Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага. У такім ракурсе паўстануць нашы продкі ў фільме, які маецца быць беларускім ад пачатку да канца, нягледзячы на рускую мову экранізацыі. Карціна ствараецца па матывах беларускамоўнага рамана айчыннага аўтара Людмілы Рублеўскай пра Беларусь ХVІІІ стагоддзя. Фактычна ўсе акцёры на пляцоўцы беларусы, лакацыі для здымак — таксама мясцовыя: Мір, Нясвіж, Сноў, Гальшаны, Ліда, шматлікія героі — сапраўдныя гістарычныя персанажы, а ў многіх пазнаюцца сапраўдныя прататыпы вядомых дзеячаў. Такога кшталту кіно на «Беларусьфільме» не здымалі ўжо гадоў 30, кажуць прафесіяналы галіны і абяцаюць паказаць гледачам сапраўдны «экшн», які не дасць сумаваць, ужо на пачатку 2020-га. На адной з начных здымак карціны ў Лідскім замку папрысутнічалі і карэспандэнты «Звязды».
Рэальная даўніна і сучасная фантазія праз рамфею і трукі
Прыгоды, захапляльныя трукі, гістарычныя факты, фэнтэзійныя моманты, мноства боек, блуканні па сутарэннях, захоп замка, сярэднявечны цырк і шмат іншых яскравых момантаў зробяць карціну насычанай, лёгкай і яркай, абяцаюць на здымачнай пляцоўцы.У Лідскім замку, куды мы трапілі на начныя здымкі фінальнай батальнай сцэны, калі найміты Мільгунова захопліваюць замак, каб здабыць артэфакт — рамфею (зброю ў выглядзе дзіды ці двухручнага мяча), уваўсю кіпела праца. Рыхтавалі святло, апраналі акцёраў, аднаму са стральцоў шукалі шапку, у якой ён учора зняўся памылкова, а цяпер не мог змяніць на сваю папярэднюю, інакш глядач заўважыць, што той пераадзеўся падчас бойкі...
На той момант тэмпература набліжалася да нуля, а акцёры «ваявалі» ў тоненькіх мундзірах, таму раз-пораз бегалі ў вагончык грэцца і піць каву. А ў папярэдні здымачны дзень, ці, дакладней, ноч, вандроўныя цыркачы і акрабаты, якія падманам трапілі ў замак, каб пасля ноччу дапамагаць мільгуноўцам штурмаваць цытадэль, увогуле босыя хадзілі, пакуль прадстаўленне паказвалі. Тут было і карасканне па сценах, і закідванне «кошак» на галерэі, і здыманне (забойства) вартавых, і непасрэдна баі на галерэях...
— Я доўга не мог зразумець, як мне здымаць і сумясціць рэальных персанажаў з выдуманымі. Аднак паколькі аўтар назвала раман «Авантуры Пранціша Вырвіча», мы вырашылі да гэтых здымак і ставіцца як да авантуры. Каб гледачу карціна была цікавая пэўнымі пазнавальнымі момантамі, аднак не стала натацыяй пра тое, якой была наша гісторыя, каб глядзелася лёгка, мы вырашылі зрабіць стужку прыгодніцкай. Пакуль усё задавальняе. Ніколі не кажу наперад, але тут ужо бачу, што карціна павінна атрымацца як мы задумалі, — ацэньвае працу рэжысёр Аляксандр АНІСІМАЎ. — У кіно сапраўды шмат дзеянняў — экшну. Аднак ёсць моманты, якія трэба асэнсаваць, не баючыся засумаваць. Шмат трукавых сцэн, бегу.
Упершыню трапіўшы на здымачную пляцоўку, я ацаніла, наколькі складаны гэты працэс. Толькі на тое, каб за пару секундаў «закалоць» аднаго з абаронцаў замка, які заснуў на пасту, спатрэбілася ледзьве не 20 хвілін здымак і куча дубляў.
— Расплюшчы вочы, калі будуць рэзаць, — раіць рэжысёр акцёру. — Так будзе праўдападобней.
Тое, што ў фільме будзе нападам і адчайнымі бойкамі за абарону, на пляцоўцы выглядае як акуратнае ўкладванне пасля «забойства» праціўніка на галерэях, якія, дарэчы, на вышыні метраў шэсць, ды яшчэ вузкія. А акрамя акцёраў тут яшчэ трэба ўціснуцца аператару і іншым неабходным для працэсу спецыялістам. Пры гэтым трэба глядзець, каб лішнія людзі не трапілі ў кадр і пастаянна то запальваць, то тушыць факелы на сценах. Сачыць за ўсім гэтым, на маю думку, нерэальна, аднак бывалыя акцёры спраўляюцца. Толькі што яны стаялі, загарнуўшыся ў коўдру, а вось ужо на ўсю моц сякуцца на шаблях. Спачатку на зямлі пад наглядам пастаноўшчыка трукаў Рамана Каралёва, старшыні Гільдыі каскадзёраў Беларускага саюза кінематаграфістаў. Пасля паўтараюць на галерэях. І трэба так, каб усе паверылі, што цябе забілі...
Дзесьці пасля дзвюх гадзін ночы пачаліся трукі. Забітыя падалі з галерэй уніз, а аднаго стральца нават скінулі жывым. Хоць гэта і каскадзёры, і падалі яны на вяроўках, усё роўна выглядала страшна. Бліжэй да раніцы на здымках з'явіліся Саламея і Паланея, якія ў бойках забіраюць рамфею, хаваюць яе ў сутарэннях і ўзрываюць іх, каб ужо ніхто больш не біўся за гэты сімвал улады. Па сцэнарыі і мантажы бойкі, на якія мы трапілі ў замак, у кіно будуць перабівацца кадрамі з яшчэ дзвюх падзей. Правядзеннем сойміка — збору магнатаў, якія ледзьве не да бойкі аспрэчваюць свае правы на рамфею (здымкі з Гальшан) і здабываннем гэтага свяшчэннага сімвала (здымкі ў Бабруйску).
Беларусацэнтрычнасць і гістарычныя прататыпы
Па кнізе, у фінальнай бойцы ўдзельнічае тысяча крылатых гусараў з Полацкай харугвы і пара соцень янычараў гетмана Міхала Казіміра Рыбанькі з аднаго боку і расійскія сапернікі — з другога. Бойкі праходзяць на вуліцах Полацка, дзе ў сутарэннях Сафійскага сабора захоўваецца свяшчэнны артэфакт — рамфея. У кіно ўсё трансфармавалася ў захоп замка, які з'яўляецца ўмоўнай рэзідэнцыяй полацкага ваяводы Аляксандра Сапегі, атрадам наймітаў Мільгунова, які быў блізкай асобай Пятра ІІІ.
Існуе дзве версіі паходжання рамфеі — найвялікшай хрысціянскай святыні. Згодна з адной, гэта дзіда лёсу Святога Лангіна, якой забілі Хрыста, каштоўнасць якой не саступае свяшчэннаму граалю караля Артура. Па іншай версіі, гэта дзіда Святога Маўрыкія, аднаго з хрысціянскіх пакутнікаў, рассказала аўтар рамана «Авантуры Пранціша Вырвіча» Людміла РУБЛЕЎСКАЯ:
— У мяне ёсць абгрунтаванне, як яна трапіла на Беларусь. Пісьменнік жа мае права даць волю свайму ўяўленню. Беларускі шляхціч Аляксандр Солтан быў у ХV стагоддзі пасланы праваслаўнымі шляхцічамі Беларусі да Папы Рымскага і пасвячоны ў рыцары Гроба Гасподняга. Гэта рэальны персанаж, пры яго нашчадках была знойдзена ікона Жыровіцкай Божай Маці. Таму я зрабіла гіпотэзу, што якраз яму даверылі захоўваць святыню — рамфею, і ён прывёз яе ў Беларусь, каб умацаваць з яе дапамогай полацкую Сафію. Ва ўсіх фільмах героі ратуюць свет, а чым беларусы горшыя? У нас проста павінен быць беларусацэнтрычны твор.
Інтрыга фільма пабудавана на тым, што ўсе імкнуцца здабыць рамфею ў асабістае карыстанне, хоць яна павінна належаць усяму свету, кажа аўтар. Тым не менш урэшце яна застаецца на беларускай зямлі. У карціне дзейнічаюць як гістарычныя персанажы з родаў Радзівілаў, Сапегаў, Багінскіх (у якіх угадваюцца Агінскія), так і выдуманыя асобы. А вось у біяграфіях галоўных герояў рамана Пранціша Вырвіча і яго сябра Баўтрамея Лёдніка яскрава прасочваюцца постаці Янкі Купалы і Францішка Скарыны.
— Нягледзячы на адаптацыю кнігі пад кінакарціну, галоўныя ідэі ў фільме засталіся. Перад намі паўстае шляхецкая і рыцарская Беларусь, дзе ёсць адукаваныя людзі простага саслоўя, — заўважыла пісьменніца.
Фура рэквізіту і асобны банцік
Рэквізіту ў фільме процьма. Толькі для здымак у Лідскім замку везлі даверху запоўненую фуру і яшчэ пару мікрааўтобусаў.
— У нас была магчымасць паехаць здымаць ва Украіну ці Польшчу, дзе ёсць гатовыя замкі, дзе не трэба было б нічога дадаваць. Аднак мы выбралі, напэўна, больш цяжкі шлях. Затое тут родныя сцены, утульна, зручна, нас чакаюць, вельмі чалавечна паўсюль ставяцца да здымачнай групы, што таксама плюс, бо кіно — гэта заўжды складаны працэс. Гляньце, колькі машын, тэхнікі. Карціна складаная яшчэ і тым, што мы выкарыстоўваем шмат грыму, касцюмаў, шмат пераапранаемся. У выніку за 12 рабочых гадзін я магу з артыстамі папрацаваць ад сілы пяць, — кажа рэжысёр. — Касцюмы — увогуле складаны працэс. Мастак па касцюмах доўга абдумвае, як зрабіць правільна, знаходзіць нейкія ўнутраныя кампрамісы, бо ніхто ж з тых часоў не вярнуўся, каб расказаць, дзе які банцік быў ці складачка. Усё робіцца на разуменні матэрыялу, на капанні ў ім, на нейкай інтуіцыі ўнутранай і ўяўленні, як жа яно было. Гэта людзі, якія ў любы момант могуць цябе падстрахаваць, калі раптам спатрэбіцца дадатковы чалавек на пляцоўцы. У іх заўсёды знойдзецца ў што яго апрануць.
Галоўны герой, дарэчы, у якасці аднаго з сімвалаў свайго шляхецтва носіць на руцэ сярэбраны пярсцёнак-пячатку, якую дала на здымкі на адзін дзень Людміла Рублеўская. «Цяпер я яго атрымаю толькі пасля здымкаў, бо яго нельга замяніць, ён стаў рэквізітам», смяецца аўтарка рамана.
Адна справа планаваць, седзячы ў кабінеце, думаючы, як будзеш гэта рабіць, і іншая — на пляцоўцы, дзе чакаюць розныя нечаканасці: дождж, снег, вецер. А яшчэ мноства начных здымак, якія збіваюць з рытму арганізм акцёраў, разважае рэжысёр:
— У Міры здарылася вар'яцкая змена. Мы здымаем агульны план, падае снег, пачынаем браць буйным планам людзей — снег прападае. Пераздымаем агульную карціну без снегу, дык ён пачынае сыпаць падчас здымак буйным планам... Хто ніколі не здымаўся, думае, што гэта лёгка даецца, аднак насамрэч гэта цяжка. Тут трэба ўкалваць.
Чатыры па 40 і «поўны метр»
Пісьменніца часта прысутнічае на здымачнай пляцоўцы і раіць, як лепш увасобіць свае гістарычныя фантазіі на экране, данесці кантэкст і настрой герояў. Яна была і на акцёрскіх пробах і, як кажа рэжысёр, падказвае нейкія рэчы, якія ён можа ўпусціць, бо не так глыбока паглыблены ў гісторыю Беларусі, якой Людміла Іванаўна проста хварэе.
У масавых сцэнах фільма, дарэчы, збіраліся зняць і сучасную «багемную» тусоўку з літаратараў і культуролагаў краіны. Стварыўся нават спіс з зацікаўленых, аднак здзейсніць задуманае пакуль не атрымалася.... Тым не менш экранізуецца ж толькі першая кніга аўтара, а ёсць яшчэ чатыры... Так што калі карціна палюбіцца гледачам, у яе абавязкова будзе працяг.
Тэлефармат кіно — чатыры 40-хвілінныя серыі. А для пракату робіцца поўнаметражная версія, ці, як кажуць прафесіяналы, «поўны метр».
Кіно здымаецца на рускай мове, хоць першакрыніца беларускамоўная, аднак на гэта свядома пайшлі дзеля прыцягнення і пашырэння кола аўдыторыі. Пры гэтым адразу для яго рыхтуецца і беларускамоўны дубляж, з якім дапамагае і аўтар кнігі.
Пасля двух тыдняў здымак у Лідзе, падчас якіх група выязджала яшчэ на два дні ў касцёл у Гальшанах, бо ім далі дазвол менавіта ў тыя дні, вярнуліся дазняць тое, што засталося, у інтэр'ерах Мірскага і Нясвіжскага замкаў. Цяпер карціна пераязджае ў павільёны ў Мінску, у спецыяльна ўзведзеныя для гэтага лакацыі, якія нельга знайсці ў аўтэнтычным варыянце ў замках.
Апошняя доўгая частка здымак кіно ў канцы мая пройдзе ў Бабруйску, у старой цытадэлі, дзе героі будуць трапляць у розныя сітуацыі. Рэжысёр кажа, што часу на здымкі і мантаж насамрэч мала, аднак спадзяецца скончыць да снежня, каб пасля Новага года паказаць гледачу сапраўдную беларускую прыгодніцка-гістарычную авантуру-фантастыку.
Ірына СІДАРОК
Фота Андрэя САЗОНАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/author/andrey-sazonau
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/kino
[5] https://zviazda.by/be/tags/lidski-zamak
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarusfilm
[7] https://zviazda.by/be/tags/fotarepartazh