Гаворачы пра «сямейства Сухіх», людзі ў першую чаргу ўяўляюць самалёты: сканструяваны па заданні Сталіна СЗ-1, легендарны знішчальнік СУ-17, франтавы бамбардзіроўшчык СУ-24М, пасажырскі Sukhоі Suреrjеt 100 і дзясяткі іншых «стальных птушак». Нікому і думка ў галаву не прыходзіць пра «зямных» блізкіх геніяльнага авіяканструктара — жонку, дзяцей, унучак. А, між іншым, іх Павел Восіпавіч любіў не менш, чым работу.
Ён азірнуўся паглядзець
«Неяк увечары я вярталася са школы. Мяне апярэдзіў незнаёмы чалавек у ваенным шынялі, перафарбаваным у чорны колер, на галаве яго красавалася маленькая шапачка — «керанка». Я тады звярнула ўвагу на вялікія вочы незнаёмца і смешную «кавалерыйскую» хаду. Праз два дні гэты чалавек з'явіўся ў нашай школе і стаў выкладаць матэматыку. Я давала ў школе ўрокі французскай...» — так Соф'я Цянчынская ўспамінала сваю першую сустрэчу з Паўлам Сухім у палескім гарадку Лунінец. Абодвух лёс закінуў сюды выпадкова і зусім ненадоўга. Ужо праз год пасля знаёмства Сухі і Цянчынская вымушаны былі пакінуць Палессе і падацца на ўсход краіны: Лунінец уваходзіць у склад Польшчы. Вядома, што некаторы час Павел працаваў у чыгуначнай школе разам з бацькам, а пасля вярнуўся ў Маскву — працягваць вучобу ў адноўленым вышэйшым тэхнічным вучылішчы. Прыкладна тады ж у сталіцу адправілася і Соф'я — яе сястра рана аўдавела і засталася адна з маленькімі дзецьмі. Валоданне французскай мовай дапамагло маладой настаўніцы знайсці работу. Яна ўладкавалася ў Інстытут фізкультуры.
Другі раз лёс звёў іх на вуліцы, толькі не на ціхай палескай, а на гулкай маскоўскай. З таго моманту вырашылі не расставацца. У 1923-м пабраліся шлюбам і першым часам жылі ў маленькім пакойчыку Соф'і Феліксаўны. Жонка з самых першых дзён падтрымлівала мужа ў пачынаннях, перакладала замежную тэхнічную літаратуру для яго. Павел Восіпавіч быў апантаны сваёй справай: вучыўся, займаўся ў гуртку, падпрацоўваў у канструктарскім бюро Фаміна. Пры гэтым сям'я ў яго ніколі не была на другім месцы.
— Дзяцей — дачку Ірыну і сына Дзмітрыя, пляменнікаў — вельмі любіў. Шумныя вечарынкі ніколі яго не цікавілі. У даваенны час адпачываць Сухія ездзілі да сваякоў на Гомельшчыну. Вузкае сямейнае кола было найлепшай кампаніяй для Паўла і Соф'і, — расказвае Валерый ДРЫГА, педагог-арганізатар і куратар музейна-выставачнай дзейнасці Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога.
На стале ляжыць стос чорна-белых фотаздымкаў. На адным з іх знакаміты авіяканструктар зусім не такі, якім мы прызвычаіліся яго бачыць: замест касцюма і капелюша свабодная белая кашуля, твар кранула ўсмешка, поруч жонка з букетам рамонкаў. Ці вось яшчэ: ён ужо ва ўзросце — сярод зімовага лесу разам з унучкамі.
— «Асабістых» успамінаў пра Сухога засталося не так шмат. Біёграфы ў сваіх кнігах звесткі пра сям'ю даюць ускосна, больш пра самалёты пішуць, пра дасягненні.
А людзей, якія ведалі авіяканструктара ў яго «беларускі» перыяд жыцця, увогуле не засталося. Таму аднаўляць хроніку тых дзён даводзіцца па крупінках. Мне пашчасціла пазнаёміцца з унучкай Паўла Восіпавіча Марыяй Георгіеўнай. Разам спрабуем раскрыць таямніцы жыцця яе знакамітага дзядулі — яна ў Маскве, я ў Беларусі, — дзеліцца Валерый Аляксеевіч.
Вынік сумеснай работы — вялізны архіў з фота, кнігамі, лістамі. Тут жа, ва ўніверсітэцкім музеі, захоўваюцца дзясяткі асабістых прадметаў — ад дарэвалюцыйнага дапаможніка па арыфметыцы гімназіста Паўла да любімых туфель на абцасах яго жонкі Соф'і.
Прызнанне з водарам Сhаnеl
Як так сталася, што самая поўная экспазіцыя, прысвечаная жыццю сям'і Сухіх, аказалася ва ўніверсітэцкім музеі? Апантаны збіральнік і захавальнік музея спадар Дрыга толькі загадкава ўсміхаецца ў адказ.
— З Гомелем Сухога звязвала многае. Тут ён рос і фарміраваў свае погляды на жыццё, упершыню ўбачыў самалёты і «захварэў небам», некаторы час працаваў, а пасля прыязджаў адпачываць ад мітуслівай Масквы. Самае цікавае, што будынак гімназіі, дзе вучыўся Павел Восіпавіч, зараз займае... Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Чаму ж яму не прысвоілі імя знакамітага земляка? Па-першае, гэта ўніверсітэт наземнага транспарту, а дзе Сухі — там самалёты. Па-другое, менавіта ў нашай навучальнай установы даўно склаліся сяброўскія і пладавітыя адносіны з канструктарскім бюро Сухога ў Маскве. Быў час, калі нашых выпускнікоў туды нават на адпрацоўку забіралі, а таленавітым студэнтам плацілі імянныя стыпендыі. Па-трэцяе, дом, у якім жыла сям'я Сухіх, знаходзіўся на Клубным (былым Царкоўным) завулку каля царквы Святога Мікалая і Палескага чыгуначнага вакзала. Зараз гэта Савецкі раён Гомеля і тэхнічны ўніверсітэт імя Сухога знаходзіцца таксама на яго тэрыторыі.
Нягледзячы на тое, што бацькі выйшлі з сялян, Сухі з самага дзяцінства быў надзвычай выхаваны і тактоўны. Меў добрыя манеры і густ. Яшчэ падчас вучобы ў Аляксандраўскай гімназіі Гомеля маленькі Павел у ліку найлепшых вучняў пабываў у Зімнім палацы на сустрэчы з імператарам Мікалаем ІІ. А класе ў дзявятым «за добрую вучобу» разам з гімназістамі адправіўся ў вандроўку ў далёкі Туркестан, якую ініцыявала і аплаціла Ірына Паскевіч.
— У сям'і было шасцёра дзяцей: пяць дачок і сын. Паколькі бацька Восіп выкладаў у школе чыгуначнікаў не толькі асноўныя прадметы, але і спевы, раслі ў атмасферы творчасці. Дома выпускаўся сямейны часопіс і ладзіліся «канцэрты». Павел меў добры слых і прыемны голас. Аднак пасля паездкі на Усход пра спевы прыйшлося забыць: там хлопчык перанёс дызентэрыю, якая моцна падарвала здароўе будучага авіяканструктара. Праз некалькі гадоў пасля гэтага Павел Восіпавіч захварэе на шкарлятыну. «Цудоўны голас» знікне, а замест яго з'явіцца надзвычайная дакладнасць і сціпласць у кожнай фразе, — расказвае спадар Дрыга. — Калі ў сваім кабінеце падчас размовы ён падыходзіў да акна і пачынаў глядзець удалечыню, гэта азначала адно — суразмоўніку пара на выхад.
Калегі і знаёмыя, успамінаючы пра Паўла Восіпавіча, адзначаюць яго знешні спакой, нешматслоўнасць. Быццам прозвішча наклала адбітак на яго характар і зрабіла ў некаторым сэнсе «сухаватым» на праяву эмоцый.
«Будучы вельмі замкнутым на рабоце, П. О. (так яго называлі ў канструктарскім бюро за вочы. — Аўт.) «раскрываўся» толькі дома, у сям'і. Сям'я была для яго аддушынай», — успамінае Алег Самайловіч, якому давялося працаваць побач з Сухім у 1957—1975 гадах.
Сярод музейных экспанатаў знаходзім скураны партфель Паўла Восіпавіча.
— Ён ніколі не выкарыстоўваўся па прызначэнні, аднак мае цікавую гісторыю. Напрыканцы 50-х на лесвіцы канструктарскага бюро Сухі зрабіў камплімент Алегу Самайловічу: «Цудоўны партфель». Лаканічная фраза ад начальніка запала ў галаву маладому інжынеру. Увечары Алег пабег у ГУМ, набыў такі ж партфель і на наступны дзень прынёс начальніку прэзент. Павел Восіпавіч, які прынцыпова ніколі не прымаў падарункаў ад падначаленых, пашкадаваў земляка (Самайловіч таксама быў беларусам) і купіў у яго партфель. Хоць усё жыццё на работу і з работы ішоў з пустымі рукамі. Не насіў ні папак, ні тым больш партфеляў: усе распрацоўкі былі сакрэтныя, — расказвае Валерый Дрыга. — Унучка Марыя прыгадвала, што дзед дома аб рабочых справах не гаварыў. Увечары, пакуль гатавалася вячэра, ён чытаў прэсу. Сям'я выпісвала шмат газет, часопісы «Огонёк», «Знание — сила». А партфель доўгі час знаходзіўся на лецішчы, там яго і знайшлі.
Затое ёсць у музеі і рэчы, за якія Сухі браўся кожны дзень, — яго лінейкі, акуляры, будзільнікі. Захоўваецца тут і яго знакаміты капялюш. Побач з лаканічнымі мужчынскімі рэчамі ляжаць дамскія штучкі — клатч Соф'і Феліксаўны і веер да вячэрніх выхадаў. Захаваліся нават туфлікі ўнучак, якія памяшчаюцца на далоні.
— У 1961-м Сухі адправіўся на знакаміты авіясалон Ле-Буржэ ў Францыю прадстаўляць новую тэхніку. Там захапленне талентам Паўла Восіпавіча выказала сама Како Шанэль і ў якасці сувеніра перадала Соф'і Феліксаўне духі «Сhаnеl № 5», — загадчык музея дастае маленькі флакончык, пра які савецкія жанчыны маглі толькі марыць, а следам за ім выцягвае з шафы засохлы «букет» тытуню. — Ён заўсёды ляжаў у шафах Паўла Восіпавіча. Звычку ён пераняў ад бацькоў і рабіў так, каб моль не заводзілася.
Увогуле, музей дае поўнае ўяўленне пра тое, як і чым жыў легендарны авіяканструктар. Дзякуючы дасціпнасці Валерыя Аляксеевіча, адчуваеш водары, якія напаўнялі дом Сухіх, чуеш гукі, можаш пагартаць першыя кнігі будучай зоркі авіяцыі і ўбачыць, у чым яго жонка выходзіла ў свет.
Дарэчы
Беларускія адрасы Сухога
Будучы авіяканструктар нарадзіўся ў горадзе Глыбокае на Віцебшчыне. Сёння там у сярэдняй школе № 1 (яна носіць імя авіяканструктара) працуе музей, на алеі знакамітых землякоў стаіць помнік Паўлу Восіпавічу, а пры ўездзе ў горад устаноўлены самалёт СУ-17.
Самым незвычайным помнікам Сухому лічыцца той, што знаходзіцца ў Лунінцы (Брэсцкая вобласць). Бюст быццам «ляціць» на двух гранітных крылах.
У Гомелі памяць пра Паўла Восіпавіча ўвекавечылі адразу ў некалькіх месцах: на праспекце Леніна стаіць бюст, побач з уваходам у ГДТУ — барэльеф з выявай. Найбліжэйшым часам каля ўніверсітэта плануюць устанавіць на пастаменце адзін з самалётаў, распрацаваных канструктарскім бюро П. В. Сухога.
Ганна КУРАК
Фота аўтара і з архіва ГДТУ імя П. В. Сухога
Мінск — Гомель — Мінск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-kurak
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta