На гэтым тыдні Нацыянальная кінастудыя прадэманстравала сваё «пераарыентаванне». У адзін дзень запусціла свой першы сіткам пад рабочай назвай «Ілюзіі», абвясціла аб хуткім завяршэнні першай поўнаметражнай анімацыйнай карціны «Зоркі сёмага неба» і назвала пераможцаў конкурсу на сцэнарый зноў жа анімацыйнага фільма ў фармаце поўнага метра. Конкурс таксама быў праведзены ўпершыню. «Беларусьфільм» ідзе непракладзенымі сцежкамі, чым, напэўна, намагаецца абвергнуць некампліментарныя стэрэатыпы пра сябе. Што з гэтага атрымаецца і ці набудзе ўстанова новую форму, гледачу яшчэ давядзецца пабачыць.
Імідж наперад
Уладзімір Карачэўскі толькі крыху больш за год працуе на пасадзе дырэктара Нацыянальнай кінастудыі, а на прэс-канферэнцыях абвяшчаюць новае і новае. То ўдзел у капрадукцыйных праектах, то далучэнне да Індустрыяльнай платформы кінафестывалю «Лістапад», то стварэнне экскурсійных маршрутаў па кінамясцінах Мінска, то серыя паказаў дакументальных фільмаў «Час «Летапісу» ў кінатэатры «Піянер», то, нарэшце, кінафарматы, якія «Беларусьфільм» асвойвае ўпершыню.
Прамільгнула і навіна пра наведванне кінастудыі кіраўніцамі і жонкамі кіраўнікоў дыпламатычных місій напярэдадні 8 сакавіка — штогадовая сустрэча, якую арганізуе жонка міністра замежных спраў Вера Палякова-Макей, гэтым разам прайшла на «Беларусьфільме», сярод касцюмаў і ружжаў з піратэхнічнага аддзела. То-бок, бачна, што работа над іміджам вядзецца.
Хоць зразумела, кінастудыя ў першую чаргу ацэньваецца па сваіх работах, а кінапракат апошнім часам яна парадавала толькі «Жыццём пасля жыцця» Дзмітрыя Астрахана і «Чорным сабакам» па кнізе Мікалая Чаргінца. Другая карціна, дарэчы, пасля паказаў на тэлеканале НТВ 11 красавіка выйшла ў мінскі пракат (рэспубліканскі конкурс кінапраектаў усё прадугледжвае і прапануе ствараць дзве версіі фільма — чатыры серыі для тэлебачання, спадзяюцца, расійскага, і поўны метр для вялікага экрана, ужо беларускага).
Пераарыентаванне ж — працэс доўгі, перанастройка канвеера буйной кінафабрыкі вымагае часу, а пакуль можна браць экскурсіямі. Мы чакаем, ці адзначыцца новая вяха кінастудыйнай гісторыі ў фільме пра Янку Купалу і экранізацыі «Авантур Пранціша Вырвіча» Людмілы Рублеўскай, а «Беларусьфільм» тым часам нават перавышае чаканні і пачынае камедыйны серыял. Як бы адказваючы на запыт сучаснага гледача.
Дарогу маладым
Таму шмат што гэтымі днямі тут здараецца ўпершыню. Першыя здымкі «Ілюзій» у павільёне «Беларусьфільма» прайшлі 9 красавіка. Гэта будзе шаснаццацісерыйны (па 26 хвілін) камедыйны маладзёжны серыял, у якім шэсць герояў павінны хутка паставіць паспяховы спектакль, каб выратаваць студэнцкі тэатр ад закрыцця.
Да таго ж аказалася, што пасля сарака гадоў існавання студыі анімацыйнага кіно яна здольная на поўны метр. Маецца на ўвазе фільм, які адразу робіцца як поўны метр, а не складаецца з кароткаметражных частак. Работа над першым — «Зоркі сёмага неба» — вядзецца ўжо некалькі гадоў.
«Кінастудыя пераарыентавала сваю палітыку: цяпер мы працуем не толькі з мэтрамі і вядомымі людзьмі, але і актыўна — з моладдзю. Прыкладам з'яўляецца наша рэпертуарная палітыка: мы пачалі здымаць маладзёжны сіткам, у якім удзельнічаюць акцёры, што альбо год-два таму скончылі Акадэмію мастацтваў, альбо яшчэ вучацца, ствараюцца альманахі ігравога і дакументальнага кіно, дзе рэжысёрамі выступаюць дэбютанты, над нашымі анімацыйнымі фільмамі працуюць у тым ліку маладыя мастакі-аніматары і рэжысёры-аніматары», — расказвае Уладзімір Карачэўскі.
Адзінае, што здымаюцца ў сіткаме ўчарашнія студэнты, ну, тут па сюжэце прадугледжана, а рэжысёрскае крэсла маладому не даверылі: аддалі майстру Івану Паўлаву.
У стварэнні «Зорак сёмага неба» маладыя задзейнічаны, а кіраўніцтва праектам узяла на сябе ўжо вядомы рэжысёр Алена Турава, дачка Віктара Турава і аўтар «Рыжыка ў Залюстроўі» і «Кіндэр-Вілейскага прывіда». Яна ж зоймецца работай над, лічы, другой поўнаметражнай анімацыйнай карцінай па сцэнарыі-пераможцы ўжо згаданага маладзёжнага конкурсу.
Як ні круці, кінастудыя немінуча агаляе праблему сучаснага беларускага кіно — майстры ёсць, а замены ім няма, у буйныя праекты нам няма каго прапанаваць. І справа тут не ў палітыцы «Беларусьфільма», куды ты яе ні арыентуй, а ў тым, што ў свой час наша кінаіндустрыя ўпусціла нешта важнае.
Старажытнаславянскія багі
З дваццаці пададзеных на конкурс сцэнарыяў заявак і трынаццаці дапушчаных да разгляду журы найлепшым быў прызнаны сюжэт «Песня Сірын» Сяргея Рагатка, у якім задзейнічаны пантэон старажытнаславянскіх багоў і міфалагічных істот — уласна птушка Сірын, Вялес, Пярун, Макоша, Купала і Кастрама, Паляндра, Дуб Светабудовы ды іншыя.
Два хлопчыкі па дарозе на дачу сустракаюць дзіўную птушку, якая крадзе тэлефон аднаго з іх. У пошуках апарата галоўныя героі становяцца сведкамі неверагодных падзей і мусяць прадухіліць знішчэнне Ніжняга, Верхняга і Пасярэдняга светаў.
«Кінастудыя паварочваецца і ў бок гледача. Апроч фестывальнага інтарэсу, нам важна, каб у аўдыторыі была зацікаўленасць. Каб людзі, якія сустракаюць супрацоўніка кінастудыі на вуліцы і даведваюцца, што ён там працуе, не пыталіся: «А што, яна яшчэ існуе?» Мы хацелі б, каб тое, што мы робім, знаходзіла водгук у беларускага гледача, каб ён ведаў, што мы робім, і пазнаваў персанажаў», — кажа Алена Турава.
Сцэнарый «Песні Сірын» ператворыцца ў фільм, а два ўдзельнікі, якіх журы вырашыла адзначыць заахвочвальнымі прызамі («Пенаты» Алены Зміцер і «Залаты яблык» Станіслава Сабалеўскага), застануцца ў сцэнарным партфелі кінастудыі.
У што б згаданыя «першыя» ініцыятывы не выліліся, у калідорах студыі ўпершыню за некалькі гадоў узнікае прыемнае адчуванне, што «кінафабрыка» разам з усімі няўдачамі, прынамсі, прыкладае намаганні да таго, каб пераламіць песімістычную традыцыю.
Атрымаецца папулярны сіткам ці не, ацэніць глядач поўнаметражную беларусьфільмаўскую анімацыю альбо праігнаруе, магчыма, адна з навінак кінастудыі спрацуе і скажа, што на «Беларусьфільме» прыйшлі лепшыя часы.
Сафія ПАЛЯНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/safiya-palyanskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[5] https://zviazda.by/be/tags/kino
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarusfilm-2