У тыя слаўныя часы, калі галівудскія рэжысёры сёстры Вачоўскі яшчэ былі братамі, а Дзень інтэрнэту як асобнае свята не існаваў у прыродзе, нераўнадушныя людзі ўжо задумваліся пра тое, чым абернецца ў будучыні пранікненне ва ўсе сферы жыцця камп'ютарных тэхналогій. Адной з такіх фантастычна-філасофскіх разваг стаў фільм «Матрыца», які мо не выпадае назваць культавым з прычыны ўзросту, але ён акумуляваў у сабе цэлы шэраг філасофскіх, рэлігійных і мастацкіх кірункаў, дакладна перавярнуў свядомасць цэлага пакалення і стаў узорам, на які арыентаваліся аўтары мноства іншых кінастужак, мультфільмаў і коміксаў. Не кажучы ўжо пра чатыры атрыманыя «Оскары», дзве прэміі «Сатурн» і дзве ўзнагароды ад Брытанскай кінаакадэміі.
...У вялікім горадзе жыў даволі звычайны, хоць і паспяховы, праграміст Томас Андэрсан, днём працаваў у вялікай карпарацыі, а ноччу гарэзаваў у сеціве як хакер Неа. Пакуль аднойчы не атрымаў на асабісты камп'ютар дзіўны наказ ісці за белым трусікам і не сустрэўся з ворагам існуючай сістэмы Морфеусам, які прапануе на выбар дзве пілюлі: сінюю — каб забыць пра ўсё і прачнуцца ў звыклым свеце, альбо чырвоную — каб дазнацца, што насамрэч Зямля даўно знаходзіцца пад уладай суперкамп'ютараў, гарады ляжаць у цемры і руінах, а людзі вырошчваюцца ў колбах як сродак энергіі для машын. У выніку Неа аказваецца асаблівым — Абраным, узначальвае партызанскую барацьбу людзей з машынамі — і, уявіце сабе, перамагае, праўда, у канцы трылогіі.
Усё гэта прыхільнікі фільма добра помняць. Але нямногія ведаюць, што яшчэ на этапе кастынгу сцэнарый быў высланы Тому Крузу, Леанарда Дзі Капрыа, Уілу Сміту, Нікаласу Кейджу, і ўсе яны адмовіліся ад ролі Неа. Таксама не пагадзіліся сыграць галоўны дуэт «агенты Малдар і Скалі» — Дэвід Духоўны і Джыліян Андэрсан. А вось змрочнае абаянне Кіяну Рыўза і Кэры-Эн Мос аказалася менавіта тым, што шукалі рэжысёры. Ролю агента Сміта па задуме мусіў сыграць Жан Рэно, але той адмовіўся пераязджаць у Аўстралію, і тады на пробы запрасілі Х'юга Уівінга.
Дарэчы, сам сцэнарый браты Вачоўскі выношвалі больш за пяць з паловай гадоў і перабралі 14 (!) варыянтаў развіцця сюжэта.
Кінакампанія Wаrnеr Brоthеrs выдзеліла на карціну толькі 10 мільёнаў долараў з 80, якія прасілі рэжысёры, — і тыя на сваю рызыку патрацілі ўсю суму, каб зняць толькі адну сцэну — першыя 10 хвілін фільма. Вынік так уразіў босаў, што яны пагадзіліся на далейшае фінансаванне. Пры гэтым з-за дарагіх візуальных эфектаў давялося эканоміць на касцюмах герояў — так, вопратку Трыніці пашылі з таннага вінілу, а паліто Неа — з самай простай паўшарсцяной тканіны.
Каб падрыхтавацца да сцэны прабуджэння ў капсуле, Кіяну Рыўз скінуў 15 фунтаў і пагаліў усё цела, нават бровы.
На здымкі перастрэлкі ў холе карпарацыі спатрэбілася ажно 10 дзён: калоны і сцены былі начыненыя піратэхнікай, якая знішчала дэкарацыі, і пасля кожнага дубля ўсё аднаўлялі наноў.
У сцэне «Жанчына ў чырвоным» былі задзейнічаны дзясяткі пар блізнят, якія паказвалі ілюзію бясконцых паўтораў праграмы Матрыцы. Але візітоўкай карціны стаў эфект «час кулі» — практычна поўнае спыненне часу ў кадры, калі камера працягвае рухацца. Кошт спецэфектаў у выніку склаў 20 % ад усяго бюджэту карціны.
Цытаты з фільма:
«Запомні, Неа, лыжкі не існуе...»
«Я не казаў, што будзе лёгка. Я толькі абяцаў, што гэта будзе праўда».
«Ласкава запрашаем у рэальны свет».
«Чалавецтва — гэта хвароба, ракавая пухліна планеты. А мы — лекі».
«Я ведаю кунг-фу».
«Галоўнае, не вер усякай лухце наконт фатуму. Ты гаспадар свайго жыцця».
«Калі б ты не мог прачнуцца, як бы ты даведаўся, што сон, а што рэальнасць?»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/teletydzen
[3] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen