«Вітаю, шаноўныя! Хачу спытаць перад Вербніцай: які сэнс укладвала ў асвячоныя галінкі вярбы народная традыцыя?»
Таццяна Ленгіновіч, Гродна.
У хрысціянстве Вербная (Пальмавая) нядзеля мае статус найвялікшага свята, у сэнсе якога закладзена евангельская падзея — уезд Хрыста ў Іерусалім, калі насельнікі горада віталі яго пальмавымі галінкамі.
Замест пальмавых галінак славяне, у тым ліку і беларусы, выкарыстоўваюць у сваіх абрадах вярбу. У народнай культуры ўсходніх і заходніх славян гэта дрэва стала сімвалам хуткага росту, жыцця, якое набірае моц урадлівасці, добрага здароўя. Да маладой вярбы ставіліся як да карыснага і свяшчэннага дрэва: галінкі маладой вярбы неслі ў храм, каб асвяціць, затым прыносілі дадому і выконвалі з імі шэраг рытуальных дзеянняў, якія сімвалізавалі адраджэнне (ці зараджэнне) новага жыццёвага цыкла, новага здароўя і ўраджаю.
Галінкі вярбы рыхтавалі загадзя: іх выразалі з кустоў, што раслі паабапал рэк і балот, прыносілі дахаты. Звязвалі ў пучкі па некалькі штук і ўпрыгожвалі кветачкамі з каляровай паперы або нават кветкамі, спецыяльна нарыхтаванымі і засушанымі з лета, а таксама рознакаляровымі стужкамі. У некаторых рэгіёнах у гэты «букет» дабаўлялі галінку ядлоўцу. Этнографамі былі зафіксаваны звесткі, што яшчэ ў пачатку ХІХ ст. у Гродзенскай губерні ў царкву для асвячэння прывозілі нават вялікую вярбу разам з карэннем. Пасля заканчэння набажэнства яе галінкі ламалі і разносілі па хатах.
Той, хто прыносіў дадому асвячоныя галінкі, злёгку сцёбаў імі ўсіх дамачадцаў, перш за ўсё дзетак, і прыгаворваў:
Не я б'ю, вярба б'е,
За тыдзень — Вялікдзень,
Будзь здароў, як вада,
А расці, як вярба!
Будзь здароў на ўвесь год!
Старыя людзі лічылі самым вялікім грахом знаходзіцца ў хаце ў той час, калі ў цэрквах асвячаюць галінкі вярбы. Таму тых, хто па розных прычынах (а часцей за ўсё па хваробе) не мог быць у гэты момант у храме, сцёбалі яшчэ мацней, каб прагнаць сон, немачы, паспрыяць удачы і дабрабыту ў наступным годзе.
Нашы продкі верылі, што асвячоная вярба дапамагае перасцерагчы і свойскую жывёлу ад «уразу» і хвароб. Практычна ўсё жывое на падворку павінна было быць «пабіта»: каровы, конь, вол, козы, а таксама калоды з пчоламі. Потым гаспадар ішоў у сад і таксама тройчы сцёбаў там кожнае пладаноснае дрэва, тое ж самае адбывалася ў агародзе і на ніве (з нівы галінкі не несліся дадому, а ўтыкаліся ў зямлю на месцы).
Пасля таго як выконваліся ўсе неабходныя ахоўна-магічныя дзеянні, частку асвячоных галінак хавалі за бажніцу — у пачэсны кут, частку ўтыкалі ў сцены ці пад страху ўсіх пабудоў. Там яны будуць захоўвацца на працягу года — да наступнай Вербніцы. Галінкі вярбы лічылі адным з самых надзейных сродкаў, каб зберагчы хату ад пажару, удару маланкі, паводкі, а яе насельнікаў — ад ліхіх людзей і «благіх» вачэй.
Галінкі захоўвалі да наступнай Вербніцы. І пасля таго як асвячалі новыя, старыя назаўтра спальвалі ў печы (у многіх месцах галінкі спальвалі ў перадсвяточную суботу). Прычым попел абавязкова збіралі і рассыпалі па градках (там, дзе не ступае нага каровы ці каня). З вуснаў у вусны перадавалася чутка пра тое, што на тых градах, дзе быў рассыпаны попел ад асвячоных вербачак, пры любых умовах і надвор'і заўсёды родзяць добрыя агуркі.
Аксана КАТОВІЧ
Янка КРУК
Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі [5] з пазнакай «Пра радзіннае».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-katovich
[2] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kruk
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/religiya
[5] mailto:info@zviazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/verbnaya-nyadzelya
[7] https://zviazda.by/be/tags/religiya
[8] https://zviazda.by/be/tags/radzinnae