Польшча спыніла транзіт нафты па нафтаправодзе "Дружба", беларускі бок атрымаў адпаведную тэлефанаграму ад кампаніі PERN (аператар польскага ўчастка "Дружбы"), заявіў галоўны інжынер ААТ "Гомельтранснафта Дружба" Андрэй Вярыга, перадае [1] БЕЛТА.
"Мы атрымалі пісьмо ад PERN, што НПЗ у Польшчы і Германіі не могуць прымаць і перапрацоўваць нафту з такімі паказчыкамі, з якімі яна цяпер прыходзіць у пункт прыёмкі паставак "Адамава". У 22.00 па варшаўскім часе (23.00 па мінскім часе) 24 красавіка яны прыпынілі адбор, г. зн. спынілі транспарціроўку нафты ў Польшчу ў пункце "Адамава" на нявызначаны тэрмін", - паведаміў Андрэй Вярыга.
У адпаведнасці з гэтым паведамленнем "Гомельтранснафта Дружба" накіравала тэлефанаграму ў Бранск аб спыненні транзіту па заходнім напрамку ў сувязі з пастаўкамі няякаснай нафты і адмовай PERN прымаць яе. "На захадзе нафтаправод ад Мазыра ў заходні бок цалкам спынены, засаўкі закрыты. Захоўваецца пастаўка нафты па іншай ветцы ў аб'ёмах, неабходных для транзіту ў напрамку Украіны, гэта каля 40 тыс. т у суткі", - праінфармаваў галоўны інжынер ААТ "Гомельтранснафта Дружба".
У паведамленні аператара польскага ўчастка "Дружбы" таксама адзначаецца, што прадаўжэнне паставак нафты з павышанай колькасцю ў саставе хларыдаў прыводзіць да рызыкі сур'ёзнай прамысловай аварыі як для НПЗ, так і для лагістычнай сістэмы PERN.
Інфармацыю аб спыненні транзіту ў польскім напрамку БЕЛТА пацвердзіла таксама прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Марына Касцючэнка.
"Белнафтахім" ужо на працягу тыдня б'е трывогу ў сувязі з пастаўкамі няякаснай нафты, якая паступае з расійскага боку, цярпліва вядзе перагаворы з "Транснафтай" і настойвае на хутчэйшым вырашэнні пытання забеспячэння беларускіх НПЗ і трубаправоднай сістэмы нафтай, якая адпавядае стандарту. Аднак расійскім бокам зацягваецца прыняцце аператыўных мер, нягледзячы на абяцанні вырашыць пытанне на працягу 2-3 дзён", - сказала Марына Касцючэнка.
"Нашы суседзі не сталі чакаць, і ў сувязі з адмовай усіх НПЗ прымаць і перапрацоўваць нафту з павышанай колькасцю ў саставе хлорарганікі польскі аператар PERN спыніў прыём нафты. Гэта прыводзіць да страты рэпутацыі расійскіх пастаўшчыкоў нафты ў Еўропу і, на жаль, ускладняе работу беларускага трубаправоднага транспарту і Мазырскага НПЗ", - дадала прэс-сакратар.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/economics/view/polsha-ostanovila-tranzit-nefti-po-nefteprovodu-druzhba-345345-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/nafta
[3] https://zviazda.by/be/tags/belnaftahim