Якімі былі першыя вершы Алеся Разанава? А Раісы Баравіковай ці Ніны Мацяш? Дзе калыска чалавечага і творчага выспявання лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Зінаіды Дудзюк? Якія рэчы захоўваюць часцінку душы Міколы Арахоўскага ці Анатоля Казловіча?.. Жыхары Бярозаўшчыны іх могуць нават убачыць, і дакладна цяпер не будуць сумнявацца з адказамі на пытанні.
Важная падзея для горада і раёна — адкрыццё экспазіцыі «Вытокі літаратурнага майстэрства», створанай у Галерэі мастацтваў у Чырвоных казармах — філіяле Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. На адкрыццё завіталі вядомы беларускі паэт Алесь Разанаў, уласны карэспандэнт газеты «Беларусь Сегодня» Валянціна Казловіч, краязнаўцы з Сяльца і Малеча, творцы з Белаазёрска і іншых мясцін. З Мінска прыехалі жонка і сын пісьменніка-публіцыста Анатоля Казловіча, прысутнічалі таксама сёстры драматурга Міколы Арахоўскага і паэта Васіля Сахарчука. Саліднай камандай былі прадстаўлены мясцовыя майстры друкаванага слова.
Дырэктар Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Ганна Цюшкевіч падкрэсліла, што бярозаўская зямля славіцца сваёй творчай біяграфіяй і з’яўляецца калыскай многіх вядомых не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі паэтаў, пісьменнікаў і журналістаў, аўтараў шматлікіх кніг і паэтычных зборнікаў. Супрацоўнікі музея амаль два гады старанна працавалі над тым, каб сабраць як мага больш матэрыялаў, што раскрываюць кожную творчую асобу. І ўсе яны ўвасобіліся ў дванаццаці важкіх па-дызайнерску аформленых стэндах з партрэтамі, кнігамі, часопісамі, рукапісамі, газетнымі артыкуламі, узнагародамі і асабістымі рэчамі майстроў слова. Дырэктар музея выказала падзяку кіраўніцтву раёна за падтрымку гэтай ідэі і выдзеленыя з бюджэту сродкі на яе афармленне. А самыя шчырыя словы адрасаваны заслужанаму журналісту, кіраўніку літаратурнага аб’днання «Крыніца», якое многія гады дзейнічала пры бярозаўскай раённай газеце, Яўгену Сялені. Ён падтрымаў ініцыятыву музея, падзяліўся сваімі матэрыяламі і на працягу доўгага часу быў найлепшым дарадцам і кансультантам у гэтай высакароднай справе. Яўген Васільевіч падкрэсліў значнасць новай экспазіцыі, якая стане стымулам для творчых пошукаў і дасць магчымасць для прасоўвання новых імёнаў.
Паэт еўрапейскага ўзроўню Алесь Разанаў, радзімай якога з’яўляецца вёска Сялец, успомніў свае крокі ў літаратуру:
— Мой першы верш называўся «Пошук» і быў надрукаваны ў раённай газеце. Менавіта бярозаўская раённая газета пад назвай «Пламя» стала той крыніцай, ад якой запальваўся агонь, да яго далучаліся новыя людзі і дзяліліся сваімі набыткамі. У нас не было такіх папярэднікаў, як у іншых мясцінах Беларусі, — Купалы, Коласа, Багдановіча, Гілевіча і Вярцінскага. Затое адбыўся раптоўны выбух цэлай кагорты адмысловых творцаў. І сёння толькі з вёскі Сялец — чацвёра пісьменнікаў, — зазначыў Алесь Сцяпанавіч. — Літаратура — з’ява няпростая, гэта нешта больш глыбокае і істотнае, што ўвасабляецца ў канкрэтных справах і рэчах. Бо за словам ідуць думка і дзеянне.
Алесь Разанаў перадаў у дар музею свае кнігі, у тым ліку і адну з самых новых, выдадзеную на літоўскай мове. Вядомы пісьменнік, аўтар 28 кніг, Міхаіл Шыманскі адрасаваў удзельнікам мерапрыемства прывітальныя словы. Але таксама гучалі імёны паэтаў, якія цяпер працягваюць традыцыі першапраходцаў, іх назвала вядучая літаратурнай старонкі «Крыніца», што кожны месяц выходзіць у газеце «Маяк», Маргарыта Гаравая. А яшчэ пажадала, каб «Крыніца» бруіла і стала вялікім ручаём мастацкага слова. Каб на літарарутнай ніве Бярозаўшчыны і далей загараліся новыя зоркі — гэтага пажадала бярозаўская паэтэса Валянціна Осіпава. Як у чалавека нараджаецца патрэба працаваць са словам і адкрываць таямніцы гісторыі, разважаў вядомы краязнаўца Мікалай Пейган, аднакласнік Алеся Разанава.
«Раскрыймася найлепшым у сабе…» — заклікала славутая паэтэса і зямлячка Ніна Мацяш. Менавіта такая назва і раздзела, які ёй прысвечаны. «Летапісцы гісторыі роднай зямлі» — гэта Міхаіл Шыманскі, Яўген Сяленя, Аляксандр Іваноў, Мікола Жуковіч, Мікалай Пейган, Наталля Дзядзечкіна, Аляксандр Кенда. Асобныя раздзелы расказваюць пра творчы лёс Раісы Баравіковай, Зінаіды Дудзюк, Андрэя Юдчыца і іншых. А на стэндзе «У палёце да сваіх вяршыняў» прадстаўлены маладыя майстры слова.
Супрацоўнікамі музея ажыццёўлена высакародная справа, бо дае наведвальнікам магчымасць адкрыць яшчэ адну значную старонку нашай малой радзімы, якая з’яўляецца калыскай талентаў зямлі беларускай.
Разалія КАРПЕШ, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura