Viber абвясціў аб рашэнні запусціць поўнафункцыянальную беларускую версію папулярнага месанджара, паведамляюць беларускія СМІ.
Спецыяльна да гэтага абнаўлення прымеркаваны конкурс па распрацоўцы стыкерпака сярод беларускіх ілюстратараў. Пераможца атрымае прыз у памеры 6 тысяч рублёў.
Конкурс для ілюстратараў "Viber па-беларуску" стартаваў 17 красавіка, будзе складацца з некалькіх этапаў. Каб прыняць удзел, неабходна да 10 мая падаць заяўку, якая будзе ўключаць: апісанне канцэпцыі пака і яго назву, а таксама тры намаляваныя каляровыя стыкеры.
Журы разгледзіць усе працы ўдзельнікаў і назаве 20 найлепшых, якія працягнуць змагацца за галоўны прыз. Фіналісты прадставяць свае работы 16 мая ў мінскім офісе Viber. Далей журы сфармуе шорт-ліст з пяці найлепшых работ. Пераможца конкурсу будзе абраны шляхам апытання ў суполцы Viber Беларусь.
Удзельнік, які заняў першае месца, атрымае магчымасць папрацаваць са студыяй дызайну Viber і запусціць на пляцоўцы свой уласны стыкерпак.
"Беларусь для нас асаблівы рэгіён. Viber з'яўляецца самым папулярным дадаткам для абмену паведамленнямі ў краіне. У Мінску і Брэсце знаходзяцца два нашыя буйныя цэнтры распрацоўкі. Таму мы рады, што маем магчымасць умацаваць сувязь паміж Беларуссю і Viber", - адзначыў генеральны дырэктар Viber Джамэл Агауа.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viber
[2] https://zviazda.by/be/tags/vayber