...Прадвесне было — як чалавечы настрой: рэдкія сонечныя гадзіны змяняліся пранізлівымі вятрамі, адлігі — замаразкамі, а то і маразамі. Тым не менш прырода брала сваё: наша рэчка Клява, хай пакрысе, але ўсё ж вызвалялася ад лёду, і мы, вяскоўцы, ужо чакалі сваіх вешчуноў вясны — двух белых лебедзяў.
Апошнім часам яны прыляталі да нас штогод. Прыляцелі і сёлета. Мы, вядома ж, нечым частавалі іх, любаваліся. А яны, здавалася, ні на што не звярталі ўвагі: хораша купаліся, ускідваючы на сябе струмені чыстай вады: мілаваліся і заўжды былі побач, пакуль...
У адну з начэй раптам моцна пахаладала. Ваду ў рацэ, а з ёю і птушак (!) прыхапіла лёдам і для таго, каб выбрацца з палону, у іх не хапала сіл.
Людзі, на шчасце, убачылі гэта, а вось як дапамагчы, даўмецца не маглі. Сярэдзіна рэчкі досыць глыбокая, лёд крохкі...
Аднаму з нашых мужчын удалося дакінуць да птушак кавалачак хлеба: лябёдка, памкнуўшыся да яго і раз, і другі, і трэці, такі вызвалілася з нечаканай пасткі! А вось сябру яе гэта ніяк не ўдавалася.
Не кінуліся на дапамогу лебедзю і нашы ратавальнікі, служба ахова прыроды.
Што заставалася нам, вяскоўцам? Ды хіба спадзявацца, што пацяплее, лёд падтане і птушка сама зможа выбрацца на волю. Аднак час ішоў, а на дварэ зусім не цяплела. Побач з «палонным» заставалася хіба яго сяброўка. Сваёй доўгай дзюбай яна з усіх сіл старалася падсунуць яму кавалачкі ежы...
Гэта зноў падштурхнула да дзеяння: мы пайшлі шукаць мужчын-рыбакоў, у якіх былі воданепранікальныя касцюмы, сталі прасіць, каб тыя дапамаглі выратаваць птушку.
Дзякаваць богу, угаворваць іх доўга не прыйшлося: лебедзь апынуўся на волі, побач са сваёй сяброўкай!..
Іх прыгожая парачка яшчэ некалькі дзён упрыгожвала водную роўнядзь ракі, а потым паплыла на месца пастаяннага гнездавання, пакінуўшы нам, людзям, светлы ўспамін і пра сябе, і пра нас — нераўнадушных, гатовых дапамагчы.
Ніна Бурко, Бярэзінскі раён
...У пашпартах многіх маіх знаёмых значыцца, што нарадзіліся яны ў вёсцы Агароднікі Нясвіжскага раёна. Запіс гэты, вядома ж, праўдзівы, вёска такая была. І лёс яе досыць трагічны.
Нясвіжчыну немцы захапілі ў першыя дні вайны. Амаль адразу яны ўвялі каменданцкую гадзіну і за парушэнне вельмі строга каралі. З вёскі відаць былі дзве шыбеніцы, якія з'явіліся на гарадской плошчы... Да таго ж у людзей забіралі скаціну, прадукты, моладзь прымусова вывозілі ў Германію.
Сведак таму засталося мала: Ірыне Рыгораўне Шумейцы і Аркадзю Аляксандравічу Язэпчыку было тады па дзевяць гадоў, але іх дзіцячая памяць захавала многае. Расказвалі, як увосень 1941-га ўсіх яўрэяў, разграбіўшы іх жыллё ды маёмасць, гвалтоўна сагналі ў гета, а пазней, пад канвоем аўтаматчыкаў, прыгналі ў парк каля замка, прымусілі капаць там доўгую глыбокую канаву. Потым, каля гатовай, паставілі людзей і пачалі расстрэльваць.
Забітых і параненых скідвалі ў роў і засыпалі зямлёй. Расказвалі, што яна, прамочаная крывёй, яшчэ доўга варушылася, былі чутны стогны і плач. Выратавацца ніхто не змог, загінула каля паўтары тысячы чалавек...
Пачатак лета 1944-га выдаўся цёплым, але не менш трывожным. Усе спадзяваліся на добры ўраджай, а яшчэ больш — на перамогу над ворагам. Фашысты ўжо адчувалі сваё паражэнне і хуткую пагібель, ад чаго рабіліся ўсё больш і больш агрэсіўнымі: адступаючы, яны палілі і ўзрывалі ўсё, што можна было.
У першыя дні чэрвеня вяскоўцам стала вядома, што немцы рыхтуюць авіяналёт на Агароднікі з мэтай іх поўнага знішчэння. Паводдаль, у полі, жыхары ўзяліся будаваць зямлянкі, у якіх можна было б затаіцца падчас бамбёжак. Усе, вядома ж, разумелі, што толк з іх невялікі, што схавацца там можна толькі ад куль ды асколкаў, а вось ад бомбы — наўрад.
І тым не менш кожная сям'я мела такую схованку, усім, вядома ж, хацелася выжыць. А таму, пачуўшы гул самалётаў, людзі беглі ў бок сваіх «нораў», у іх жа часам заставаліся начаваць. А раніцай выходзілі, каб пакарміць скаціну, што-небудзь зрабіць па гаспадарцы. Па гуле навучыліся адрозніваць, чый самалёт на падлёце — варожы ці свой.
Дзень 6 чэрвеня 1944-га быў цёплы, нішто не прадказвала бяды, але...
Апоўначы пачуўся страшны гул нямецкіх самалётаў, якія накіроўваліся на вёску. З іх паляцелі запальныя бомбы, сталі шалёна стракатаць кулямёты. Адзін за другім пачалі загарацца дамы, гаспадарчыя прыбудовы, платы, трава. А ўрэшце гарэла ўсё, што людзі будавалі, набывалі і нажывалі. Хмары чорнага дыму закрывалі неба над вёскай. Чуўся жудасны крык, стогны, плач жанчын і дзяцей. Па вуліцы, па гародах мітусіліся спуджаныя коні, каровы, авечкі ды іншая жыўнасць.
Самалёты між тым рабілі заход за заходам, бомбы пачалі разрывацца каля зямлянак, людзі кінуліся разбягацца ў розныя бакі. Па іх стракаталі кулямёты.
Скінуўшы смертаносны груз, самалёты праляцелі над тым, што надоечы называлася вёскай. Агароднікі былі спалены, можна сказаць, дашчэнту: ацалелі хіба што дзве хаты наводшыбе.
...Пасля бамбёжкі тыя, хто выжыў, сабраліся на пажарышчы і недалічыліся многіх. Амаль поўнасцю загінула сям'я вядомага ў акрузе печніка
Міхаіла Шкрабы (застаўся толькі малы сынок). Іван Шыбіцкі ў тую ноч страціў сына, дзвюх дачок, жонку і брата. Сям'я Аляксандра Цара загінула поўнасцю...
Гэтыя людзі не дажылі да вызвалення ад захопнікаў усяго нейкі месяц: вечарам 4 ліпеня 1944-га Нясвіж быў поўнасцю вызвалены ад ворага.
...Сёння адбудаваная вёска Агароднікі — ужо горад. Аб чэрвеньскай трагедыі 1944-га напамінае дагледжаны помнік — ахвярам фашызму, жыхарам вёскі.
Аляксандр Макась, г. Нясвіж
Лёс не лес, на кані — не аб'едзеш. І сапраўды, больш за 27 гадоў са сваіх 85 я жыву адна. Муж загінуў, і я, каб хоць трохі разнастаіць жыццё, завяла ката.
Спачатку шмат увагі ўдзяляла яго выхаванню: прывучвала да латка, адвучвала «нападаць» на вазоны і вастрыць кіпцюры аб канапу... Дапамаглі мне ў гэтым звычайная «Зорачка» і «Доктар Мом» з пахам мяты.
Поўсць падчас лінькі я прылаўчылася збіраць вільготнай гумовай пальчаткай, месцы кашачых «метак» — праціраць анучкай, змочанай у вадзе з воцатам, вазоны — час ад часу апырскваць слабым растворам лімона — ён таксама адпуджвае ката.
А вось падтрымлівае яго рознае зяленіва. Зімой я насыпаю ў талерку насенне пшаніцы (аўса, ячменю або травяную сумесь), перамешваю яго з зямлёй, рэгулярна паліваю. Тыдні праз два зялёная вітамінная дабаўка гатова. Я з замілаваннем гляджу, як пацешна мой Афоня садзіцца на заднія лапы, калі цягнецца па ласунак, як акуратненька адсоўвае ад сябе няўдалую страву.
Кот, куды б я ні ішла, праводзіць мяне і, вядома ж, заўсёды сустракае. Ён самы ўважлівы слухач (і, дарэчы, выдатна разумее слова «нельга»), а да таго — цудоўны псіхатэрапеўт: заўсёды адчувае мой настрой, ведае, што мне баліць, і кладзецца на хворае месца.
Альбо я сама, калі павышаецца ціск ці расколваецца галава, проста гладжу ката па цёплай спінцы альбо каўняром кладу яго сабе на шыю. Дзейнічае не горш за таблеткі! І таму я веру нямецкім вучоным, якія прызналі, што наяўнасць у хаце ката павышае працягласць жыцця ў сярэднім на дзесяць гадоў.
Высновы зрабіце самі.
Соф'я Кабарыха, в. Паланечка, Баранавіцкі раён
Гэта было даўно, але ж помніцца дагэтуль.
У святочны дзень чацвёра знаёмых супрацоўніц-дзяўчат разам схадзілі ў кафэ. І добра, як быццам, пасядзелі там, але ж ім здалося, што мала, таму па дарозе нехта прапанаваў зайсці да Віктара, старога халасцяка, з якім разам працавалі і які жыў зусім непадалёк...
Сказана — зроблена: зайшлі, пабылі. І назаўтра раніцай, сустрэўшыся на працы, ва ўсю моц абмяркоўвалі свой «візіт»: маўляў, у Віктара і тое не так, і гэта не гэтак. Успаміналі, як дзяцюк частаваў іх, як з-пад ложка чамусьці даставаў віно, там жа ён трымаў посуд...
Карацей, тройка дзяўчат (чацвёртая з іх на гадзіну адпрасілася з працы, каб узяць даведку ў басейн) ад душы нарагаталася, калі дзверы ў пакой адчыніліся і з парога прагучала:
— Дзяўчаты, вы ж ведаеце, дзе я была?
— Ведаем... Ты казала, што ў венералагічны дыспансер па даведку хадзіла.
— А ведаеце, каго я там сустрэла?
— ?
— Віктара!
У пакоі павісла цішыня, і колькі яна там «вісела», я сказаць не бяруся.
...Ніякіх наступстваў ад візіту ні ў кога з гэтай кампаніі, вядома ж, не было, аднак да Віктара дзяўчаты болей не хадзілі. Ды і да іншых халасцякоў — на ўсякі выпадак — таксама.
Яўген Шастакоў, г. Гомель
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/poshta
[3] https://zviazda.by/be/tags/chytachy
[4] https://zviazda.by/be/tags/z-redakcyynay-poshty