Ратавальнікам ад дзяжурнага РАУС паступіла паведамленне аб тым, што непадалёк ад чыгуначнай станцыі Васілевічы ў траве знойдзены загінулы мужчына. Высветлілася, што адбылося гэта пры тушэнні сухой расліннасці ў 20 метрах ад чыгуначных пуцей дарожным майстрам. Як мяркуецца, прычынай пажару стала неасцярожнае абыходжанне з агнём (вінаватая асоба ўстанаўліваецца).
Паводле аператыўных даных МНС, гэта шосты выпадак з пачатку года, калі ў згарэлай расліннасці быў знойдзены загінулым чалавек. Яшчэ пяць чалавек атрымалі апёкі. Так, у мінулую пятніцу ў вёсцы Залессе Чэрвеньскага раёна пры самастойным тушэнні пажару атрымаў апёкі першай-трэцяй ступені (30 працэнтаў паверхні цела) мужчына.
З пачатку года ў краіне адбылося 1584 пажараў травы і кустоў. У Брэсцкай вобласці — 368, у Віцебскай — 103, Гомельскай — 37, Гродзенскай — 187, у Мінскай — 509, Магілёўскай — 380. Агнём пры гэтым знішчаны 45 і пашкоджаны 27 будынкаў.
Ратавальнікі нагадваюць: будзьце асцярожныя. Не кідайце недакуркі, запалкі, бутэлькі, ня падпальвайце траву. Калі вы сталі сведкам пажару, правільна ацаніце абстаноўку і ўмейце дзейнічаць згодна з ёй. Калі вы бачыце, што сваімі сіламі не спраўляецеся, тэлефануйце ў «101».
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni