«Вясенні дзень год корміць» — гэта народная мудрасць вядома Сяргею Карашчуку не па чутках. Кожную вясну на працягу амаль трыццаці гадоў механізатар ААТ «Светлы шлях Агра» Чавускага раёна прымае актыўны ўдзел у пасяўной. Сёлетняя — не выключэнне.
З самага ранку трактарыст ужо ў полі. На энерганасычаным трактары з сеялкай, у бункеры якой засыпана яравая пшаніца, механізатар у дзень здымкі засяваў поле плошчай у 80 гектараў.
— Зараз кожная хвіліна на кошт золата, — расказвае Сяргей Карашчук, з любоўю перасыпаючы ў далонях зямлю. — Вясна сёлета ранняя, і вільгаць вельмі хутка пакідае глебу. А каб зерне прарасло і набралася моцы, трэба шмат спрыяльных умоў, адна з якіх — пэўная вільготнасць глебы.
З гэтай прычыны і працуе механізатар не гледзячы, які час на гадзінніку.
— З ранку і, бывае, да ночы, пры святле фар працуем, каб паспець. А што зробіш, на тое яна і вясна. Узімку адпачылі, зараз пара і папрацаваць, — усміхаецца суразмоўнік.
Не марнуючы час на размовы, Сяргей спяшаецца да трактара, бо зямля чакае...
Андрэй САЗОНАЎ, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/andrey-sazonau
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya