Звыш 750 экспанентаў з 53 краін і рэгіёнаў свету пацвердзілі сваю гатоўнасць удзельнічаць у Шанхайскім міжнародным турыстычным кірмашы-2019, які пройдзе з 18 па 21 красавіка ў кітайскім мегаполісе, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн» [3].
Шанхайскае муніцыпальнае ўпраўленне па справах культуры і турызму адзначыла, што Марока, Мадагаскар, Папуа-Новая Гвінея, Габон і Туркменістан упершыню размесцяць свае стэнды на гэтым кірмашы. Італія, Расія, Шры-Ланка, Японія, Камбоджа, Перу і Куба — доўгатэрміновыя партнёры-ўдзельнікі кірмашу — прадставяць новыя прадукты і паслугі ў адпаведнасці з новымі напрамкамі на кітайскім турыстычным рынку, паведаміў арганізатар.
Штогадовае мерапрыемства ўяўляе сабой платформу, на якой дэманструюцца прыродныя пейзажы Кітая. У гэтай сувязі мясцовыя турыстычныя ведамствы спрабуюць паказаць наведвальнікам свае турыстычныя рэсурсы з дапамогай высокіх тэхналогій.
У кірмашы прымуць удзел прадстаўнікі турбюро, агенцтваў, анлайн-тураператараў, авіякампаній, тэматычных паркаў, гатэляў і страхавых кампаній. Чакаецца, што агульная колькасць прафесійных наведвальнікаў перавысіць 15 тысяч чалавек, а колькасць аматараў падарожжаў — 50 тыс.
Як вядома, у 2018 годзе кітайскія турысты здзейснілі 150 млн замежных тураў і 5,5 млрд унутраных тураў. Мацерыковую частку Кітая наведалі 48 млн замежных турыстаў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[3] http://russian.people.com.cn/
[4] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya