Беларусь, як удзельніца самай старой у Еўропе рэгіянальнай арганізацыі, Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, актыўна ўключаецца ў інтэграцыйны працэс і дэманструе, што з'яўляецца перспектыўным і надзейным партнёрам.
У 2017 годзе Беларусь старшынствавала ў ЦЕІ і гэта была гістарычная падзея, адзначыла на сустрэчы з генеральным сакратаром арганізацыі Раберта Антаніёне кіраўнік дэлегацыі Нацыянальнага сходу ў Парламенцкім вымярэнні ЦЕІ Ірына СТАРАВОЙТАВА. «Беларусь здольная прынесці новае ў развіццё рэгіёнаў. Асобую ролю ў развіцці ЦЕІ адыгрываюць парламенты: гэтае вымярэнне нараўне з бізнесам і ўзаемадзеяннем урадаў — самыя важныя «слупы» арганізацыі», — адзначыла яна.
Збліжэнне заканадаўстваў і ўкараненне найлепшых практык зробяць бізнес-клімат больш спрыяльным і ўмацуюць грамадзянскую супольнасць, таму дзяржавы — удзельнікі ЦЕІ павінны выпрацаваць кансалідаваныя рашэнні. Дзеля гэтага Беларусь гатовая прасоўваць розныя формы ўзаемадзеяння — і аднабаковыя, і шматбаковыя.
Вялікія перспектывы Ірына Старавойтава бачыць ва ўмацаванні міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння: «Патэнцыял рэгіёнаў напоўніцу яшчэ не задзейнічаны».
Згадзіўся з тым, што менавіта з рэгіёнаў пачынаецца поспех, і генеральны сакратар ЦЕІ Раберта АНТАНІЁНЕ. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва падаецца найлепшым інструментам для знаёмства еўрапейскіх дзяржаў з беларускай сучаснай рэальнасцю.
Генсакратар высока адзначыў дзейнасць Беларусі ў якасці старшыні ЦЕІ ў 2017 годзе і таксама падкрэсліў, што парламент — сапраўды адна з «калон» ініцыятывы. Зараз распрацоўваюцца новыя формы супрацоўніцтва з Беларуссю і ўвогуле «Усходнім партнёрствам», а ніводная ідэя нежыццяздольная без адпаведнага заканадаўчага пацвярджэння.
У ЦЕІ вырашана наведаць ўсе 18 краін — удзельніц ініцыятывы і даведацца аб асаблівасцях, прапановах, імкненнях кожнай.У Беларусі Раберта Антаніёне бываў некалькі разоў і прызнаўся, што з часу яго першага візіту ў 2001 годзе тут вельмі шмат што змянілася да лепшага.
Варвара МАРОЗАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/centralna-eurapeyskaya-inicyyatyva
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne