16 сакавіка 2016 года ў аздараўленчым цэнтры «Фрыстайл», развучваючы новы скачок, фрыстайлістка Яна Ярмашэвіч на хуткасці каля 25 км/г вылецела з трасы падвойнага трампліна і з шасці метраў упала ў басейн, які адносіцца да зоны аквапарку. Ад гібелі яе выратавалі лічаныя сантыметры, маладая спартсменка зламала сцягно. Пасля здарэння Яне прыйшлося чатыры месяцы ляжаць на выцяжцы, перанесці тры аперацыі і ў прамым сэнсе слова зноў вучыцца хадзіць. У цэлым рэабілітацыя заняла больш за год, але дзяўчына, яшчэ быўшы прыкаванай да бальнічнага ложка, прыняла рашэнне, што будзе вяртацца ў вялікі спорт. Каб гэта зрабіць, Яне давялося не толькі перацярпець наймацнейшы фізічны боль, але і псіхалагічна пераадолець сябе, каб зноў падняцца на гэты трамплін і зноў узляцець у паветра.
Яна змагла. Цяперашні сезон для ўзыходзячай зоркі беларускага фрыстайла стаў самым паспяховым, Яна заваявала бронзавы медаль юніёрскага чэмпіянату свету і стала другой у агульным заліку Кубка Еўропы. Пра тое, як зноў вучылася не толькі лётаць, але і хадзіць, дзяўчына расказала ў сваім інтэрв'ю.
«Буду павышаць складанасць»
— Яна, сезон скончаны, падзяліцеся сваімі ўражаннямі.
— Ён пачаўся ў кастрычніку, для мяне гэта першы настолькі доўгі сезон. Было вельмі складана. У кастрычніку мы пачалі лыжную падрыхтоўку, а ўжо ў лістападзе — скакалі на спаборніцтвах у Фінляндыі. Асноўныя старты і мэты былі пастаўлены на агульны залік Кубка Еўропы і юніёрскі чэмпіянат свету. На дамашніх этапах кантынентальнага кубка заваявала два «серабры» і адну «бронзу», дадала «серабро» ў Маскве і такім чынам набірала ачкі для агульнага заліку. Прыняла ўдзел ва Універсіядзе, гэта быў мой першы настолькі глабальны старт, трохі перанервавалася, калі трапіла ў фінальную васьмёрку, таму там у мяне не ўсё атрымалася. На чэмпіянаце свету падвяло надвор'е, ішоў такі снег, што да канца кантрольнай трэніроўкі мы ўжо не бачылі трампліна. У дзень старту, 5 красавіка, снегу было па калена, што не характэрна для Італіі. Скакаць было цяжка, на размінцы наогул нічога не атрымлівалася, не магла ўстаць (проста падала на прызямленні), пачалася нават невялікая паніка. Але ў выніку атрымалася сабрацца і заняць сваё годнае 3-е месца.
— У агульным заліку Кубка Еўропы вас апярэдзіла яшчэ адна беларуска Сняжана Драбянкова...
— Мы заўсёды ідзём удзвюх. Сняжана больш дасведчаная, скача больш складаныя скачкі, таму пакуль я ёй саступаю. Але наогул мы сяброўкі, падтрымліваем адна адну, калі штосьці не атрымліваецца.
— Планы на наступны сезон ужо намецілі?
— Буду павышаць складанасць, бо пакуль я скачу толькі падвойныя сальта без вінтоў, разумею, што доўга з імі не пратрымаюся. Буду чысціць скачкі, пакуль у мяне шмат памылак, бачу іх сама, казалі пра гэта і трэнеры. Таксама трэба працаваць над прызямленнем, над адыходам. Адным словам, работы шмат.
«Я гугліла: «Як хадзіць?»
— Пасля сур'ёзнай траўмы прайшло тры гады, як адчуваеце сябе цяпер?
— Аднавіцца было складана, таму што здарылася невялікая ўрачэбная памылка, з-за якой я страціла так шмат часу. Паўгода без руху, я была практычна паралізаваная. Год таму зрабілі аперацыю, выцягнулі з нагі ўсе шурупы і перада мной паўстала задача — ісці на падвойныя скачкі. Было вельмі складана пераадолець сябе, свой страх. Дамовіліся з трэнерамі, што пачнём скакаць у Чэхіі, так і зрабілі, а вось калі прыехалі ў Мінск, у тую абстаноўку, дзе ўсё гэта са мной здарылася, пачалася істэрыка, паніка, слёзы. Але я неяк перасіліла сябе, першых трэніровак пяць была толькі адна думка — даехаць да трампліна, а што я буду рабіць у паветры, ужо ўсё роўна. Складана было праехаць гэта месца, дзе я зляцела, а потым прывыкла, асвоілася, стала адчуваць упэўненасць, цяпер усё добра.
— Памятаеце сваю рэакцыю, калі ўпершыню пасля трагедыі ўбачылі месца, адкуль упалі?
— Затрэсліся рукі... Я ж яшчэ неяк выпадкова ўбачыла відэа, як я ўпала, больш яго не глядзела. Ды і міна ў адно месца два разы не падае.
Цяпер магу сказаць, што гэтаму трэба было здарыцца. У мяне адбылося пераасэнсаванне ўсяго, калі была б магчымасць адкруціць час назад і пазбегнуць падзення, я б не стала гэтага рабіць. Пасля я шмат што зразумела. Напрыклад, што трэба слухаць свой арганізм, калі нешта баліць, нельга рабіць праз страшэнны боль. Трэба слухаць сваё сэрца. Ёсць страх, а ёсць адрэналін, і неабходна знайсці паміж імі баланс. Усё, што робіцца, усё да лепшага. Цяпер я стала больш часу аддаваць вучобе, хоць і раней добра вучылася. Стаўлю перад сабой мэты не толькі на спорт, але і на жыццё за яго межамі.
— На той момант былі людзі, якія адгаворвалі вяртацца ў вялікі спорт?
— Гэта былі ўсе акрамя мамы, сястры і бабулі. Мама сказала: «Нічога не ведаю, мы вяртаемся!» Мне ўсе казалі: ды ну, які фрыстайл? Я і сама потым пачала думаць, можа, рэальна не трэба. Але мама сказала, што, калі я скакала, у мяне быў агонь у вачах, а потым ён знік. Падчас рэабілітацыі я стала хадзіць у цэнтр «Фрыстайл», яго кіраўніцтва і федэрацыя вельмі дапамаглі, сказалі, маўляў, называеш сваё прозвішча і цябе пускаюць усюды — трэнажорная зала, басейн, лазні. Мама сядзела, а я плавала гадзіну, паўтары. Памятаю, кажу ёй, нага баліць, а яна: «Я сказала плаваць! Не дрыгай ёй, рукамі плыві». Аднаўленне ў мяне было па сем гадзін у дзень, спачатку ў дыспансеры, потым у «Фрыстайле».
Я сур'ёзна гугліла: «Як хадзіць?». Вось ты сядзіш, бачыш збоку, як людзі ходзяць, разумееш, як гэта, што ты павінен зрабіць, але не можаш. Першыя некалькі месяцаў мне трэба было думаць: так, пятка, насок, сагнуць калена, падняць. У дзяцінстве ўсё гэта мы робім інстынктыўна, а тады мне трэба было спачатку зрокава ўбачыць, пасля падумаць. Пазней я доўга не магла хадзіць не кульгаючы, хоць у мяне ўжо нічога не балела, ужо на батуце нават скакала. Мне трэнеры казалі: «Яна, ідзі, нармальна вучыся хадзіць». А я псіхалагічна забылася, як гэта рабіць, таму не магла. Ды і цяпер, устаючы раніцай, магу адзін крок пракульгаць, а потым ужо нармальна пайсці.
— Вы казалі, што сагнуць нагу было нерэальна балюча, які боль усё ж мацнейшы — фізічны або маральны?
— Другі адназначна. Я разумела, што трэба распрацоўваць гэтую нагу, інакш я не змагу хадзіць, буду адчуваць дыскамфорт. А вось маральна заўсёды можна было здацца і адмовіцца ад фрыстайла. Але калі ёсць мэта, жаданне, усё магчыма.
— Якая была галоўная матывацыя?
— Па-першае, даказаць сабе, што магу вярнуцца, а па-другое, калі б сышла, магла б пашкадаваць, а я вырашыла паспрабаваць, каб потым не грызці сябе.
— Напэўна, быў момант, калі хацелі здацца...
— Да гэтага часу бывае. Напэўна, такія моманты ёсць у жыцці кожнага спартсмена. Потым мама прызналася: калі я плакала і казала, што больш не магу, ёй таксама хацелася плакаць. Але ў яе была такая тактыка: яна пачынала на мяне крычаць, а я ненавіджу, калі на мяне крычаць, і пачынаю крычаць у адказ. Так мы крычалі адна на адну, і я пераставала плакаць. Напэўна, калі б яна таксама заплакала, размякла, нічога б не атрымалася.
— Вы казалі, што ў перыяд рэабілітацыі працавалі з пяццю псіхолагамі...
— Так, псіхолагі былі розныя. Некаторыя казалі: «Табе гэта не трэба, гэта не тваё, дзе твой жаночы пачатак? Ты павінна на абцасах хадзіць». На самай справе цяпер я паспяваю ўсюды: прыйсці на трэніроўку на дзесяцісантыметровых абцасах, зняць іх, надзець шлем, лыжы, пайсці паскакаць, прыйсці назад, надзець туфлі і пайсці ва ўніверсітэт. Цяпер мой псіхолаг гэта толькі мама, хоць па адукацыі яна настаўніца матэматыкі, а працуе дырэктарам фірмы.
— Як цяпер маці рэагуе на вашы поспехі?
— Кажа, што бачыць мяне часцей па тэлевізары, чым ужывую, а так, заўсёды падтрымлівае і ганарыцца. Вельмі хвалюецца, калі ў мяне спаборніцтвы, падчас чэмпіянату свету казала, што рукі
трэсліся.
«Пачала скакаць падвойныя. Гэта было такое шчасце...»
— Памятаеце свой першы турнір пасля аднаўлення?
— Гэта было два гады таму, летам у нас праводзяцца такія спаборніцтвы, дзе мы здаём агульнафізічную падрыхтоўку, скачкі на батуце, дарожку. У выніку падзення ў мяне пацярпела сцегнавая косць, яе верхняя частка, але сама яна досыць доўгая — ідзе да калена. Унутры нагі ў той момант у мяне стаяла металічная канструкцыя, косць, можна сказаць, была насаджаная на яе, гэта палка мацавалася на балты — адзін уверсе і два каля калена. Калі я прыйшла да доктара і сказала, што хачу скакаць, ён растлумачыў, што балты ўжо расхісталіся і трэба іх даставаць. Зрабілі аперацыю, а праз тры тыдні я ўжо змагла выступаць на гэтым турніры і стала другой, радасці было вельмі шмат.
— Перад ракавым падзеннем у 2016-м трэнеры казалі аб вашай вялікай перспектыве і бачылі вас у складзе нацыянальнай зборнай...
— Я зразумела, што магу вярнуць складанасць скачкоў, толькі летам 2018-га, калі пачала скакаць падвойныя, перасіліла сябе. Гэта было такое шчасце, тады я зразумела, што, напэўна, змагу нешта паказаць. Зараз не стаўлю перад сабой глабальных мэт, выконваю задачы паступова, так, спадзяюся, дабяруся і да Алімпіяды.
— Як адчуваеце сябе ў адной кампаніі з алімпійскай чэмпіёнкай Ганнай Гуськовай і чэмпіёнкай свету Аляксандрай Раманоўскай?
— Мы ўсе сябруем. З Сашай разам выступалі на Універсіядзе, з Аняй зараз былі на зборах у Швейцарыі. У нас вельмі дружная каманда. Калі Аня выйграла Алімпіяду, мы якраз былі на зборах у Раўбічах, было адчуванне, што перамог кожны з нас, хтосьці нават плакаў.
— Ганна аднаўляецца пасля траўмы, як у яе справы?
— Кажа, што гатовая ўсіх ірваць. (Усміхаецца.)
— У камандзе ў нас вельмі творчыя дзяўчаты: Аня неяк збіралася шыць адзенне, Саша вяжа. А вы?
— Я ўвогуле не ўмею рукадзельнічаць, ні маляваць, ні спяваць, нічога, акрамя як скакаць. Напэўна, у мяне больш аналітычны мозг ад мамы.
— А вось любоўю да татуіровак вы з дзяўчатамі падобныя...
— Так, у мяне ўжо ёсць дзве. Першая татуіроўка з'явілася ў 15 гадоў, яна прысвечана бацьку, а другая — гэта малюнак фенікса на ўсю правую лапатку, як знак аднаўлення, адраджэння з попелу, знак таго, наколькі шмат я прайшла, каб вярнуцца ў сваю любімую справу. Планую яшчэ закрыць шрамы ад аперацый, ідэі ўжо ёсць, але пакуль думаю.
— Наперадзе месяц адпачынку, як плануеце яго правесці?
— У мяне ёсць дзесяць дзён на тое, каб здаць зімовую сесію, а потым хачу з'ездзіць у Львоў, кажуць, там шмат тэматычных кафэ, хацелася б пабываць. І яшчэ хачу з'ездзіць у Маскву, наведаць акіянарыум — мая дзіцячая мара.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/alimpiec
[4] https://zviazda.by/be/tags/frystayl