З панядзелка ў Беларусі праходзіць прафілактычная акцыя "Дом без гвалту!" [1]. Яна будзе доўжыцца амаль два тыдні. На самым пачатку акцыі на круглым стале ў Мінску прадстаўнікі розных ведамстваў абмеркавалі гэтую вельмі актуальную праблему.
— Мы праводзім акцыю сумесна з Міністэрствамі адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, а таксама грамадскімі аб'яднаннамі, якія актыўна ўдзельнічаюць у дапамозе тым, хто церпіць ад гвалту ў сям'і, — кажа намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Алег Каразей. — А праблема гэта вострая. Летась 91 чалавек загінуў ад рук сваіх блізкіх. Акрамя гэтага, было здзейснена больш за 2 тысячы іншых злачынстваў, колькасць адміністратыўных правапарушэнняў перавысіла 50 тысяч... Таксама зарэгістравана больш за 90 фактаў злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці. І толькі 7 з іх былі здзейснены супраць жонак і сужыцелек. Ахвярамі астатніх сталі дзеці.
На працягу 12 дзён спецыяльныя міжведамасныя рабочыя групы наведаюць па месцы жыхарства сямейных агрэсараў, выступяць ва ўстановах адукацыі і працоўных калектывах. Яны распавядуць аб прававых нормах, спосабах дапамогі ахвярам, а таксама падкажуць тэлефоны "гарачых ліній".
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/be/news/20190415/1555307095-akcyya-dom-bez-gvaltu-pachynaecca-u-belarusi-15-krasavika
[2] https://zviazda.by/be/tags/kryminal