За два апошнія месяцы ў Гомелі зафіксавана дзве дзіцячыя смерці ад менінгіту. У лютым ад гэтай хваробы памёр двухгадовы хлопчык, а ў сакавіку — ад імгненнага цячэння той жа інфекцыі загінула [4] 16-гадовая школьніца. Як распазнаць небяспечную хваробу, галоўнае правіла якой — неадкладная шпіталізацыя, расказала ўрач-інфекцыяніст 3-й дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Юлія МІЛЬКО.
— Юлія Васілеўна, што гэта за хвароба?
— Менінгіт — гэта запаленне абалонак галаўнога і спіннога мозгу, у прыватнасці мяккай мазгавой абалонкі, але можа паражацца і мазгавая тканка. Гэта інфекцыйнае захворванне. Па этыялогіі яно вельмі разнастайнае: выклікаць яго могуць вірусы, бактэрыі, у больш рэдкіх выпадках — грыбы ці, напрыклад, гельмінты.
— Які менінгіт распаўсюджаны ў нас?
— Бактэрыяльны — ён сустракаецца ў 88—95 % выпадкаў. У 65 % яго ўзбуджальнікам з'яўляецца менінгакок, у 20 % — пнеўмакок, у 10 % — гемафільная інфекцыя (тып B), у астатніх 5 % іншыя бактэрыяльныя ўзбуджальнікі.
— Як ім можна заразіцца?
— Паветрана-кропельным шляхам ад чалавека, які з'яўляецца бессімптомным носьбітам ці хварэе на вострую рэспіраторную інфекцыю.
— Гэта значыць ад абсалютна любога хворага на вострую рэспіраторную інфекцыю можна заразіцца менінгітам?
— Хутчэй гэта так павінна «пашчасціць». Бо адна і тая ж інфекцыя ў пэўнага чалавека выклікае толькі насмарк, у кагосьці — фарынгіт, бранхіт ці пнеўманію, а ў іншага будзе менінгіт.
— Ёсць меркаванне, што спецыфічныя паломкі ў імунітэце спрыяюць захворванню на менінгіт...
— Абсалютна правільна. Нехта можа быць бессімптомным носьбітам гэтай хваробы і не ведаць пра гэта, а іншы будзе хварэць на менінгіт, і гэта залежыць ад генетычных паломак.
— У якім узросце дзеці часцей хварэюць на менінгіт?
— Такой статыстыкі няма, бо да гэтага захворвання схільныя ўсе. У дзяцей да трох месяцаў свая панэль схільнасці да пэўных інфекцыйных хвароб, у больш старэйшых — свая. Улічваючы вакцынацыю, у тых дзетак, хто прышчэплены ад найбольш распаўсюджаных узбуджальнікаў — пнеўмакока і гемафільнай інфекцыі, — змяншаецца рызыка развіцця менінгіту.
— Яны ўваходзяць у нацыянальны каляндар прышчэпак?
— Прышчэпка супраць пнеўмакоку робіцца толькі па паказаннях. А прышчэпка супраць гемафільнай інфекцыі (тып В), якая можа выклікаць менінгіт, ёсць у календары абавязковых прышчэпак. Калі яе ўнеслі туды некалькі гадоў таму, захваральнасць на менінгіт пачала зніжацца.
— Часта дзяцей палохаюць, што калі не насіць шапку, можна захварэць на менінгіт. Гэта так?
— Пераахалоджанне, канешне, выклікае зніжэнне нашых абаронных бар'ераў, аслабленне імуннай сістэмы. Аднак гэта не значыць, што вы абавязкова захварэеце на менінгіт. Для гэтага трэба сустрэцца з узбуджальнікам.
— Галоўная небяспека менінгіту — яго хуткае развіццё, калі можна не паспець дапамагчы...
— Так, існуюць імгненныя формы менінгіту з менінгакакцэміяй, асабліва гэта характэрна, калі ўзбуджальнік — менінгакок. Клініка ў такіх выпадках развіваецца імкліва — на працягу шасці гадзін, і маці з дакладнасцю да гадзіны можа ўказаць, калі дзіця захварэла.
А вось вірусныя менінгіты, у адрозненні ад бактэрыяльных, лепш паддаюцца лячэнню, у іх больш лёгкае цячэнне, менш ускладненняў і наступстваў. Часта нават не патрабуецца прызначэнне антыбіётыкаў, дастаткова дыягнастычнай пункцыі (забору спіннамазгавой вадкасці з пазваночнага канала), якая прыносіць хвораму аблягчэнне.
— Як распазнаць, што ў дзіцяці менінгіт?
— Для ўсіх тыпаў гэтай інфекцыі характэрныя пэўныя сімптомы. Першы — галаўны боль распіраючага характару, які цяжка купіруецца. Другі — высокая ліхаманка, як правіла, тэмпература цела паднімаецца вышэй за 38,5, часцей за ўсё 39-40 градусаў, і не збіваецца гарачкапаніжальнымі сродкамі. Трэці сімптом — рвота, якая не прыносіць аблягчэння, без млоснасці і расстройства стулу. Ёсць і спецыфічныя сімптомы, яны могуць быць як слаба выражаны, так і моцна. Гэта сімптомы Брудзінскага, Керніга, так званая рыгіднасць патылічных мышцаў, урачы іх добра ведаюць. Яны з'яўляюцца раннімі прыкметамі раздражнення мазгавых абалонак пры менінгіце. У маленькіх дзетак таксама можа быць прыпуханне вялікага цемечка.
— Чаму ў нас не робяць прышчэпкі хоць бы ад самага небяспечнага ўзбуджальніка — менінгакока?
— Створана вакцына ад менінгакока тыпаў А, В і С. У нас пераважае тып В. Але ў Беларусі такіх вакцын пакуль няма.
— Як тады засцерагчы дзіця ад гэтага захворвання?
— Меры прафілактыкі такія ж, як і для любой інфекцыі. Самы небяспечны ўзбуджальнік інфекцыі — менінгакок — няўстойлівы ў навакольным асяроддзі, таму варта праветрываць пакой, многія бацькі маюць бактэрыцыдныя лямпы, тады не пашкодзіць кварцаванне. Карысныя прагулкі на свежым паветры, рацыянальнае харчаванне, агульнае загартоўванне. У халодны перыяд лепш пазбягаць месцаў, дзе вялікая колькасць людзей, з маленькімі дзецьмі старайцеся менш карыстацца грамадскім транспартам. Усялякія мерапрыемствы накшталт хрысцін лепш праводзіць не дома.
— Хвароба лечыцца толькі ў стацыянары?
— Абавязкова ў стацыянары, бо перш за ўсё там маюцца ўмовы для рэанімацыі. Дарэчы, лёгкае цячэнне менінгіту спачатку нагадвае цяжкую вірусную інфекцыю, таму часта бацькі адмаўляюцца ад шпіталізацыі. Потым выклікаюць хуткую дапамогу, бо дзіцяці становіцца горш. Тут трэба праяўляць насцярожанасць, не адмаўляцца ад шпіталізацыі, бо пры менінгіце час ідзе не на дні, а на гадзіны. Чым раней будзе аказана дапамога, тым больш шанцаў на выздараўленне без наступстваў і ўскладненняў.
У тэму
Як паказвае практыка ва ўсім свеце, выратаваць хворага з імгненным цячэннем менінгакокавай інфекцыі ўдаецца не заўсёды. І такое развіццё хваробы можа быць звязана з пэўнымі няпростымі дэфектамі ў імуннай сістэме чалавека, расказвае прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сяргей ЖАВАРОНАК. Такія людзі, напрыклад, хварэюць на імгненныя формы грыпу.
Сігналам для выкліку хуткай дапамогі павінна стаць трыяда сімптомаў: моцны галаўны боль, высокая тэмпература, рвота (у дзяцей і пажылых яе можа не быць). Калі да гэтага дадаецца сып на нагах і ягадзіцах, які паступова нарастае, гэта вельмі грозны сімптом.
— Чалавек у выніку гіне не ад менінгіту, а ад кровазліцця ў наднырачнікі, — кажа Сяргей Жаваронак.
За апошнія гады захваральнасць на менінгіт істотна зменшылася. Калі раней штогод ад імгненных формаў гэтай інфекцыі гінула 28—30 чалавек, то цяпер — 10—12.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] http://zviazda.by/be/news/20190315/1552641661-meningakokavaya-infekcyya-vyklikala-smerc-gomelskay-shkolnicy
[5] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya