Ці магчымая наогул гэтая старажытная сістэма аздараўлення ў Беларусі? А чаму б і не, падумалі мы. Бо тройчы пабывалі ў Індыі, у паўднёвым штаце Керала, і на сабе выпрабавалі дабратворны ўплыў методык, аздараўленчых і ачышчальных працэдур, якія прапануе Аюрведа.
Каб паглядзець, як жыве Центр Аюрведы — першы ў Беларусі, які адкрыўся ў ліпені 2018 года — паехалі ў сасновы бор на бераг Мінскага вадасховішча. Якраз там тэрыторыя санаторыя «Пралеска». Безумоўна, гэта не бераг Ціхага акіяну з яго Аравійскім морам, не тое вільготнае цяпло, якое ахутае ўсяго цябе, калі на пачатку чэрвеня, у сезон дажджоў, выйдзеш з самалёта ў аэрапорце Кочын і ступіш на зямлю паўднёвага штату Індыі — Керала.
Затое ў нас, перамовіліся мы па дарозе, ёсць хвойны водар у сасновым бары, насычаным кіслародам. Тым водарам не проста дыхаеш, а здаецца — п’еш. Такі ён моцны, ацаляльны. Той водар мы адразу адчулі, калі на ўезде на тэрыторыю санаторыя адкрылі шкло аўтамабіля і запыталі ў дзяжурнага, дзе ж Центр месціцца…
Індыя ў нашых сэрцах
Пра Аюрведу, навуку жыцця, якой больш за пяць тысяч гадоў, чулі мы даўно. І захапляліся ёю яшчэ ў маладым узросце. У хатняй бібліятэцы зберагаюцца і кнігі, у якіх — веды пра ўсталяванне гармоніі і раўнавагі ў целе, розуме і свядомасці, шмат рэкамендацый для тых, хто спавядае здаровы лад жыцця.
Але перш чым пазнаёміць чытача з Цэнтрам, з дапамогай нашых мінулых уражанняў ажыццявім невялічкае віртуальнае падарожжа ў Індыю, якую мы для сябе адкрылі і палюбілі, крыху раскажам пра сваё першае з ёй знаёмства. Больш падрабязна пра тое чытайце на старонках часопіса (№ 12–2016 і № 7–2018).
Гэтая краіна і дагэтуль жыве ў нашых сэрцах. Яе забыць немагчыма: ёсць нешта няўлоўнае, містычнае, калі думаеш пра штат Керала, тую невялікую геаграфічную частку Індыі, дзе мы пабывалі. Пра нашае апошняе аздараўленне ў Мейеведзе нагадвае невялічкае дрэўца кары. Мы яго адтуль прывезлі разам з адным лістком другой расліны, назвы якой не ведаем. Яна таксама, як і кары, прыжылася ў нас на падваконні. Вось такая прыемная сувязь з Індыяй атрымалася. А лісцікі кары можна ўжываць у ежу. Пра гэта нам сказаў наш добры знаёмы, кіраўнік адной мінскай турыстычнай фірмы, якая ладзіць туды вандроўкі. Дарэчы, Уладзімір Клюйкоў сам з жонкай Наталляй адпачываў у Мейеведзе тады, калі і мы там былі з нашым сябрам. Адна наша знаёмая, якая яшчэ раней нас захварэла Індыяй і Аюрведай, сказала аднойчы: Індыя — гэта дыягназ. Таксама ж індыйцаў розных веравызнанняў, з якімі давялося пасябраваць, забыць немагчыма. Тыя нітачкі праз тысячы кіламетраў імгненна нас з імі ў свядомасці звязваюць: варта толькі прыгадаць твары, імёны, прыветныя словы нашых індыйскіх сяброў. Гэта дактары Шрыкала Санташ і Шахіна, Ніша й Мэлдзі, шэф-кухары Джошы Себасцьян і Айнуп, терапісты Маліка, Ахіла, Шыджа, Шайнэ, Рагунат і Мэрдак, менеджары Джон і Рамэш, вадзіцель Прадзіп, настаўнікі ёгі Прасад і Санташ…
З некаторымі мы і цяпер падтрымліваем зносіны праз перапіску. Кожнай раніцай, напрыклад, прыходзіць па WatsApp прывітанне ад Джона з Трывандрума. Цяпер ён працуе ў Каваламе. Дарэчы, запрашаў прыехаць туды адпачыць і скарыстацца магчымасцю аздаравіцца. Гэты зусім побач са сталіцай Керала, дзе жыве ягоная сям’я. З Джонам мы пасябравалі ў 2017‑м, калі былі ў другі раз у Натыка-біч рэсорце, тады й Джон працаваў там. А калі летась аздараўліваліся ў Мейеведа-рэсорце і хацелі ў Натыку з’ездзіць, то Джон ужо з’ехаў у Трывандрум, каб быць, як потым нам напісаў, бліжэй да сям’і. Якраз у 2017‑м у яго нарадзілася дачушка. І Кавалам, казаў, таксама, славіцца сваімі аюрведычнымі традыцыямі. Туды едуць і тыя, хто спыняецца на адпачынак у Трывандруме. А прывітанні ў Джона заўсёды цёплыя, адухоўленыя глыбокім сэнсам. Вось і сёння прыйшло чарговае. Спадзяюся, Джону будзе прыемна, калі я перакладу яго для нашых чытачоў у Беларусі:
«Жыццё цудоўнае адзін дзень, адну гадзіну і адну хвіліну. І яны ніколі не паўторацца ў далейшым тваім жыцці. Таму пазбягай агрэсіі, злосці. З усімі, хто табе сустрэнецца, размаўляй з любоўю». Альбо ўчора: «Нечаканыя падзеі і праблемы — частка жыцця. Ні пры якіх умовах не губляй надзеі, таму што цемра ночы заўсёды заканчваецца святлом дня». Якраз пад ранішнюю каву з гэтага пазітыву ад Джона мы часта пачынаем наш дзень. Так было і перад невялічкай камандзіроўкай у Цэнтр SHANTER Wellness.
І вось мы ў санаторыі «Пралеска». Падымаемся на другі паверх аднаго з будынкаў. Нас там сустракае кіраўнік Цэнтра «Аюрведа» Таццяна Насачэўская. Паказвае пакоі, дзе наведнікі прымаюць працэдуры, расказвае пра тое, што на сайце Цэнтра ёсць цікавая інфармацыя пра яго. З намі яна тым і падзялілася.
«SHANTERWellness» створаны, каб прапанаваць сучасную камбінацыю лепшых складнікаў з вобласці навукі і тэхналогій з Аюрведай, ёгай, медытацыяй і сістэмай харчавання для правільнай арганізацыі клеткавага сілкавання. Наша мэта, гаворыць суразмоўніца, паспрыяць людзям пабудаваць устойлівае здароўе на клеткавым узроўні шляхам комплекснага падыходу.
Гучыць, безумоўна, уражліва. І далей Таццяна рассказала пра тое, што беларуская кампанія «ШАНТЭР» аб’яднала намаганні з Wellness Solutions Pvt, Ltd з Індыі, каб прыўнесці лепшае, што створана навукай і прыродай у жыццё беларусаў і гасцей нашай краіны.
На сайце Цэнтра можна даведацца пра кампанію Wellness Solutions:
Яна створана ў Індыі ў 2002 годзе і ўключае ў сябе Wellness медыцынскія паслугі, Wellness адукацыю, Wellness прадукцыю для здароўя, Wellness кафэ і рэстараны, Wellness праграмы для навучэнцаў і для работнікаў, Wellness курорты, а таксама прымае ўдзел у сістэме аховы здароўя ў цэлым. Кампанія мае шэраг філіялаў у Індыі і за мяжой, кліенцкая база налічвае больш за 250 тысяч чалавек. Генеральны дырэктар Welness Solutions Pvt, Ltd — доктар Шры Кумар Аппукуттан Наір: Прэзідэнт Індыйскай Асацыяцыі дыетолагаў, старэйшы лекар-кансультант у галіне ЛОР хірургіі, а таксама хірургіі галавы і шыйных аддзелаў з больш чым 36‑гадовым стажам клінічнай практыкі. Доктар апошнія 15 гадоў актыўна практыкуе нутрытыўную і клеткавую медыцыну, ён пажыццёвы член Індыйскай Медыцынскай Асацыяцыі, Асацыяцыі оталарынголагаў Індыі, Індыйскага Таварыства Чырвонага Крыжа і многіх іншых, валодае міжнароднымі ўзнагародамі і прэміямі ў галіне медыцыны.
Першапарходцы
У Цэнтры працуюць сертыфікаваныя спецыялісты па Аюрведзе з індыйскага рэгіёна Керала, які, мы ўжо казалі, лічыцца сэрцам Аюрведы. Цяпер пад Мінскам іх называюць касмецікамі, а ў Керала — тэрапістамі. З імі заключаны гадавыя кантракты. Таццяна запрашае трох касмецікаў, якія выконваюць усе аздараўленчыя рытуалы ды працэдуры. А чацвёртая, гаворыць, паехала ў Мінск, каб упершыню самастойна пазнаёміцца з горадам. І хоць Цэнтр адкрыўся яшчэ летам, аднак касмецікі і сам доктар Джувін Кенэдзі яшчэ па сталічных вуліцах самастойна не гулялі.
Знаёмімся. Індыйцы стрымана ўсміхаюцца, а калі даведваюцца пра тое, што мы ў Керала бывалі не аднойчы, чулі там мову малаялам, на якой і яны гавораць, пачынаюць глядзець на нас як на добрых знаёмых. І зусім радуюцца, калі з нашых вуснаў зрываецца слова «нанні» (з націскам на апошні склад). На дравідскай мове малаялам яно азначае — дзякуй. Мы прывезлі яго з іх радзімы. У штаце Керала многія гавораць на малаялам. У мовы вельмі мяккае гучанне. А Таццяна таксама радуецца: жывуць індыйцы тут адасоблена, рускай і беларускай мовы не ведаюць, зносяцца толькі адзін з адным на малаялам, а з іншымі на англійскай, таму ім надзвычай прыемна сустрэць тых, хто бываў у Керала.
— Яны цудоўныя! — гаворыць Таццяна. — Такія ўсмешлівыя, адкрытыя, а Рэшма наогул — цуд.
Прадставім і вам, шаноўныя чытачы гэтых абаяльных касмецікаў.
Рэшма Сабу — спецыяліст тэрапіі Аюрведы. Яна — прафесіянал. Мае пяць гадоў клінічнага досведу ў галіне Панчакармы. Гэта комплекс ачышчальных працэдур, які мы на сабе выпрабавалі, калі былі ў Індыі. Рэшма вывучылася пры шпіталі Sreedhariyam Ayurveda Hospital, Kerala. Тут яна праводзіць рытуал Нетратарпанам, гэта значыць — амалажэнне вачэй.
У Шрыкалы Шрыкумары, якая да таго ж яшчэ і добра валодае ёгай, пяцігадовы стаж працы ў Індыі і па-за яе межамі ў галіне Аюрведы і Панчакармы. Яна таксама, як і яе калегі, выйграла конкурс, каб прыехаць у Беларусь і мець магчымасць тут працаваць.
Адарш Мохандас — з сям’і, якая прытрымліваецца Аюрведы, таму з дзяцінства добра ведае, што гэта такое. Адукацыю атрымаў на прафесійных курсах пры Міністэрстве развіцця кадравага патэнцыялу Індыіі. Працаваў у кампаніі Wellness Solutions. Цяпер ён у камандзе SHANTER Wellness, дзеліцца сваім васьмігадовым клінічным досведам.
Гокул Крышнан таксама нарадзіўся ў Керала, атрымаў дыплом у галіне Аюрведы і Панчакармы ў каледжы Ashramam Training College Idukki.
Пра галоўнае ў сэрвісе
— Таццяна, як пра ваш Цэнтр пачынаюць ведаць людзі?
— Сюды ў асноўным тыя прыходзяць, хто ведае Аюрведу, хто яе шукае. А знаходзяць, як і вы, праз наш сайт. Яшчэ мы размяшчаем інфармацыю ў інстаграм і фэйсбуку. Працуе і так званае «сарафаннае» радыё. Сёння з’явілася жанчына, якая пачула добры водгук пра аздараўляльны эфект ад працэдур ад сваёй знаёмай, таму вырашала і сама прыйсці.
— Ці многа людзей у вас пабывала?
— Пакуль не так многа. Мы ж адкрыліся зусім нядаўна. Але імкнемся сябе папулярызаваць. Наш доктар нават удзельнічай у перадачы на тэлеканале АНТ, ёсць ужо і артыкулы пра нас.
— А вы самі ведалі пра Аюрведу да таго, як узначалілі Цэнтр?
— Да таго, як пачала тут працаваць — не ведала. Цяпер я ў захапленні ад гэтай навукі, як быць здаровым. І ў гэтых людзей, індыйцаў, проста ўлюбілася. Яны такія добразычлівыя, шчырыя. Аднойчы да нас прыйшла бабуля. І я ўбачыла, як Рэшма ўзяла яе пад ручку і кажа: «hello, mam!», а потым асцярожна павяла ў пакой для працэдур. Мяне так узрушыла сардэчнасць і добразычлівасць Рэшмы. Вось гэта, падумала я тады, і ёсць сэрца, сутнасць сапраўднага сэрвісу без выбудаваных алгарытмаў. Гэта, на мой погляд, галоўнае ў ім. У мяне сярэдняя медыцынская адукацыя, ёсць і значны досвед працы ў медыцыне. А яшчэ маю вышэйшую адукацыю ў галіне маркетынга. Вось цяпер набытыя веды спрабую прымяніць і тут. Дарэчы і сама планую займацца ёгай, таксама выпрабаваць на сабе працэдуры, якія мы прапануем нашым гасцям.
— Наколькі тое, што вы прапануеце, адпавядае аутэнтычнай Аюрведзе?
— Мы імкнемся. Нездарма ж тут працуюць сапраўдныя спецыялісты па Аюрведзе. Яны праводзяць усе тыя працэдуры ды рытуалы, што ёсць у Керальскіх аюрведычных центрах. Напрыклад, нашы касмецікі працуюць на тых жа маслах. Перад пачаткам рытуалу здзяйсняюць малітву. Нашы касмецікі — індусы, пакланяюцца богу Шыве. Наогул усе працэдуры ў Цэнтры аўтэнтычныя. Ёсць у нас і паравая лазня. Ну вы ж, пэўна, яе таксама наведвалі. І меню адпавядае тым патрабаванням Аюрведы, якія вызначыць доктар Джувін. Ён праводзіць персанальныя кансультацыі з пульсавай дыягностыкай, па якой вызначае тып канстытуцыі, рэкамендуе, як лепш харчавацца і аздараўлівацца.
Доктар Аюрведы Джувін упершыню сустрэўся з зімой
Пасля знаёмства і размовы з касмецікамі ды Таццянай накіроўваемся ў кабінет доктара Джувіна Кенэдзі. Зносімся з ім з дапамогай перакладчыцы Дар’і.
Доктар Аюрведы Джувін Кенэдзі, дарэчы ён і ёгу праводзіць у Цэнтры, паведамляе Таццяна, скончыў медыцынскі ўніверсітэт The Tamil Nadu Dr. M. G. R. Medical University, мае доктарскую ступень у галіне інтэгратыўнасці медыцыны. Ён, па словах Таццяны, актыўна практыкуе нутрытыўную ды экалагічную медыцыну ў Індыі, таксама за мяжой на працягу многіх гадоў. Спецыялізуецца на вывучэнні хранічных захворванняў, прызнаючы біяхімічную ўнікальнасць кожнага чалавека для складання індывідуальных планаў аздараўлення з выкарыстаннем дыеты і натуральных біялагічна актыўных дабавак разам з аптымізацыяй гарманальнага фону. За аснову аздараўлення доктар Джувін бярэ інтэгратыўны падыход да здароўя, збалансаванае рацыянальнае харчаванне, прафілактыку захворванняў і пераасэнсаванне прынцыпаў падыходу да здароўя ў цэлым. Ён улічвае ўсе фактары, якія ўплываюць на здароўе, самаадчуванне і хваробы. Сярод такіх фактараў вылучае розум, дух, цела, а таксама нашае асяроддзе. Доктару Джувіну падабаецца натхняць і навучаць іншых мастацтву і навуцы інтэграванага падыходу да здароўя, і ён лічыць, што лячэнне прычын і сімптомаў захворванняў можа дапамагчы людзям зноў здабыць радасць і сэнс у іх жыцці.
Доктар Джувін родам з поўначы Керала, з горада Канор, з сям’і католікаў. Бацька ягоны працуе ў банку, а мама — на пошце. Ёсць яшчэ і малодшы брат, яму 12 гадоў. Доктар таксама вельмі ажыўляецца, калі чуе, што мы аздараўліваліся ў Індыі. І нават бываў у тых месцах. Пра Беларусь раней ведаў, як пра краіну ў цэнтры Еўропы. А калі прыехаў у ліпені сюды, то быў уражаны тым, што Беларусь вельмі падобная на штат Керала, асабліва на тое месца, дзе ён нарадзіўся: шмат лясоў, азёраў, свежае паветра, наогул вельмі багатая прырода.
Нам чуць тое вельмі прыемна. Жартуем: толькі ў Керала крыху цяплей… І дружна смяёмся. Доктар кажа, што першы раз у жыцці пабачыў снег. І на сабе адчуў, што такое зіма. Гэтая пара года яму спадабалася. І ён лёгка перанёс нашу мяккую зіму. І беларусы спадабаліся. Яны, удакладняе, больш дружалюбныя. У Керала людзі надта сацыялізаваныя, аб’яднаныя рознымі веравызнаннямі. Ці сябруюць паміж сабой керальцы? З талерантнасцю, па словах доктара, ёсць праблемы, асабліва калі пытанне тычыцца рэлігіі ці палітыкі. Гаворыць, што хрысціяне ў Індыі больш міласэрныя, чым іншыя яе жыхары. Рознагалоссі, як правіла, адбываюцца ў мусульманаў з індусамі. І ён па-добраму радуецца, калі мы гаворым пра тое, што ў Беларусі цяпер жывуць прадстаўнікі больш чым 140 розных нацыянальнасцяў, прычым здаўна — у згодзе і міры.
Ёгай доктар займаецца больш дзесяці гадоў. Навучаўся ў майстра па ёзе, які ў сваю чаргу вучыўся ў першай школе ёгі ў Індыі — Кайвелетам. Гэта цяпер адзіны Інстытут ёгі, дзе выкладаюць ёгу аўтэнтычную. Ён — першы і адзіны, дзе пачаліся таксама навуковыя даследаванні ўплыву ёгі на чалавека. Ёсць яшчэ і другая школа ёгі — Біхар. Яна моцная філасофіяй ёгі. І там выкладае — Swami Kuvalyanandha. А імя настаўніка Джувіна — Prahlad Singh. Ёга, лічыць доктар, вучыць кантраляваць свядомасць. Наш розум пастаянна зменьваецца. І ёга вучыць трымаць баланс, раўнавагу паміж гэтымі змяненнямі. На санскрыце ёга — юдж, што значыць аб’ядноўваць. Ёга пераследуе мэту: аб’яднаць цела і свядомасць. Філасофія ёгі дапамагае зразумець, хто мы такія. Іншыя філасофіі вучаць глядзець навокал, а ёга — унутр самога сябе.
Наша гутарка доўжыцца. Мы расказваем доктару пра тое, што ў беларускай мове і санскрыце ёсць многа падобных словаў. Гэта выклікае цікавасць у субяседніка. У працяг тэмы ён выказвае меркаванне: Аюрведа — гэта не толькі пра Індыю. Аюрведа была ўсюды. І на тэрыторыі Беларусі таксама. Гэта тыя веды, якія перадаваліся ад бацькі да сына і далей. Распытваем у доктара пра яго захапленні, пра што ў Беларусі хацеў бы даведацца. Беларусь, дарэчы, першая еўрапейская краіна, у якую ён прыехаў. Доктар Джувін цікавіцца гісторыяй. І таму хацеў бы больш ведаць пра перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі. Мы раім Таццяне дапамагчы доктару наведаць Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дом-музей І з’езду РСДРП. Абяцаем цікавыя ўражанні. Яшчэ доктару блізкія ідэі камунізму. У іх, кажа, многа пазітыўнага. І наогул, ён бы хацеў пазнаёміцца з тым перыядам гісторыі, калі яны ўваходзілі ў жыццё беларусаў. Яшчэ хацеў бы пабываць ва ўсіх замках Беларусі, у Нацыянальнай бібліятэцы, у Троіцкім прадмесці…
Потым доктор Джувін прапануе зрабіць нам пульсавую дыягностыку. Але гэта тэма настолькі цікавая, вартая асобнай увагі, таму мы не будзем пра тое пісаць. Пытаем у доктара, ці заўважыў ён нейкія асаблівыя адхіленні ў здароўі, характэрныя для беларусаў. Ці ёсць заканамернасці ў дысбалансе дошаў? Доша — гэта тыпы энергій, якія ўласцівыя нам, людзям. У кагосьці больш агню — гэта піта. Паветра — гэта вата. А капха — вада і зямля. Для беларусаў, тлумачыць доктар, характэрная піта. Гэта значыць, у нас больш агню, эмоцый. Тое і імгненныя іх успышкі, якія хутка праходзяць. І гэта самы распаўсюджаны тып беларусаў. Але ёсць і людзі-капха.
Меркаванні доктара Джувіна зноў даюць падставу пажартаваць нам пра тое, што, так бы мовіць, у Беларусі холадна, не так горача як у Індыі, вось мы гэтым агнём і грэеемся. А ў Індыю, у цеплыню едзем па рэлакс, там свой агонь крыху прытушваем у сезон дажджоў. І абяцаем доктару, што яго агонь пасля вандровак па нашым цудоўным краі — павысіцца. Смяемся, гаворачы: гэта ж будуць эмоцыі! Доктар Джувін згодны.
Ну а тыя, каму цяжкавата ў Індыю дабрацца, могуць завітаць у Цэнтр «Аюрведа», які гасцінна прыме кожнага, хто хоча паправіць свае здароўе.
Валянціна і Іван Ждановічы