Удзел у рэспубліканскім суботніку важны для кожнага, гэта дазваляе ўнесці часцінку сваёй працы ў добраўпарадкаванне роднай краіны. Такое меркаванне выказала сёння кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава на рэспубліканскім суботніку ў Полацку, перадае БЕЛТА [1].
"Удзел у рэспубліканскім суботніку важны для кожнага і ўжо стаў добрай традыцыяй для ўсіх беларусаў. Мы прыходзім папрацаваць фізічна, але разам з тым атрымаць задавальненне ад зносін з людзьмі, з якімі побач працуем", - падкрэсліла Наталля Качанава.
"Мне сёння вельмі прыемна было працаваць з ветэранамі - выдатнымі людзьмі, якім ужо шмат гадоў, якія прайшлі вайну, аднавілі нашу краіну пасля ваеннага ліхалецця, а сёння разам з усімі высаджвалі дрэвы, - дадала яна. - Але самае важнае, што побач працавалі і кадэты. Наша моладзь пераймае вопыт добрага стаўлення да сваёй краіны і гэтыя слаўныя традыцыі: у суботнік быць разам, каб унесці часцінку сваёй працы ў добраўпарадкаванне роднай краіны".
На сваёй малой радзіме Наталля Качанава стараецца бываць па магчымасці часцей, атрымліваючы тут вялікую душэўную падзарадку. "Я з трапятаннем стаўлюся да сваёй малой радзімы, Полацку. Маю бесперапынную сувязь з горадам, таму што людзі мне тэлефануюць, прыязджаюць, распавядаюць, што адбываецца", - распавяла Наталля Качанава.
У Полацку кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта разам з актывам раёна, прадстаўнікамі грамадскіх і прафсаюзных арганізацый, ветэранамі і моладдзю прыняла ўдзел у закладцы ліпавай алеі на Кургане Бессмяротнасці. У гонар 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сёння тут было высаджана 108 дрэваў - менавіта столькі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны пражывае сёння ў раёне.
Акрамя высадкі алеі, удзельнікі суботніка добраўпарадкавалі дарожкі, аднавілі падсвятленне, абрэзалі дрэвы і навялі парадак на тэрыторыі. Аналагічныя работы праводзіліся сёння ў раёне паўсюдна. У іх было задзейнічана каля 30 тыс. чалавек, у тым ліку амаль 400 - на Кургане Бессмяротнасці.
Спасылкі
[1] http://www.belta.by/society/view/kochanova-uchastie-v-subbotnike-vazhno-dlja-kazhdogo-belorusa-344807-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/polack
[3] https://zviazda.by/be/tags/respublikanski-subotnik
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava