалі супраць ЗША на баку Садама Хусэйна. І ім гэта ўдалося. Аднак неўзабаве іракскія ісламісты адмовіліся ад заступніцтва, заявіўшы пра ўласныя амбіцыі. Яны нацэліліся на стварэнне сусветнага халіфата і назвалі сябе глабальна — «Ісламская дзяржава».
У Сірыі сітуацыя развівалася па падобным сцэнарыі. «Аль-Каіда» аб'яднала тут джыхадзістаў у баявую групоўку «Джабхат ан-Нусра». Тэрарысты прысягнулі на вернасць Айману аз-Завахіры, які ўзначаліў «Аль-Каіду» пасля знішчэння Усамы бен Ладэна. Агульная плошча кантраляванай тэрарыстамі ІД тэрыторыі — так званага халіфата — дасягала ў 2014 годзе 100—110 тысяч кв. км, а колькасць насельніцтва, якое тут пражывала, складала восем мільёнаў чалавек. Пакуль ІД і «Джабхат ан-Нусры» ўдавалася ўтрымліваць пад кантролем іракскія і сірыйскія тэрыторыі і весці вайну супраць сіл міжнароднай кааліцыі, «Аль-Каіда» сышла ў цень. Але па меры таго як кантроль над захопленымі тэрыторыямі вяртаўся да ўрадавых сіл дзвюх краін, а даходы ад нелегальнага продажу нафты скарачаліся, тэрарысты ўспомнілі пра сваё паходжанне. «Ідэалагічныя рознагалоссі з «Аль-Каідай» нязначныя. Мы захоўваем вернасць Завахіры і разлічваем на яго дапамогу ў разгроме рэжыму Башара Асада», — заявіў нядаўна верхавод нусраўцаў Абу Мухамед аль-Джуляні. «Аль-Каіда» таксама аказалася незлапамятная. Нядаўна арганізацыя заклікала колішніх «дачок» працягнуць джыхад супраць няверных і паабяцала дапамагчы грашыма. За нядоўгі перыяд забыцця алькаідаўцы назапасілі значныя фінансавыя рэсурсы. Паводле розных ацэнак, цяпер штомесячны даход тэрарыстаў дасягае 40 мільёнаў долараў, што ў 20 разоў пераўзыходзіць рэсурсы ІД.
Джыхад крокавай даступнасці
Дырэктар Цэнтра вывучэння сучаснага Афганістана Амар Несар шмат гадоў даследуе «Аль-Каіду», ІД і іншыя экстрэмісцкія арганізацыі. У размове з РІА «Навіны» ён выказаў здагадку, што абедзве групоўкі каардынуюць свае дзеянні. Пры гэтым эксперт звярнуў увагу на тое, што рэбрэндынг магчымы не толькі за кошт уласных сіл, але і прыцягнення іншых, больш дробных падпольных аб'яднанняў. «Мяжа паміж «Аль-Каідай» і ІД вельмі тонкая. Калі адна групоўка перажывае няўдачы, то баевікі, якія выдавалі сябе за яе паслядоўнікаў, пачынаюць шукаць іншую апору. Прычым буйныя тэрарыстычныя арганізацыі часта бяруць адказнасць за тэракты, якіх не здзяйснялі. Іх выканаўцамі могуць быць разрозненыя падпольныя групы, якія спрабуюць звярнуць на сябе ўвагу. Яны здымаюць тэракт на відэа, адпраўляюць яго праз інтэрнэт верхаводам ісламістаў. Тыя далучаюцца, каб падтрымаць міф аб сваёй непатапляльнасці», — кажа Амар Несар.
Палітолаг Андрэй Сярэнка растлумачыў РІА «Навіны», што цяпер, калі ІД страчвае свае пазіцыі ў Сірыі і Іраку, яе паслядоўнікі перасяляюцца ў іншыя рэгіёны, змешваюцца з мірнымі жыхарамі і пачынаюць весці партызанскую вайну. «Абедзве структуры аб'ядноўвае джыхадысцкая ідэалогія. Але «Аль-Каіда» сцвярджае, што для халіфата патрэбныя асаблівыя ўмовы, а галоўнае — хіджры, перасяленне мусульман на пэўную тэрыторыю, каб захаваць чысціню рэлігіі. Прыхільнікі ж ІД не прывязваюць халіфат да нейкай тэрыторыі. Калі няма хіджры, яны заклікаюць стварыць яе ў сябе дома. Адсюль смяротнікі-адзіночкі, якія, выкарыстоўваючы падручныя сродкі, здзяйсняюць тэракты. Я называю гэтую тактыку радыкалаў «джыхадам крокавай даступнасці», — заўважыў Андрэй Сярэнка.
Чорны крэатыў
«Сёння асноўнае папаўненне ІД — гэта не баевікі з Сірыі і Ірака, а моладзь, якая сімпатызуе ідэалогіі джыхаду па ўсім свеце. Большасць прыхільнікаў ІД — людзі да трыццаці гадоў. Вядомыя выпадкі вярбоўкі школьнікаў старшых класаў», — тлумачыць Амар Несар. Новых прыхільнікаў радыкальныя ісламісты прыцягваюць праз інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, месенджары, асабліва папулярныя сярод моладзі. Пераконваюць, спасылаючыся на «аўтарытэтаў»: Усаму бен Ладэна, Аймана аз-Завахіры і іншых тэрарыстаў, якія быццам бы не звязаны з ІД. Але ідэолагі абавязкова ўдакладняюць: усіх радыкальных ісламістаў аб'ядноўвае «барацьба з нявернымі».
«ІД ператварылася ў прывабную субкультуру. Моладзь бачыць у смерці, тэроры, перавазе, дамінаванні над іншымі сваю «эстэтыку», ідзе за гэтым «модным» цячэннем. Відавочна, што стваралі ідэалогію радыкальнага ісламізму крэатыўныя людзі. Прычым інтэрнэт — не самы галоўны інструмент вярбоўкі. Друкаваная прадукцыя па-ранейшаму распаўсюджваецца вялікімі накладамі», — падкрэсліў Андрэй Сярэнка. Сярод паслядоўнікаў тэрарыстаў нямала адукаваных людзей з высокім узроўнем даходаў. Не заўсёды слушны і стэрэатып, што да радыкальнага ісламу прымыкаюць толькі этнічныя мусульмане. У пацвярджэнне эксперт нагадаў нашумелую ў Валгаградзе гісторыю, калі малады чалавек з'ехаў ваяваць за ісламістаў у Сірыю. «Ён быў з інтэлігентнай сям'і, атрымаў вышэйшую адукацыю, ведаў некалькі замежных моў. Прыняў іслам. З'ехаў у Сірыю, дзе і загінуў», — заўважыў Андрэй Сярэнка.
Трывогу з нагоды збліжэння тэрарыстычных арганізацый б'е Расія. «Іх аб'яднанне можа прывесці да стварэння так званага гібрыднага тэрарыстычнага холдынга з магутнай рэсурснай базай і сур'ёзным дэструктыўным патэнцыялам», — заявіў раней кіраўнік антытэрарыстычнага цэнтра Службы знешняй разведкі Сяргей Кожацеў. Каб не дапусціць гэтага, ён заклікаў краіны перастаць дзяліць тэрарыстаў на «дрэнных» і «добрых». «Стаўка на маджахедаў у Афганістане ў свой час прывяла да ўзнікнення «Аль-Каіды» і тэрактаў 11 верасня ў ЗША, а супрацьпраўнае ўмяшальніцтва ў Іраку і Сірыі спрыяла стварэнню ІД і «Джабхат ан-Нусры», — адзначыў кіраўнік антытэрарыстычнага цэнтра. З нагоды магчымага зліцця груповак выказвае апасенні і генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрэш. «Гатоўнасць некаторых членаў сетак ІД і «Аль-Каіды» падтрымліваць аперацыі адзін аднаго па-ранейшаму выклікае заклапочанасць», — адзначыў генсек.
Ад Філіпін да Коста-Рыкі
Як адзначыла ў рэдакцыйным артыкуле The Tіmes, хоць ІД засталася без тэрыторыі, групоўка не страціла небяспекі. Арганізацыі, звязаныя з «Ісламскай дзяржавай», дзейнічаюць і ў многіх рэгіёнах свету. Газета прыводзіць доўгі спіс краін, сярод якіх — Самалі, Емен, Малі, Буркіна-Фасо, Чад, Лівія, Афганістан. Да таго ж у Нігерыі і Нігеры шырокія тэрыторыі кантралюе так званая Ісламская дзяржава Заходняй Афрыкі, колішняя групоўка «Бока Харам». Нядаўна чорны сцяг ІД вывесілі нават у Коста-Рыцы. Усё гэта пацвярджае, што праект радыяльных ісламістаў не прывязаны да канкрэтнага месца, а развіваецца ў сусветным маштабе.
Новы імпульс атрымаў тэрарызм у Паўднёва-Усходняй Азіі. Пры тым, як адзначаюць эксперты, што рабіць з гэтай пагрозай, у рэгіёне не ведаюць. Тэракты ў Паўднёва-Усходняй Азіі з'ява частая, хоць у заходняй частцы свету на іх не прынята звяртаць увагу. Напрыклад, быў практычна не заўважаны студзеньскі выбух у каталіцкай царкве на філіпінскім востраве Хола, у выніку якога загінулі 20 чалавек. Між тым адказнасць за тэракт узяла на сябе «Ісламская дзяржава». Двума гадамі раней баевікі-прыхільнікі ІД захапілі тагальскі горад Мараві, зладзілі масавую разню мясцовых жыхароў і абвясцілі аб стварэнні эмірата. Армія некалькі месяцаў не магла справіцца з тэрарыстамі, нягледзячы на перавагу ў тэхніцы і ўзбраенні.
Свае радыкальныя ісламісты ёсць у Малайзіі, Інданезіі, Тайландзе. Частка з іх далучылася да халіфата на Блізкім Усходзе, а цяпер, пасля яго разгрому, вяртаецца дадому. Як вядома, лідары ІД яшчэ ў перыяд свайго росквіту разглядалі Паўднёва-Усходнюю Азію як другі цэнтр будучага глабальнага халіфата. І нездарма — тут пражываюць 62 працэнты мусульман свету, захоўваецца партызанская інфраструктура пасля грамадзянскіх войнаў XX стагоддзя і «кіпрыя» межы. Нягледзячы на неверагодны эканамічны ўздым макрарэгіёна за апошнія дзесяцігоддзі, застаецца заўважная доля маламаёмнага насельніцтва, якое лёгка радыкалізуецца і ахвотна папаўняе паўстанцкія атрады. Але пакуль аб кансалідаванай стратэгіі барацьбы з тэрарызмам у стратэгічным і надзвычай уразлівым да шырокага распаўсюджвання радыкальнай ідэалогіі рэгіёне гаворкі не ідзе.
Эксперты, знаёмыя з сакрэтнымі разведданымі аб дзеяннях «Ісламскай дзяржавы», заклікаюць не спяшацца са святкаваннем перамогі над радыкаламі. Свету можа пагражаць другая хваля ісламскага тэрарызму, заявіў генеральны сакратар Інтэрпола Юрген Шток, паведаміла «Нямецкая хваля». Ён назваў магчымую сітуацыю «Ісламскай дзяржавай версіі 2.0». Міністр абароны Германіі Урсула фон дэр Ляен расказала, што ІД сыходзіць глыбока ў падполле і наладжвае сувязі з іншымі тэрарыстычнымі групоўкамі. А кіраўнік брытанскай разведкі МІ-6 Алекс Янгер заўважыў, што «ваенны разгром «халіфата» не азначае, што мы адвялі пагрозу з боку тэрарыстаў. Мы назіраем, як ён відазмяняецца і распаўзаецца. Гэта традыцыйная форма тэрарыстычнай арганізацыі». Камандуючы сіламі кааліцыі на чале з ЗША генерал-палкоўнік Пол Лакамера падкрэсліў: «Не трэба памыляцца: ІД захоўвае сваю сілу. Яны чакаюць зручнага моманту, каб выступіць зноў». Ён адзначыў, што цяпер варта прыняць меры, каб ліквідаваць умовы, у якіх адраджэнне ІД было б магчымае. «Мы павінны падвоіць намаганні па барацьбе з іх ідэалогіяй», — заўважыў Лакамера. Пакуль жа, на жаль, невядома, дзе матэрыялізуецца злавесны прывід «халіфата». Як вядома, лягчэй выпусціць джына з бутэлькі...
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty