26-я Міжнародная канферэнцыя юных навукоўцаў (ICYS-2019) праходзіла з 19 па 25 красавіка ў г. Куала Лумпур. У ёй прынялі ўдзел школьнікі з 26 краін свету, якія прадставілі свае даследаванні па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы і экалогіі.
У праграму канферэнцыі былі ўключаны даклады-прэзентацыі, падчас якіх удзельнікі прадстаўлялі свае даследаванні прафесійнаму журы на англійскай мове. У склад міжнароднага журы ўвайшлі вядучыя навукоўцы і практыкі, запрошаныя аргкамітэтам з розных краін і універсітэтаў Еўропы, Азіі і Афрыкі.
Ад Беларусі на канферэнцыю было прадстаўлена шэсць дакладаў па матэматыцы, фізіцы і экалогіі. Яны былі адабраныя па выніках правядзення рэспубліканскіх конкурсаў работ даследчага характару. Дадаткова прэтэндэнты на ўдзел у міжнароднай канферэнцыі прайшлі сумоўе на веданне англійскай мовы.
Па выніках ICYS-2019 прадстаўнікі беларускай школы сталі ўладальнікамі сямі медалёў.
Два залатыя медалі заваявалі Роўба Раман (навучэнец 11 класа гомельскай сярэдняй школы №44 і Пячонкін Аляксандр (навучэнец 11 класа гімназіі №71 г. Гомеля). Сярэбраным медалём узнагароджаны Ілья Няфёдаў (навучэнец 8 класа гімназіі №1 г. Віцебска). Бронзавыя медалі ў Кірыла Макаранкі (11 клас ліцэя БНТУ) і Дзмітрыя Скарабагатага (11 клас мінскай гімназіі №38).
Яшчэ двума медалямі былі ўзнагароджаны за лепшыя постары Антон Суравежкін (навучэнец 11 класа сталічнай гімназіі №29) і Дзмітрый Скарабагаты.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/shkolniki-0
[2] https://zviazda.by/be/tags/mizhnarodnaya-kanferencyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/malayziya