Беларускія аграрыі плануюць завяршыць пасяўную кампанію да 15 мая, паведаміў БЕЛТА [1] намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення - начальнік упраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Ядлоўскі.
"Сяўба яравых культур у Беларусі павінна завяршыцца не пазней за 15 мая. Думаю, так і будзе, - сказаў Васіль Ядлоўскі. - Па сяўбе ранніх яравых збожжавых план у цэлым па рэспубліцы выкананы. Па асобных абласцях - Віцебскай і Гродзенскай - засталося засеяць яшчэ 1-2 працэнты плошчаў".
Раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры (без кукурузы, грэчкі, проса) пасеяны ў Беларусі на 884,6 тыс. га, што складае 100,7 працэнта ад плана. Брэсцкая, Гомельская, Мінская і Магілёўская вобласці завяршылі сяўбу гэтых культур. У Гродзенскай вобласці раннія яравыя збожжавыя пасеяны на 98,1 працэнта запланаваных плошчаў, у Віцебскай - на 98,7 працэнта.
Сяўба лёну-даўгунцу ў Беларусі праведзена на 30,5 тыс. га (59,3 працэнта плана). Цукровыя буракі пасеяны ўжо на 78,7 тыс. га (81,9 працэнта плана), бульба - 4,91 тыс. га (20,1 працэнта), агародніна - 2,44 тыс. га (43,5 працэнта). Кукуруза на зерне пасеяна на 99,5 тыс. га (44,6 працэнта плана), на сілас - на 42,3 тыс. га (5,22 працэнта). Яравая сяўба ў цэлым праведзена на 56,6 працэнта плошчаў.
Як паведамлялася, у гэтым годзе яравую сяўбу плануецца правесці на 2,4 млн га, з іх яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры будуць размешчаны на плошчы большай за 1 млн га (у тым ліку 878,9 тыс. га ранніх яравых). Лён-даўгунец плануецца пасеяць на плошчы 51,4 тыс. га, цукровыя буракі - 96 тыс. га, бульбу - 24,5 тыс. га.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/economics/view/posevnuju-kampaniju-v-belarusi-planirujut-zavershit-do-15-maja-344952-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/pasyaunaya-kampaniya