Самаробны сродак
Прыбраць увесь бруд, які звычайна збіраецца каля дзвярных ручак, можна з дапамогай самаробнага сродку. Для яго прыгатавання спатрэбіцца: лыжка алею і дзве лыжкі соды. Змяшайце ўсё ў густую «кашу» і прыступайце да ўборкі. Такі сродак лепш за ўсё ўціраць у паверхні зубной шчоткай.
Выводзім плямы з дываноў
Калі не хочаце выкарыстоўваць спецыяльныя сродкі, можаце змяшаць звычайнае мыла з перакісам вадароду. Такі раствор адмые не толькі дываны, але і старыя плямы на матрацах і крэслах.
Памыць раздзелачную дошку
На раздзелачнай дошцы назапашваецца вельмі шмат мікробаў. Пазбавіцца ад іх дапамогуць лімон і соль. Насыпце соль на дошку, пакіньце на 15 хвілін, а затым патрыце палавінкай лімона. Вынік вас здзівіць!
Дапамагчы суставам вясной
Праблемы з суставамі нярэдка абвастраюцца вясной. Прычынай гэтага становяцца магчымыя пераахаладжэнні з-за змены надвор'я і аслабленая за зіму імунная сістэма.
1. Вага
Любое перавышэнне нормы адмоўна адбіваецца на суставах, бо павялічвае нагрузку на іх.
2. Нагрузкі
Для суставаў шкодная як празмерная фізічная актыўнасць, так і поўная яе адсутнасць. Залогам добрага самаадчування будуць штодзённыя заняткі хадой, бегам, плаваннем на працягу 40 хвілін.
3. Асаблівасці харчавання
Пажадана абмежаваць спажыванне мяса і павялічыць колькасць рыбы ў штодзённым рацыёне. Кожны дзень трэба з'ядаць не менш за 400 г гародніны і садавіны. Абавязкова выкарыстоўваць раслінныя алеі. Неабходны і кальцый, таму штодня трэба з'ядаць не менш за 30 г сыру, які змяшчае гэты мікраэлемент.
4. Пітны рэжым
Станчэнне храстковай праслойкі ў суставе можа адзначацца пры недастатковасці вільгаці ў арганізме. На кожны кілаграм вагі павінна прыходзіцца 20—30 мл вадкасці ў дзень. Але гэты аб'ём можа быць скарэктаваны ў залежнасці ад асаблівасцяў здароўя.
5. Алкаголь
У цэлым спірт не аказвае адмоўнага дзеяння на суставы. Але ўжыванне піва, віна і каньяку спрыяе выпрацоўцы мачавой кіслаты, якая негатыўна адбіваецца на суставах.
Міні-булачкі для посту
Батбуты — мараканскія міні-аладкі, пышныя і паветраныя ўнутры, чымсьці нагадваюць грэцкую піту, але ўсё ж адрозніваюцца памерам і спосабам прыгатавання.
Булачкі, прыгатаваныя па гэтым рэцэпце, можна выкарыстоўваць як аснову для бутэрбродаў і проста замест хлеба, а яшчэ яны падыходзяць для ўжывання
ў пост!
Спатрэбіцца: мука — 350 г, соль — 0,5—1 ч. л., вада — 250 мл, сухія дрожджы — 1 ч. л.
Дрожджы змяшаць з прасеянай мукой, дадаць соль (на смак), наліць цёплую ваду. Замясіць эластычнае цеста, якое не будзе ліпнуць да рук.
Раздзяліць цеста на дзве часткі, кожную з якіх раскатаць у пласт таўшчынёй прыкладна 4 мм. Шклянкай выразаць кружочкі. Выкласці іх на плоскую паверхню і пакінуць пад плёнкай 15—20 хвілін.
Выпякаюцца булачкі на сухой патэльні (без алею) на сярэднім агні. Гатуюцца яны хутка: толькі паспявай пераварочваць!
Сапраўдная знаходка для пікніка, фуршэту: проста робіцца збоку надрэзік і начыняецца! Розныя салаты, паштэты, сыры, соусы, варэнне, мёд — для начынкі падыдзе што заўгодна.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[3] https://zviazda.by/be/tags/hatnyaya-encyklapedyya