Прадстаўнікі кітайскіх медыя з 15 да 20 красавіка гасцююць у нашай краіне, наведваючы розныя аб'екты як у беларускай сталіцы, так і ў рэгіёнах.
У рамках арганізаванага прэс-тура яны ўжо пабывалі ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень», рэсурсным цэнтры ЭкаТэхнаПарк — Волма, навукова-тэхнічным парку БНТУ «Палітэхнік». У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце кітайскія журналісты змаглі пазнаёміцца з адукацыйным працэсам на факультэце кітайскай мовы і культуры, пагутарылі з першым намеснікам міністра адукацыі Беларусі Ірынай Старавойтавай і кіраўніцтвам ВНУ.
Знаёмства з «адукацыйнай тэмай» працягнулася на гродзенскай зямлі, дзе ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы вучацца суайчыннікі гасцей. Прычым на ўсіх узроўнях атрымання адукацыі: ад падрыхтоўчага аддзялення да аспірантуры. Акрамя таго, тут развіваюцца некалькі сумесных навуковых праектаў. Разам з тым вывучэнне мовы мае ўзаемны характар: каля 200 беларускіх студэнтаў вывучаюць кітайскую мову на розных узроўнях. Гэта могуць быць курсы ў кабінеце Канфуцыя ці вывучэнне кітайскай мовы як першай замежнай для студэнтаў, якія займаюцца на спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый».
Перавагі якаснай і натуральнай беларускай прадукцыі кітайскія госці змаглі ў літаральным сэнсе ацаніць на смак, наведаўшы прадпрыемствы «Малочны мір» і «Беллакт».
А з багатай культурна-гістарычнай спадчынай кітайскія госці мелі магчымасць пазнаёміцца бліжэй падчас наведвання замкавага комплексу «Мір» і пешай прагулкі па гістарычных мясцінах цэнтра Гродна.
На сустрэчы з кіраўніцтвам вобласці журналістаў больш за ўсё цікавілі пытанні супрацоўніцтва Гродзеншчыны з рэгіёнамі Кітая. Прадстаўнікі масмедыя змаглі даведацца, як рэалізуюцца з удзелам кітайскага капіталу чатыры інвестпраекты. У прыватнасці, кітайская кампанія выкупіла ў абласным цэнтры 16-павярховы будынак былой гасцініцы «Гродна». Зараз вядзецца яго рэканструкцыя: тут з'явяцца гатэль, рэстаран, гандлёвыя і офісныя памяшканні.
У СЭЗ «Гроднаінвест» таксама зарэгістраваны рэзідэнт з Кітая, які плануе рэалізацыю інвестпраекта ў сферы лагістыкі. Гэты напрамак супрацоўніцтва — адзін з самых перспектыўных, адзначыў на сустрэчы старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, паведамляе БелТА.
У Гродне таксама адкрыты цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны і гандлёва-выставачны цэнтр, дзе прадстаўлены тавары з Кітая. Праекты рэалізуюцца сумесна з партнёрамі з кітайскай правінцыі Ганьсу, з якой Гродзенскую вобласць звязваюць пабрацімскія адносіны.
— Кітай у апошнія гады для рэгіёна важны гандлёва-эканамічны партнёр. Планы па развіцці супрацоўніцтва ў нас дастаткова вялікія. Па выніках 2018 года тавараабарот склаў каля 200 мільёнаў долараў. Магчыма, лічба і не самая вялікая, аднак адзначаем штогадовы рост гэтага паказчыка. Усё больш і больш прадпрыемстваў рэгіёна наладжваюць сувязі з кітайскімі партнёрамі, — адзначыў Уладзімір Краўцоў.
Ён падкрэсліў, што дынамічна развіваюцца адносіны ў адукацыі і культуры. Яшчэ адна перспектыўная сфера супрацоўніцтва — турызм.
Знаёмства з Сінявокай працягваецца.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/kitayskiya-zhurnalisty