Моцныя творчыя сем'і, можна сказаць, нефармальны брэнд Нацыянальнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Тут шмат сямейных пар, і насуперак стэрэатыпам аб неверагоднай лёгкадумнасці артыстаў, многія з іх адзначылі ўжо сярэбраныя юбілеі сямейнага жыцця. Вось і галоўны рэжысёр Нацыянальнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Міхаіл Панджавідзэ і яго жонка — салістка оперы Кацярына Галаўлёва ў красавіку адзначаць стальное вяселле.
— Вы пазнаёміліся ў Вялікім тэатры Расіі, дзе абодва служылі. А калі зразумелі, што прабегла тая самая іскра?..
Міхаіл Панджавідзэ: — Усё кажуць аб гэтай іскры, але нічога паміж намі не бегала. Не было ніякіх узрушэнняў! Каця ў Вялікім тэатры Расіі працавала з пятага курса кансерваторыі, а я прыйшоў стажорам. Даў сабе зарок: пакуль не буду ў штаце тэатра — ніякіх інтрыжак або раманаў! А калі мяне прынялі на работу, то Каця аказалася першай жанчынай, на якую я сур'езна звярнуў увагу. Усё было вельмі спакойна: пагутарылі, закахаліся, я заляцаўся, а потым, як мае быць, пайшоў да Каціных бацькоў — сватацца. Праўда, мы шмат гадоў пражылі без штампаў у пашпартах, проста не было калі ўладзіць гэтую фармальнасць. Так што 11 гадоў — гэта афіцыйная лічба, а рэальная — 20.
— У вас абодвух гэта другі шлюб, у кожнага на момант вашай сустрэчы ўжо было дзіця. Гэта не ўскладняла адносіны?
Кацярына Галаўлёва: Не, дзеці неяк адразу сталі агульнымі.
— Прапанова перабрацца ў Мінск была для вас нечаканай?
М. П.: — У пэўнай меры, так. Спачатку мяне запрасілі зрабіць адну пастаноўку, гэта была опера «Набука». Тады тэатр толькі адкрыўся пасля працяглай рэканструкцыі, і мне было цікава паспрабаваць усе сучасныя тэхнічныя магчымасці, якія толькі з'явіліся ў беларускім Вялікім. А пасля паспяховай прэм'еры атрымаў запрашэнне ў Мінск...
— Лёгка адважыліся на пераезд?
М. П.: — За 15 гадоў, вядома, прывык да Вялікага ў Маскве. Але сам па сабе пераезд не быў праблемай. Напэўна, было складана вырашыцца памяняць уклад жыцця. Але адаптацыя прайшла хутка, і ў Мінску я адчуваю сябе досыць камфортна. Складаней было сыну — Сярожу на той момант споўнілася 13 гадоў, у Маскве ў яго засталіся сябры, напачатку ён нават ездзіў да іх на выхадныя. Цяпер у яго сябры і там, і тут.
К. Г.: — У Маскве заўсёды марыла працаваць у Вялікім. На гэты конт можна гаварыць шмат пафасных слоў, але не апошнюю ролю адыгрывала тое, што мне было зручна дабірацца да тэатра на метро. (Усміхаецца.) На момант запрашэння Міхаіла ў Мінск мяне нішто не стрымлівала ў Маскве: у тэатры для мяне практычна не было работы. А жыць на дзве краіны няпроста. Мінск мне спадабаўся адразу — утульны, прыгожы і спакойны горад. А ў беларускім Вялікім і тады быў дастаткова насычаны рэпертуар, і цяпер ён застаецца багатым.
— Раскажыце, чым займаюцца вашы старэйшыя дзеці?
М. П.: — Маша працуе ў Маскве. Два гады вучылася на рэжысёра, а потым сказала: не жаночая гэта справа! Цяпер яна займаецца арганізацыяй гарадскіх свят, на ўсіх этапах — ад задумы да ўвасаблення. Вырашыла вучыцца на прадзюсара. Пытаюся ў дачкі: «Маша, прадзюсар — хіба жаночая прафесія?» Адказала: прадзюсары суцэльна жанчыны, а рэжысёры — мужчыны... Маша выйшла замуж, але пакуль я яшчэ не дзед.
Сярожа атрымаў вельмі добрую адукацыю ў Беларусі — у ліцэі пры Акадэміі музыкі. Потым ён вучыўся на акцёрскім у Акадэміі мастацтваў, але забраў дакументы, калі яго не перавялі на бясплатнае навучанне. Хлопец ён творчы, цяпер спрабуе сябе як эстрадны спявак і аранжыроўшчык. Тым не менш з сынам у мяне была сур'ёзная размова. Я прама сказаў яму: калі ў верасні ён паступае вучыцца, прычым свядома, а не для таго, каб «адкасіць» ад арміі, то я яму дапамагаю матэрыяльна. Калі не, значыць, пераходзіць на самазабеспячэнне ці ідзе служыць. У 21 год хлопец не павінен сядзець на шыі ў бацькоў! Каця, вядома, са мной не згодная...
К. Г.: — Калі б Сярожа мог служыць у Беларусі, то я не была б так катэгарычна супраць арміі. У сына расійскае грамадзянства, і я баюся, каб ён не апынуўся ў якой-небудзь «гарачай» кропцы. А ў тым, што трэба або вучыцца, або працаваць, вядома, падтрымліваю мужа.
— Давайце пагаворым аб вашай малодшай дачушцы. Колькі ёй гадоў?
М. П.: — Сашачцы пяць з паловай, ужо цяпер бачу ў ёй цікавую асобу. Пакуль ходзіць у садок. З наступнага года аддам займацца ў музычную школу і на харэаграфію. А вось з агульнаадукацыйнай школай — пытанне. Мы не ўпэўненыя, што ў шэсць гадоў трэба ісці вучыцца. Па-мойму, ёй яшчэ хочацца гуляць. І потым: да каго яна патрапіць? Як гэта магчыма загадзя даведацца? Нельга ж выбраць ні педагога, ні школу, — усё па рэгістрацыі. Я баюся, што дачка трапіць да настаўніка старой загартоўкі, які можа «паламаць» дзяцей, ператвараючы ў зручных для сябе. Зламаць, ведаеце, лёгка, а вось як потым скласці? Або будзе патрабаваць, каб кожнае дзіця ўдзельнічала ў прадметных алімпіядах, збірала тоны макулатуры і г. д. Так што пакуль, думаю, абмяжуемся музыкай — там з малымі займаюцца ў гульнявой форме. Я вось яшчэ разважаю аб вывучэнні замежных моў. Нас у школе вучылі граматыцы, але мы не ўмелі размаўляць. Вусную гаворку потым прыйшлося наганяць ужо ў дарослым жыцці. Ці магчыма наогул у школе вывучыць хоць бы азы замежнай мовы?..
К. Г.: — Мы ўжо сутыкаліся з тым, што дзяцей у школе падзяляюць па паспяховасці, па сацыяльным статусе бацькоў і матэрыяльным становішчы сям'і. І іх гэта траўмуе. Таму мы разглядаем варыянт дыстанцыйнага навучання. У пачатковай школе простая праграма, так што пры неабходнасці зможам дапамагчы. Саша — гіперактыўнае дзіця, у школе ёй будзе цяжка выседзець 40 хвілін, склаўшы рукі на парце. Нам не хочацца пазбаўляць дачку дзяцінства.
— Аляксандра з'явілася, калі вам было ўжо за сорак... Кажуць, што познія дзеці амалоджваюць бацькоў?
М. П.: — Адказнасці пасля сарака больш, чым у маладыя гады. Гэта не выпадковыя, а жаданыя дзеці. Мы ўжо былі прафесійнымі бацькамі! Дзеці — радасць і каласальны стымул для жыцця. Няважна, як ты сябе адчуваеш, але ў сем раніцы трэба ўстаць, сабраць дачку ў садок. Маленькае дзіця прымушае трымацца бадзёра.
К. Г.: — Пасля спектакля няма сіл нават размаўляць, не тое што гуляць. Але дзіця не павінна гэтага адчуваць. Толькі калі сама стала мамай, зразумела, што і маім бацькам часам было не да маіх «чаму, пагуляй, пачытай», але яны ніколі ад мяне не адмахваліся. Сям'я, мне здаецца, і трымаецца на зносінах — ці то чытанне казкі, ці то абмеркаванне, як правесці выхадныя.
— Кацярына, а спраўляцца з хатнімі справамі вам хто-небудзь дапамагае?
К. Г.: — Часам да нас прыязджаюць мая або Мішына мама. Бабулі любяць песціць унукаў, што-небудзь смачненькае прыгатаваць. А калі вы пытаеце пра домработніцу або пастаянную няньку, то гэта не наш выпадак. У нас не бывае вэрхалу, але і вось так, як я люблю, каб усё было на сваіх месцах, нядоўга трымаецца. Калі Саша сваволіць з сабакам, а ў нас бардоскі дог, то цацкі раскіданыя па ўсёй кватэры. І гэта нармальна, таму што дом — гэта тое месца, дзе людзям камфортна, а не нейкая стэрыльная тэрыторыя.
М. П.: — Каця выдатна гатуе! Прычым складаныя стравы, да якіх многія жанчыны нават баяцца падступіцца. Калі Каця гатуе боршч, то сапраўдны! А які цудоўны плоў! Усе сябры, якія бываюць у нас у гасцях, кажуць, што ў жонкі цудоўная кулінарная інтуіцыя. Яна не глядзіць у рэцэпт, а нейкім толькі ёй вядомым спосабам адгадвае ідэальныя прапорцыі прадуктаў, спецый.
— Напэўна, раніцамі песціце сям'ю смачнымі сняданкамі?
К. Г.: — Рэжым дня ва ўсіх настолькі розны, што разам снедаць і нават вячэраць ніяк не атрымліваецца. Усе гэтыя складаныя стравы я гатую толькі ў выхадныя, у звычайныя дні — усё спрашчаецца. Часам у кафэ сілкуемся, купляем што-небудзь у кулінарных аддзелах, — як атрымліваецца. Сярожка, дарэчы, добра гатуе. На шчасце, сям'я ўсёедная, непераборлівая.
— Міхаіл Аляксандравіч, вас запрашаюць іншыя тэатры для пастаноўкі спектакляў. На колькі звычайна прыходзіцца з'язджаць і ці паспяваеце замаркоціцца?
— Камандзіроўка доўжыцца не менш за месяц, і, вядома, сумую па сям'і. Як гаворыцца, разам цесна, а паасобку — сумна. Балазе, сучасныя сродкі сувязі дазваляюць і чуць, і бачыць родных.
— Кацярына, зазірнула ў ваша дасье: там зусім мала гастроляў. Не любіце ездзіць?
— Ездзіць, глядзець свет я якраз люблю. Гэта добра ў адпачынку з сям'ёй. А гастролі — гэта іншае. Не магу сказаць, што я такая неспакойная мама, якая кожную хвіліну будзе тэлефанаваць дзіцяці, але, калі еду, сэрца не на месцы: а як там яны?.. Нашы бацькі ў тым узросце, калі яны могуць дапамагчы, але не ўзваліць на сябе дом і дзяцей. Значыць, трэба на час гастроляў запрашаць няньку. У выніку я нервуюся ўсю паездку, а заробленыя грошы павінна аддаць няньцы. Так што ў гэтым няма сэнсу. Я люблю спяваць, люблю сцэну, але, напэўна, я не кар'ерыстка. Калі можна адмовіцца ад гастроляў, я адмоўлюся дзеля сям'і. І гэта ніякая не ахвяра — гэта мой выбар.
— Міхаіл Аляксандравіч, нядаўна вас віншавалі з 50-годдзем. Такі юбілей — нагода падвесці нейкія прамежкавыя вынікі. Вы задаволеныя тым, як склалася асабістае жыццё?
— Я выхоўваўся на пэўных каштоўнасцях. Напрыклад, павінен быць адзін шлюб. Прычым не ўхваляўся ні ранні шлюб, ні познія дзеці... Але ў мяне — усё не «па сцэнарыі». Два шлюбы, першае дзіця з'явілася рана — у 20 гадоў, апошняе — позна, у 45... Так, бацькоўскія наказы — правільныя. Але гэта не адмаўляе таго, што я шчаслівы, бо са мной — Каця і нашы дзеці. Калі б жыццё склалася па правілах — яно было б іншым.
* * *
Творчае жыццё Панджавідзэ-рэжысёра таксама ўдалося. Дзякуючы пастаноўкам Міхаіла Аляксандравіча беларуская опера ажыла, яго спектаклі даўно заваявалі сэрцы публікі... Міхаіл Панджавідзэ — уладальнік медаля Францыска Скарыны, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За пастаноўкі ў іншых тэатрах рэжысёр таксама ўдастоены высокіх узнагарод, сярод іх — Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Татарстан.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[4] https://zviazda.by/be/tags/mihail-pandzhavidze