Рашэнне дэмаграфічнай праблемы ляжыць у тым ліку і ў галіне медыцыны. Яе мэта — павышэнне якасці жыцця людзей. Пра гэта заявіў Прэзідэнт падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. «Звязда» вядзе [1] анлайн-трансляцыю прамовы кіраўніка дзяржавы.
А гэта і прафілактыка захворванняў, і дыягностыка, своечасовае і прафесійнае аказанне медыцынскай дапамогі, забеспячэнне насельніцтва даступнымі лекамі. Гэта штодзённыя задачы працы ўсёй сістэмы аховы здароўя.
У гэтай сферы працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, сапраўдныя прафесіяналы.
Пра якасць беларускай медыцыны кажа і той факт, што паслугі нашых спецыялістаў запатрабаваныя сярод замежных пацыентаў. На экспарце медыцынскіх тавараў і паслуг у мінулым годзе краіна зарабіла больш за дзвесце мільёнаў долараў. І ёсць патэнцыял для далейшага росту.
Сёння беларускія ўрачы выконваюць самыя высокатэхналагічныя аперацыі, у тым ліку і тыя, якія з'яўляюцца вяршыняй у хірургіі, — трансплантацыю органаў. У трохсот чалавек б'ецца новае сэрца. Шэсцьсот жыццяў выратаваны з дапамогай перасадкі печані.
Аперацыі па перасадцы ныркі сталі амаль радавымі. У гэта цяжка паверыць, але больш за трыццаць жанчын пасля такіх складаных аперацый змаглі даць жыццё маленькім беларусам.
“Літаральна ў мінулым годзе нашы хірургі, можна сказаць, здзейснілі цуд — прааперавалі неданошанага дзіцяці на шосты дзень пасля яго нараджэння. Вага — крыху больш за кілаграм. Аперацыя на сэрцы. Нідзе ў свеце нічога падобнага яшчэ не рабілі”, — падкрэсліў ён.
Яшчэ прыклад — не так даўно жанчына, якая два месяцы знаходзілася пасля аварыі ў коме, нарадзіла здаровае дзіця. Лекары выратавалі і маму, і малога. Сапраўды, такія выпадкі ўваходзяць у гісторыю медыцыны.
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/be/news/20190418/1555603047-syonnya-prezident-zvernecca-sa-shtogadovym-paslannem
[2] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[3] https://zviazda.by/be/tags/paslanne-belaruskamu-narodu-i-nacyyanalnamu-shodu
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-medycyna