Ці трэба бацькам імкнуцца да таго, каб дзеці пасвячалі іх у свае асабістыя сакрэты і ў якім узросце не позна расказаць пра правілы першага спаткання? Як увогуле да яго падрыхтаваць падлетка? Што павінны пра «гэта» расказваць бацькі дашкольнікам і старшакласнікам? Колькі жыве закаханасць (і як без яе жыць далей)? Якія этапы ўзаемаадносін абавязкова павінны прайсці маладыя людзі, каб стварыць шчаслівы шлюб (ці бязбольна разарваць адносіны)? Пра гэта нам расказалі каардынатар цэнтра, дружалюбнага да падлеткаў, «Давер» Валянціна Шукан і псіхолаг-кансультант Святлана Паляшчук.
— У якім узросце дзеці пачынаюць цікавіцца супрацьлеглым полам?
В. Ш.: — Гэта адбываецца не ў падлеткавым узросце, а значна раней. Першае каханне можа здарыцца і ў дзіцячым садку. Калі маленькія дзеці абдымаюцца, дзеляцца цукеркамі, гэта першыя праявы сімпатыі.
С. П.: — Дзесьці ў дзесяць гадоў у дзяцей ужо відавочнае дзяленне на хлопчыкаў і дзяўчынак. І тут сімпатыю хлопчыкі часта праяўляюць у выглядзе агрэсіі: калі дзяўчынка падабаецца, яе будуць чапляць, тузаць за коску. Гэта праяўляецца і праз сумесную гульню: менавіта з гэтай дзяўчынкай хлопчык будзе гуляць у даганялкі, хованкі і іншае. Але пакуль гэта ўсё без сексуальнага падтэксту. Ён з'явіцца да пачатку палавога выспявання, і тады размова ідзе аб утварэнні пар. Прыкладна ў 13—14 гадоў утвараюцца першыя пары. Таму бацькі павінны не спазніцца і правесці пэўны лікбез: як паводзіць сябе на першым спатканні, як рабіць кампліменты дзяўчынцы, пра межы дазволенага... Як правіла, бацькі спазняюцца — пачынаюць даваць парады, калі пара ўтварылася.
— Па якіх прыкметах бацькі могуць здагадацца, што сын ці дачка закахаліся?
С. П.: — Лепш, канешне, калі з бацькамі ёсць эмацыянальны кантакт і дзеці расказваюць самі. Але і так нескладана заўважыць, што малады чалавек пачынае ўдзяляць больш увагі правілам гігіены: бацькам ужо не трэба лішні раз нагадваць пачысціць зубы, памяняць шкарпэткі. З'яўляецца больш увагі да сваёй знешнасці.
В. Ш.: — У дзяўчат увага да знешнасці таксама выходзіць на першы план. Калі раней яна выбягала гуляць на вуліцу, як толькі яе паклікалі, то цяпер падумае, ці не трэба памыць галаву, прыгожа апрануцца, нафарбавацца, што таксама робіцца для таго, каб падабацца супрацьлегламу полу. Гэта калі і не закаханасць, то гатоўнасць да таго, што нехта можа сустрэцца.
— Што да перыяду першай закаханасці павінны паспець растлумачыць бацькі?
С. П.: — Самае элементарнае — падрыхтаваць падлетка да першага спаткання. Пажадана, каб з хлопчыкам пагутарыў тата, з дзяўчынкай, адпаведна, мама. Добра, калі бацька растлумачыць хлопцу, як запрасіць дзяўчынку на спатканне, як расказаць ёй пра свае пачуцці, што можна і чаго нельга рабіць падчас першай сустрэчы. Часта ўзнікае і камунікатыўны бар'ер — пра што размаўляць на працягу гадзіны. Таму да спаткання трэба падрыхтавацца: мець запас пытанняў. Сёння праз сацсеткі нескладана высветліць зону цікавасцяў хлопца ці дзяўчыны. Калі малады чалавек захапляецца футболам, то дзяўчынцы не лішнім будзе даведацца, калі выступае яго любімы клуб, хто ключавыя гульцы ў камандзе, каб падтрымаць размову.
Зразумела, пару маладыя людзі выбіраюць па знешнасці, але гэтага недастаткова, каб завязаць устойлівыя адносіны. Феномен Папялушкі, якая згубіла туфлік, і прынц яе шукаў, сёння не працуе. Але ў некаторых дзяўчат такая ўстаноўка захоўваецца: я прынцэса, і вакол мяне лётаюць, як пчолы, маладыя людзі. Дзяўчынка павінна чымсьці захапляцца, хоць бы вышываць крыжыкам. І калі яна ўмее пра гэта цікава, нешаблонна, нестандартна расказаць, яна прыцягне ўвагу. Калі ж клопат толькі пра знешнасць, то стварыць устойлівую пару дастаткова складана, нават маючы выдатныя даныя.
— У якім узросце бацькам не рана і не позна размаўляць з падлеткамі пра секс? Што павінны растлумачыць бацькі?
В. Ш.: — Калі мы кажам пра палавое выхаванне, то заўсёды акцэнтуем увагу на тым, што яно пачынаецца не з падлеткавага ўзросту, а ледзь не з моманту нараджэння. К шасці гадам у хлопчыкаў і дзяўчынак фарміруецца дакладнае ўяўленне аб сваёй палавой прыналежнасці. Палавое выхаванне пачынаецца з гендарных роляў: у сям'і ёсць мама і тата, і яны пара. І калі гэта пара, яны абдымаюцца, цалуюцца, у іх абавязкова будуць дзеці. Пра гэта нават не трэба расказваць, маленькія дзеці гэта бачаць у сваёй сям'і. Яшчэ да моманту палавога выспявання бацькі павінны пагаварыць пра тое, як устроена цела, што з ім будзе адбывацца далей. Але пытанні рэпрадукцыі трэба абмеркаваць раней. «Адкуль я ўзяўся?» — пытаюць ужо дашкольнікі. Трэба растлумачыць, што калі маладыя людзі падабаюцца адно аднаму, яны ўступаюць у шлюб, праз пэўны час у іх нараджаюцца дзеці. Тое, што нейкі час ты жыў у мамы ў жывоціку, потым нарадзіўся, таксама расказаць варта.
С. П.: — Цяпер шмат літаратуры па ўзросце, і з яе дапамогай бацькі могуць паказаць, як і што адбываецца. Пачынаць варта з рознасці палоў і ўяўлення, як устроены хлопчык і дзяўчынка. Што датычыцца сексу, то к шасці-сямі гадам дзеці пачынаюць задаваць гэта пытанне. І не таму, што ім цікава, — яны проста чуюць гэта слова. Зараз у нас насычаная інтэрнэт-прастора, тэлебачанне, дзеці бачаць і пытаюцца. Яны яшчэ не гатовы да гутаркі на гэту тэму, і бацькам не варта падрабязна ўсё тлумачыць. Спачатку трэба пацікавіцца, дзе ты гэта слова пачуў. Магчыма, у школу ўжо нехта прынёс пэўную відэапрадукцыю. Калі дзіця сутыкаецца з такой інфармацыяй у раннім узросце, непадрыхтаваным, яно, канешне, траўмуецца. У яго ўзнікае пытанне: няўжо тата і мама гэта робяць?! І тут вельмі важна растлумачыць яму паняцце інтымнасці: што ёсць часткі цела, якія бачыць толькі доктар, і што ўзаемаадносіны паміж мужчынам і жанчынай — таксама інтымныя рэчы. Усё, што адбываецца ў спальні, гэта тайна дваіх, мамы і таты. І калі ты выйдзеш замуж ці ажэнішся, у цябе таксама будуць узаемаадносіны з іншым чалавекам.
— У якім узросце можна пачынаць інтымныя адносіны?
С. П.: — Часта падлеткі прывязваюць гэта да ўзросту згоды — 16 гадоў, бо тады не будзе юрыдычнай адказнасці. Але гэта занадта ранні час для палавога дэбюту. Рэпрадукцыйная сістэма саспявае ў 18 гадоў — па фізічных і псіхалагічных прычынах. І мы павінны разумець, што існуюць этапы ўзаемаадносін. Падлеткам мы тлумачым, што ў адносінах пары існуюць этапы, і яны павінны быць абавязкова пройдзеныя. Яны маюць дакладныя часавыя межы і свае мэтавыя ўстаноўкі. За знаёмствам ідзе этап заляцання. Асноўная яго задача — фарміраванне прыхільнасці. Гэта той перыяд, калі вы разам ходзіце ў кіно, вывучаеце інтарэсы адзін аднога, бываеце ў агульнай кампаніі, каб у вас склалася ўяўленне пра гэтага чалавека.
Этап заляцання павінен быць напоўненым, змястоўным, цікавым. Гэта адзін з асноўных этапаў, які забяспечвае ў будучым дабрабыт шлюбу. Яго мінімальныя межы — шэсць месяцаў устойлівага кантактавання. Гэта не заўсёды дарагія падарункі, прыгажосць заляцанняў не ў гэтым. Пажадана пабываць у тым месцы, дзе вы ніколі раней не былі, напрыклад, схадзіць на каток — так фарміруюцца агульныя цікавасці. Калі мы падыходзім да наступнага этапу — закаханасці, то ўжо ёсць жаданне заставацца сам-насам, нікуды не хадзіць, а пабыць разам. Праз паўгода можна пазнаёміць і з мамай-татам, каб бацькі мелі ўяўленне, што вы з кімсьці кантактуеце.
Часта да нас прыходзяць дзяўчаты, калі адносіны разарваныя: хлопец паехаў у Амерыку і нават не сказаў пра гэта. І калі мы пачынаем абмяркоўваць, колькі вы ведалі адно аднаго, то перыяд заляцання скарачаецца да двух тыдняў. Праз тры месяцы ўзніклі інтымныя адносіны, а праз чатыры — разрыў. Гэта заканамерна, бо парушаны ўсе этапы ўзаемаадносін.
В. Ш.: — Такая лесвіца ў выглядзе этапаў дае магчымасць у пэўны перыяд пакінуць гэтыя адносіны і пачаць усё з пачатку. Пазнаёміцца з іншым чалавекам, штосьці зразумець пра яго, зноў пакінуць і бязбольна пачаць з нуля. Часта ўяўленне ў моладзі такое: каб пацвердзіць сваё добрае стаўленне, абавязкова трэба нейкія інтымныя рэчы рабіць. «Калі ты мяне любіш, дашлі мне сваё аголенае відэа ці фота». І дзеці часам пацвярджаюць свае добрыя адносіны да чалавека, якога яны, здараецца, ведаюць толькі праз інтэрнэт. Варта ім тлумачыць, што не такім чынам гэта робіцца. І ўвогуле ёсць рэчы ў адносінах, на якія ўстаноўлены жорсткія забароны.
— Якія гэта рэчы?
В. Ш.: — Напрыклад, калі ён ці яна цябе зняважыў ці прынізіў, прылюдна ці сам-насам, адназначна гэтыя адносіны трэба абарваць, бо яны непрадуктыўныя. Ніхто ў пары не мае права зневажаць іншага чалавека, гэта псіхалагічны гвалт. Маладыя часта гэта церпяць: маўляў, а раптам больш ніхто мяне не пакахае? Такія сузалежныя стасункі не будуць прыносіць задавальнення. А калі яны будуць падмацоўвацца яшчэ і інтымнымі адносінамі, то разарваць іх фактычна немагчыма. Секс адыгрывае сваю цэментуючую ролю. У шлюбе, напрыклад, ён прызваны згладжваць канфліктныя сітуацыі ў першы год жыцця. Бо па-іншаму не маглі б захоўвацца маладыя сем'і.
С. П.: — Перыяд закаханасці доўжыцца столькі, колькі жыве ідэальны вобраз партнёра, які мы сабе намалявалі. Па часе — да палутара гадоў. Пасля гэтага ў норме ідэальны вобраз распадаецца, і мы бачым рэальнага чалавека з яго недахопамі. Малады чалавек хавае брудныя шкарпэткі пад канапу — ці гатова я мірыцца з гэтым недахопам? Гэта можа быць нявернасць, калі ён сустракаўся з яшчэ адной дзяўчынкай. Можа быць і злоўжыванне алкаголем. Перад намі рэальны чалавек, рэальныя ўзаемаадносіны, і вось тут трэба ўзважыць, ці гатовы мы менавіта з ім будаваць нешта далей. Таму калі ў перыяд закаханасці ці заляцання маладыя людзі ўступаюць у інтымныя адносіны, гэта дзейнічае як цэмент і перашкаджае механізму разрыву адносін у той сітуацыі, калі стасункі відавочна непрадуктыўныя. Тады закаханасць ператвараецца ў сузалежнасць, і гэта ўжо праблема. І падлеткі не ў стане з-за свайго ўзросту, несфарміраванай самасвядомасці адрозніваць закаханасць і сузалежнасць.
Таму мы заўсёды арыентуем іх на ўстрыманне, каб яны маглі навучыцца камунікацыі, маглі падабраць чалавека па інтарэсах, які цалкам іх задавальняе. Адносіны ў пары могуць быць і без сексу, як ні дзіўна гэта сёння гучыць. І гэта будуць добрыя трывалыя адносіны. На спатканні ёсць межы дазволенага: гэта пацалункі, абдымкі, калі размова ідзе пра этап закаханасці. І 85 % маладых людзей схільныя да ўстрымання. Яны здольныя сублімаваць сваю сексуальную энергію ў творчую, у спорт, у іншыя дасягненні.
А на пытанне «калі пачаць?» адказ просты: калі маладыя людзі гатовы да ўступлення ў шлюб. Інтымныя адносіны прадугледжваюць з'яўленне трэцяга. Таму павінна прысутнічаць гатоўнасць мець дзяцей, работу і магчымасць стварыць незалежную ад бацькоў сям'ю.
Алена КРАВЕЦ
Фота БЕЛТА
Здымак носіць ілюстрацыйны характар
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/padletki
[6] https://zviazda.by/be/tags/pershaya-zakahanasc