Фрагменты рэдкай мадэлі танка Т-70 — прабітая снарадам браня, пара колаў і шмат іншых дробязяў — знайшлі пошукавікі ў Быхаўскім раёне.
У 1944 годзе тут вяліся жорсткія кровапралітныя баі. Шэсць удзельнікаў гэтай бітвы былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Таму паведамленне, што пошукавікі натрапілі на сляды аднаго з трох падбітых у сакавіку 1944-га тут савецкіх танкаў, адразу ж цягнула на сенсацыю. Пошукавыя работы праходзілі на ворыве быхаўскага сельгаспрадпрыемства «Лудчыцы». Раённыя ўлады дапамаглі з тэхнікай, і гэта адчувальна скараціла час пошукаў. Коўш пагрузчыка на некалькі метраў «угрызаўся» ў зямлю і даставаў з глыбінь на паверхню ржавыя кавалкі тэхнікі. Пошукавікі ўважліва праглядалі кожны сантыметр, каб не прапусціць ніводнай дэталі. Іх «страхаваў» лабрадор Жорж, які быў у складзе сапёрна-піратэхнічнай групы вайсковай часці 6713. Сабака правяраў, ці ёсць на глыбіні выбуховыя прылады.
Дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея, а па сумяшчальніцтве яшчэ і член Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Сяргей Жыжыян гэтай хвіліны чакаў з нецярпеннем. Кажа, што разам з таварышамі шмат працаваў з мясцовымі людзьмі, каб атрымаць як мага болей інфармацыі аб падзеях на гэтым месцы. Зараз тут ворныя землі і, як расказваюць жыхары, тэхніка гаспадаркі часта чапляла нейкія кавалкі жалеза.
— Некалькі тыдняў таму мы знайшлі тут анамаліі, якія ўказвалі на прысутнасць буйнога металічнага прадмета, — кажа Сяргей Жыжыян. — Параіліся з кіраўніком клуба і вырашылі арганізаваць маштабнае пошукавае мерапрыемства.
— Ёсць аператыўная зводка штаба 380-й Арлоўскай стралковай дывізіі, якая тут ваявала, ад другога сакавіка 1944 года, дзе ў раздзеле «страты» напісана, што на Лудчыцкай вышыні спалены тры танкі Т-70 і адзін Т-34. Здаецца, што гэта адзін са знішчаных танкаў, — мяркуе камандзір Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. — Хутчэй за ўсё, адбылося прамое пападанне снарада ў танк. На металалом пасля вайны гэта не трапіла, відаць, таму, што варонка была вельмі глыбокая.
Улічваючы, што гэтыя мадэлі танкаў нядоўга праіснавалі, яго фрагменты стануць цікавымі экспанатамі раённага музея. «Захавалася нават фарба, і вельмі добра відаць, як у браню ўвайшоў снарад, — ацэньвае адну са знаходак Сяргей Жыжыян. — Гэта можа стаць выдатным антуражным прадметам. Тым больш у кантэксце быхаўскай гісторыі і Лудчыцкай вышыні. Тут было адно з маштабных месцаў бітвы аперацыі Баграціён. Баі ішлі вельмі жорсткія, траншэі пераходзілі ад немцаў да нашых і наадварот.
Намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама Віктар Агнетаў:
— Для нас сённяшняе мерапрыемства шмат што значыць. Знаходкі папоўняць наш раённы краязнаўчы музей, і гэта дасць магчымасць мясцовым жыхарам і ўсім астатнім датыкнуцца да ваеннай гісторыі нашай зямлі. У Быхаўскім раёне шмат месцаў, звязаных з ваеннай гісторыяй, тут фронт стаяў месцамі да дзевяці месяцаў. Кожны раз, калі ў нас працуюць пошукавікі клуба «Віккру», мы арганізуем матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне такіх мерапрыемстваў, удзел у іх прымаюць нашы валанцёры і актывісты. Некаторыя супрацоўнікі райвыканкама таксама ўваходзяць у клуб «Віккру».
Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/placdarm
[5] https://zviazda.by/be/tags/byhauski-rayon