Жыць да 100 гадоў – ці ж не гэта самае папулярнае віншаванне імяніннікам?!
Для Валянціны Іванаўны Рыбцовай з мястэчка Лынтупы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці яно больш ужо не актуальнае — 8 лютага 2019 года яна адзначыла векавы юбілей.
Валянціна Іванаўна нарадзілася (падумаць толькі!) у 1919 годзе ва ўкраінскім горадзе Славянску. Бацька, паранены падчас Першай сусветнай вайны, у 1922 годзе вырашыў вярнуцца на сваю малую радзіму ў Беларусь. Так маленькая Валя апынулася на Пастаўшчыне.
Тут скончыла 7 класаў польскай школы. Яе ружовай марай было паехаць, як многія местачкоўцы, шукаць “птушку шчасця” ў Вільню. Але бацька не дазволіў: “Рабі пільна, і тут будзе табе Вільня!” Яго строгія словы і сёння помняцца. Шукаць шчасце нікуды ў свет яна не паехала, бацькаў наказ выканала. Працавала ўвесь час на роднай зямлі.
Юнацкія гады прайшлі ў клопатах – як самая старэйшая, дапамагала гадаваць брата і дзвюх сясцёр. Скончыла настаўніцкія курсы, працавала ў вясковых школах у Вайшкунах, Пешкаўцах ды іншых, выкладаючы рускую і польскую мовы. Педагагічнай дзейнасцю займалася і падчас вайны, і пасля яе.
Менавіта ў школе яна ўпершыню ўбачыла свайго будучага мужа, якога пасваталі знаёмыя. “Памятаю, як прывялі да мяне Івана, быў якраз перапынак паміж заняткамі, — успамінае жанчына. — Паглядзела – дык хлопчык ён яшчэ зусім! На 7 гадоў быў маладзейшы. Толкам і не пагаварылі тым разам, празвінеў званок на ўрокі, і я пабегла. Распісаліся мы праз тры тыдні. Ні пра якія доўгія спатканні гаворкі не ішло, трэба было думаць, як выжыць у складаныя пасляваенныя гады, сумесна супрацьстаяць шматлікім цяжкасцям”.
Разам яны, Іван і Валянціна, пражылі 64 гады. Мужа не стала ў 2014-м. З роднай хаты пераязджаць Валянціна Іванаўна і думаць не думае: толькі тут адчувае сябе спакойна і ўтульна. Спраўляцца з гаспадарчымі клопатамі ёй дапамагае мясцовая сацыяльная служба. “У бальніцы за ўсё жыццё я толькі тры разы ляжала: двойчы, як дзяцей нараджала, і аднойчы на аперацыі была”, — прызнаецца юбілярша.
…8 лютага ў доме доўгажыхаркі было шматлюдна. Павіншаваць імянінніцу прыехалі не толькі блізкія і сябры. Шчырыя пажаданні і прыемныя падарункі яна атрымала таксама ад прадстаўнікоў мясцовых улад. А напярэдадні юбілею Валянціне Рыбцовай уручылі новы пашпарт, тэрмін дзеяння якога – аж да 2044 года – значыць, будуць яшчэ неаднойчы віншаванні з днём нараджэння.
Альфрэд МІКУС, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/100-gadou
[2] https://zviazda.by/be/tags/stagoddze
[3] https://zviazda.by/be/tags/yubiley
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzen-naradzhennya
[5] https://zviazda.by/be/tags/alesya-0