Сляпы японскі мараплавец Міцухіра Івамота стаў першым невідушчым чалавекам, які самастойна на яхце пераплыў Ціхі акіян, паведамляе [1] ВВС.
Гэта падарожжа было бесперапынным, японец на сваёй яхце пераадолеў 14 тысяч кіламетраў, правёўшы ў моры амаль два месяцы.
"Я не здаўся, і мая мара спраўдзілася. Я самы шчаслівы чалавек на Зямлі", - сказаў Міцухіра Івамота.
Міцухіра Івамота стартаваў з Сан-Дыега 24 лютага. Яго суправаджаў памочнік і правадыр Даг Сміт. Івамота кіраваў паруснікам, а Сміт выконваў ролю штурмана, інфармуючы яго аб навакольным становішчы.
12-метровая яхта Dream Weaver прыбыла ў канчатковы пункт - у порт Івакі (прэфектура Фукусіма) - у суботу, 20 красавіка.
Для 52-гадовага Івамота гэта была другая спроба перасячы Ціхі акіян. У 2013 годзе Івамота стартаваў з прэфектуры Фукусіма, маючы намер даплысці да Сан-Дыега, дзе ён жыве ўжо некалькі гадоў. Аднак ён не змог даплыць да канчатковага пункта - на пяты дзень падарожжа з-за сутыкнення з кітом яго судна перавярнулася і затанула. Івамота і яго памочнік, які быў з ім на яхце, былі выратаваны.
Спасылкі
[1] https://www.bbc.com/russian/news-47997737
[2] https://zviazda.by/be/tags/yaponiya