«Першым чынам самалёты, а дзяўчаты — потым». Гэтыя словы з песні «Нябесны ціхаход» актуальныя для лётчыкаў дагэтуль. Пакуль мужы ў небе, жонкі завіхаюцца на зямлі, а пасля сужэнцы разам пачынаюць... тварыць. У прыватнасці, так адбываецца ў Яна і Валерыі Макаранкаў, якія па выніках конкурсу «Сям'я — крышталь грамадства» сталі найлепшай маладой сям'ёй 116-й штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе. Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.
Паветраны шар і тройка коней
Валерыя заўжды марыла атрымаць прапанову рукі і сэрца на паветраным шары, каб вакол было цёпла, прыгожа, а ўдалечыні ружавеў захад... У рэальнасці гэта здарылася ўзімку на вяршыні гары, калі надвор'е было марозна-ветранае. Зразумела, гэта зусім не сапсавала ні мары пра шчаслівае жыццё, ні яго далейшы ход. Сваю гісторыю маладыя ўспамінаюць з цеплынёй і натхненнем.
Ян і Валерыя пазнаёміліся ў 2013-м на парадзе з нагоды 70-годдзя Перамогі. Ян, тады яшчэ курсант другога курса, стаяў у ачапленні і знайшоў Валерыю вачыма ў натоўпе людзей. Пасля мерапрыемства яны сустрэліся.
— Калі двое хочуць знайсці адно аднаго, гэта не праблема, нават калі будзе процьма людзей, — кажа хлопец.
— Мне падабаюцца мужчыны ў форме, падабаецца, як яны выглядаюць, як даглядаюць сябе. Ну як не паглядзець на такога прыгажуна? — смяецца Валерыя. — А калі пачалі размаўляць, зразумела, што гэта вельмі душэўны і блізкі па светапоглядзе чалавек.
Прапанову Ян зрабіў Валерыі падчас адпачынку ў Карпатах. Дзяўчына чакала, пакуль каханы накатаецца на лыжах, бо, як яна прызнаецца, у самой яе з лыжамі не вельмі заладзілася. Нарэшце перад замёрзлай сяброўкай з'явіўся Ян, і яна ўзрадавана рушыла да фунікулёра. Але хлопец нагадаў: «Дык мы ж хацелі на санках з коньмі праехацца, памятаеш?»
— Што было рабіць? Раз ён так сказаў, прыйшлося пагадзіцца, — успамінае Валерыя. — І вось мы імчым на самы верх гары. Я ў трымценні ўся, аднак раблю выгляд, што любуюся наваколлем. Тут ён прапаноўвае мне зрабіць пару здымкаў гэтай прыгажосці. Я, хоць ледзьве трымаю апарат ледзянымі пальцамі, паслухмяна фатаграфую. Паварочваюся і бачу свайго каханага на калене. Вядома, я адказала «так».
Ян кажа, што прапанова на паветраным шары не была б для будучай жонкі нечаканасцю, а яму хацелася менавіта такога эфекту.
Ажанілася пара крыху менш як год таму і сёлета сімвалічна будзе адзначаць першую гадавіну сямейнага жыцця, 5-годдзе з дня сустрэчы і 75-годдзе Перамогі. Тлумачаць, што так доўга сустракаліся, бо ставіліся сур'ёзна да стварэння сям'і.
— Пакуль вучыўся, разумеў, што жаніцьба нічога не зменіць, — успамінае Ян. — Пасля выпуску я стаў паўнапраўным афіцэрам і мне ўжо было куды прывесці жонку. Тым больш што я хацеў зрабіць прапанову рукі і сэрца рамантычна, вось і чакаў, пакуль закончу акадэмію.
Самалёты ў інтэр'еры і жыцці
Ян — былы мінчанін. Валерыя — родам з Сібіры. Яе дзядуля ў свой час паехаў з Беларусі ў Расію будаваць горад Лангепас, што ў Цюменскай вобласці.
А дзяўчына, якая па спецыяльнасці архітэктар, вярнулася адтуль у Беларусь, каб будаваць дамы ў Мінску. Так атрымаўся своеасаблівы кругазварот. Валерыя МАКАРАНКА, тэхнік-праекціроўшчык праектнай майстэрні «Інстытут Гроднаграмадзянпраект», працягвае павышаць сваю адукацыю і завочна вучыцца ў БНТУ на інжынера-будаўніка:
— Мінск даў мне цудоўны вопыт па прыватным домабудаўніцтве, у тым ліку па праектаванні павільёнаў, перапланіроўцы кватэр, і не толькі ў сталіцы, а па ўсёй краіне. Цяпер распрацоўваю генеральныя планы пад шматпавярховае будаўніцтва. І гэта прыемна — усведамляць, што ты прадумваеш, як зрабіць найбольш камфортнымі кватэры для людзей, у тым ліку і ваенных.
116-я штурмавая авіяцыйная база ў Лідзе стала для Яна МАКАРАНКІ, намесніка камандзіра авіяцыйнага звяна вучэбна-трэніровачнай эскадрыллі, першым месцам працы. Маладыя адразу ацанілі гэтую ціхую мясціну і старанна вывучаюць яе краявіды падчас прагулак з сабакам.
— Цяпер я адчуваю сябе больш спакойна, чым у Мінску. Няма такога, што пераехалі з вялікага горада ў маленькі і жыццё на гэтым спынілася, — кажа Валерыя. — Хоць мы вельмі любім ездзіць па ўсёй Беларусі, але Ліда стала месцам, дзе хочам уладкоўваць сваю будучыню.
Макаранкі жывуць у службовай кватэры, аднак наводзяць у ёй парадак, як ва ўласным сямейным гняздзе. Сцены дэкарыравалі карцінамі з самалётамі і рукадзельнымі работамі Валерыі, якія яна дарыла будучаму мужу падчас яго вучобы. У цэнтры пакоя размясціўся «лавец сноў», якога маладыя прывезлі з вясельнага падарожжа. Усе сувеніры яны стараюцца падбіраць так, каб іх можна было выкарыстаць у інтэр'еры.
А яшчэ дзяўчыне падабаюцца самаробныя брошкі. У дзень нашай сустрэчы да яе блузкі быў прыколаты паветраны шар.
— Калі жывеш з мужам-лётчыкам, паступова прывязваешся да авіяцыі, — смяецца Ян. — То бірулька-самалёцік, то значок на рукзак, і так плаўна ў авіяцыю ўлівацца пачынаеш.
Валерыя, дарэчы, на сабе паспытала адчуванні мужа. Калі Ян вучыўся на другім курсе, ён адвёў дзяўчыну ў аэраклуб. Там інструктар «пакатаў» яе ў небе, «выпісаўшы» на самалёце ўсе магчымыя фігуры.
— Ян не вельмі любіць дзяліцца тым, чым ён займаецца на рабоце. Але пасля таго палёту я пачала разумець, наколькі гэта складаная работа і не кожны зможа яе зрабіць. Пачала ставіцца да яго з большым разуменнем, тым больш што абстаноўка дома напрамую ўплывае на яго стан у кабіне, — дзеліцца яна.
У небе няма выпадковых
— Конкурс «Сям'я — крышталь грамадства» праводзіцца ва Узброеных Сілах краіны, каб фарміраваць станоўчы вобраз ваеннаслужачых. Тут яны паказваюць свае найлепшыя якасці і раскрываюць таленты, — далучаецца да размовы намеснік камандзіра вучэбна-трэніровачнай авіяцыйнай эскадрыллі Эдуард ЖМАКІН.
Пры гэтым спаборніцтвы праходзяць вельмі ярка і творча, прымушаць да ўдзелу нікога не трэба. Удзельнічаць Макаранкі хацелі яшчэ летась, аднак не атрымалася. Сёлета жаданне рэалізавалася. Яны з імпэтам рыхтаваліся да спаборніцтваў: пісалі вершы, песні, рабілі прэзентацыі...
Наперадзе наступны этап — спаборніцтва з іншымі найлепшымі парамі ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны. А пасля — конкурс Міністэрства абароны, дзе за званне найлепшай пары змагаюцца маладыя сем'і з воінскіх часцей усёй краіны. «І мы настроены на перамогу», — у адзін голас кажуць Ян і Валерыя.
— Я вельмі задаволена, што магу дапамагчы мужу ў такіх конкурсах і рэалізаваць свой творчы патэнцыял, і мы здольныя разам зрабіць шмат прыгожага і дзіўнага, — дзеліцца Валерыя. — Пакуль складалі вершы, шмат новых якасцяў у сабе адкрылі.
— У наступным туры мы спадзяёмся так прадставіць нашу базу, каб людзям стала цікава даведацца пра яе больш і, магчыма, прыйсці сюды служыць, — мяркуе Ян.
Ён — першы ваенны ў сваёй сям'і. Прычым пайсці ў Ваенную акадэмію вырашыў толькі ў дзясятым класе. А яшчэ заўжды хацеў скокнуць з парашутам. Гэта вырашыла справу. Лятаць курсанты пачалі з першых курсаў — на планёры. На апошніх Ян ужо лунаў у небе над Лідай.
— Як толькі сеў упершыню за штурвал — зразумеў, што не памыліўся з выбарам, гэта маё, — кажа ён.
— У авіяцыі ўвогуле не бывае выпадковых людзей, — дадае Эдуард Жмакін. — Часам прыходзіцца ахвяраваць нейкімі момантамі прыватнага жыцця дзеля неба, таму чужыя тут не затрымліваюцца. Прафесія ваеннага пераносіцца і ў штодзённы быт сям'і. Жонкі нашых лётчыкаў, напрыклад, адрозніваюць самалёты па гуку, не гледзячы ў неба. Нават шпалеры ў некаторых у «самалёціках».
Не менш, чым трое
Лідскаму аэрадрому больш за 100 гадоў. За гэты час тут склаліся свае традыцыі, наладзілася пераемнасць пакаленняў. Многія рэчы застаюцца нязменнымі. Напрыклад, праз празмерныя нагрузкі лётчыкам патрэбна шмат вугляводаў і вітамінаў. А іх найбольш у шакаладзе і згушчоным малацэ, таму гэтыя прадукты ў іх пайку абавязковыя. «Здаровы сон і харчаванне — залог паспяховага лятання». Насамрэч гэтыя жартаўлівыя словы — чыстая праўда. Такі рэжым лётчыкам неабходна вытрымліваць для якаснай работы.
— Лётчык павінен быць у добрай форме, каб выконваць фігуры вышэйшага пілатажу, манеўраваць падчас баявых дзеянняў, вытрымліваць перагрузкі і іншае. У лётчыкі ідуць найлепшыя з найлепшых, бо многіх адсейваюць па медыцынскіх паказчыках. Мы не маем права памыліцца, таму што гэта не толькі наша жыццё, а і навакольных, плюс дарагое абсталяванне, — расказвае Эдуард Жмакін і паказвае сімулятар палётаў ЯК-130, на якім лётчыкі адпрацоўваюць разнастайныя сітуацыі.
Сядаючы ў кабіну, трапляеш у трохмерную прастору і адчуваеш, як уздымаецца самалёт, як пераварочваецца ў небе, як саджаеш яго. Нават проста назіраючы, як зямля з небам перакульваюцца, мяняючыся месцамі, я адчула, як зашумела ў галаве. Што ўжо казаць пра сапраўдную вышыню...
А яшчэ траекторыю палёту адпрацоўваюць на зямлі — «пешым па лётнаму», як кажуць тут. Незалежна ад звання бярэш мадэль самалёта ў руку і «ляціш» з ім па зададзенай траекторыі, ідучы па зямлі.
У найбліжэйшых планах сям'і Макаранкаў, акрамя перамогі ў конкурсе Міністэрства абароны, — цвёрда ўстаць на ногі, набыць аўтамабіль. А далей ажыццявіць мару пра траіх дзетак. Ян кажа, што зробіць усё магчымае, каб іх будучы сын пайшоў па слядах бацькі. А Валерыя дадае: «Галоўнае, каб ён стаў такі ж шчаслівы, як мы. Абстаўляючы кватэру, я ўжо паціху думаю, дзе паставіць ложачак».
Ірына СІДАРОК
Фота Андрэя САЗОНАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/author/andrey-sazonau
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[5] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[6] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[7] https://zviazda.by/be/tags/armiya