Дабрачынны праект па дыягностыцы зроку «Я бачу!» пачаў сваю сёлетнюю работу ў Віцебскай вобласці. За год урачы-афтальмолагі агледзяць 14 тысяч сельскіх школьнікаў з 19 раёнаў.
Праект рэалізуецца ў два этапы. Да канца мая мабільныя брыгады афтальмолагаў будуць працаваць у вясковых школах Аршанскага, Дубровенскага, Бешанковіцкага, Глыбоцкага, Докшыцкага і Расонскага раёнаў. А пасля летніх канікул — у перыяд з верасня да снежня — прыедуць у Талачынскі, Чашніцкі, Лёзненскі, Гарадоцкі, Віцебскі, Мёрскі, Ушацкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі, Полацкі і Лепельскі раёны. З сакавіка ўрачы ўжо агледзелі 1413 дзяцей у Сенненскім і Верхнядзвінскім раёнах.
Такая праверка вучняў 1—11-х класаў паказала, што ў 37,6 % з іх ёсць парушэнні зроку. У акулярнай карэкцыі мелі патрэбу 204 школьнікі. Агляды па месцы вучобы дазваляюць своечасова заўважыць праблемы са зрокам і аператыўна прызначыць неабходнае лячэнне.
Віцебская вобласць стала чацвёртай, дзе рэалізуецца сумесны праект Беларускага дзіцячага фонду і кампаніі velcom | А1 пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя. Для эфектыўнай работы выязных брыгад арганізатары забяспечылі неабходным партатыўным абсталяваннем два аўтамабілі. У залежнасці ад вынікаў агляду і ўстаноўленага дыягназу школьнікі атрымліваюць рэцэпты на акуляры ці неабходныя медыкаменты, а таксама рэкамендацыі і карысныя парады па захаванні зроку і правільным зрокавым рэжыме. Пры неабходнасці дзяцей накіроўваюць у Віцебскі абласны дзіцячы клінічны цэнтр для паглыбленай дыягностыкі, кансерватыўнага ці аперацыйнага лячэння.
З 2016-га да 2019 года агляды ў межах праекта «Я бачу!» прайшлі сельскія школьнікі ў Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях. За гэты час афтальмолагі праверылі зрок у 36 800 дзяцей. Больш чым 33 % з іх мелі розныя паталогіі. Прычым у больш чым у паловы яны выяўлены ўпершыню — менавіта падчас агляду мабільнымі брыгадамі.
— Праект «Я бачу!» закліканы зрабіць афтальмалагічную дапамогу больш даступнай для дзяцей, якія жывуць у сельскай мясцовасці, — кажа дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Трухан. — Эфект ад такой дапамогі вялікі: чым раней парушэнні зроку будуць выяўлены ўрачом, тым больш шанцаў не дапусціць развіцця сур'ёзных паталогій у будучыні.
Усе выдаткі, звязаныя з работай мабільных афтальмалагічных брыгад, уключаючы закупку неабходнага абсталявання, аплату працы медыкаў і кіроўцаў, фінансуе Беларускі дзіцячы фонд са сродкаў, сабраных кампаніяй velcom | А1 падчас традыцыйнай дабрачыннай акцыі «Рабіць дабро так проста!». Дарэчы, сёлета сума дабрачыннай дапамогі склала 176 920 рублёў.
— Кампанія velcom | А1 падтрымлівае праект ужо чацвёрты год. І за гэты час мы дасягаем вынікаў не толькі ў пэўным рэгіёне, але і ва ўсёй краіне. У гэтым нам дапамагае актыўная сацыяльная інфармацыйная кампанія па прафілактыцы хвароб органа зроку і захаванні здароўя вачэй. У яе межах мы ўжо звярталі ўвагу на неабходнасць рэгулярнай зарадкі для вачэй, правільнага і максімальна карыснага харчавання, важнасць своечасовага звароту да афтальмолагаў і выканання іх рэкамендацый, — падкрэслівае начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom | А1 Мікалай Брэдзелеў.
Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, за апошнія пяць гадоў захваральнасць органа зроку ў дзяцей вырасла на 18 %. Таму роля сучаснай дыягностыкі і кантролю за парушэннямі, якія ўжо маюць месца, набывае асаблівае значэнне.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya