У Беларусі з пачатку года пацярпелі ад атручвання грыбамі дзевяць чалавек, піша [1] БЕЛТА са спасылкай на прэс-сакратара Міністэрства аховы здароўя Юлію Барадун.
"Зарэгістравана ўжо 8 выпадкаў атручвання грыбамі, пацярпелі 9 чалавек. Пацярпелыя, з іх слоў, ужывалі ў ежу марынаваныя і сушаныя грыбы. Атручванняў свежымі грыбамі пакуль не зарэгістравана", - сказала Юлія Барадун.
За 2018 год зарэгістравана 86 выпадкаў атручвання, пацярпелі 98 чалавек. Пацярпелыя ўжывалі як марынаваныя, салёныя, сушаныя, так і свежыя грыбы.
Вясной традыцыйна з'яўляюцца смаржкі і страчкі, якія вельмі падобныя. У сырым выглядзе страчкі смяротна ядавітыя. У многіх краінах страчкі адносяць не да ўмоўна ядавітых, а да ядавітых. Смаржкі ж можна ўжываць толькі пасля папярэдняй апрацоўкі. Абодва гэтыя віды грыбоў маюць небяспечны яд - гельвелавую кіслату. Акрамя таго, у страчках ёсць моцны яд гірамітрын, які не разбураецца і не пераходзіць у адвар нават пры працяглым кіпячэнні.
У Міністэрстве аховы здароўя нагадалі: каб пазбегнуць атручвання грыбамі, неабходна ведаць і выконваць элементарныя правілы прафілактыкі: збіраць толькі вядомыя грыбы (існуюць даведнікі ядомых і ядавітых грыбоў), не збіраць і не купляць на рынку перарослыя, друзлыя, пашкоджаныя лічынкамі і цвіллю грыбы, не збіраць дарункі прыроды ўздоўж дарог, ніколі не купляць на рынку грыбныя кансервы, зробленыя ў дамашніх умовах, а таксама сухія грыбы, грыбную ікру і розныя салаты з гэтага прадукту. Таксама эпідэміёлагі рэкамендуюць не адкладаць апрацоўку грыбоў, бо гэты прадукт хутка псуецца, і загатоўваць у запас толькі маладыя грыбы. Кожны від грыбоў трэба саліць, сушыць і марынаваць асобна. Перад прыгатаваннем іх трэба старанна мыць, а ваду пасля адварвання абавязкова зліваць.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/devjat-chelovek-otravilis-gribami-s-nachala-goda-v-belarusi-344137-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/gryby
[3] https://zviazda.by/be/tags/atruchvanne