Напрыканцы сакавіка Іркуцкі беларускі клуб “Крывічы” зладзіў і правёў Гуканне Вясны. На гэты раз — у вёсцы Ахіны, заснаванай беларускімі перасяленцамі з Заходняга і Усходняга Палесся ў 1910 годзе.
Ахіны — за 130 кіламетраў ад Іркуцка, па сібірскіх мерках — зусім блізка. Толькі дарога туды, як і 100 гадоў таму: не асфальтаваная, гравійка месцамі “з сюрпрызамі”. Але з Іркуцка выбралася нас немалая каманда: 43 чалавекі рушылі ў дарогу на двух аўтобусах і дзвюх машынах.
Ахінцы-вяскоўцы — нашчадкі беларускіх перасяленцаў, а значыць і нашы супляменнікі — чакалі гасцей з радасцю. І тое прыгожа выявілася ў выдатным застоллі з вясковымі прысмакамі. Прыехалі ж на беларускае свята нават два хлопцы й дзяўчына з Польшчы, з апекай актывістаў іркуцкай польскай абшчыны “Огниво”. Беларускія гукальныя песні, карагоды, танцы й народныя гульні паядналі ўсіх, хто прыйшоў на свята: іркуцян і ахінцаў, беларусаў і палякаў, рускіх, бурат…
Апісваць абрад падрабязна не буду: ён дастакова вядомы. Усе асноўныя атрыбуты яго мы здзейснілі. Упрыгожылі месца правядзення свята штучнымі птушачкамі з паперы. Іх загадзя зрабілі нашы дзяўчаты. Гэта каб Багіня Вясны Лада, “прачнуўшыся”, пабачыла: птушкі ж прыляцелі з выраю, апанавалі дрэвы — пара й Ладзе ўступаць у свае правы. Яшчэ Юрась і Воля, актывісты клуба “Крывічы”, напяклі ды прывезлі галёпы — булачкі ў выглядзе птушачак, і частавалі імі ўсіх удзельнікаў свята. Гатавалі мы прама на вуліцы й традыцыйную страву — яечню: сімвал Сонца, якое павінна ўжо мацней прыпякаць.
А як прыемна было слухаць старадаўнія беларускія вясновыя песні! Ансамбль аўтэнтычнай песні “Крывічы” (Воля Галанава, Юля Гайсіна, Ксенія Корзун) і фальклорны гурт “Вясьнянкі” з Ахін пад кіраўніцтвам Ганны Грантаўны натхнёна спявалі, заклікалі да Лады працяглым: “У‑у‑у‑у‑у!”. І, дарэчы, пасля першых песень ужо моцны халодны вецер аціх ды вызірнула Сонейка! Пэўна, магія народная спрацавала, і Лада прачнулася.
Даніну Зямлі-карміцельцы мы аддалі таксама. Пад песні, рытуальныя замовы закапалі гаршчочак пшоннай кашы: каб сёлета ўраджай быў яшчэ лепшы, чым летась. Здарылася на свяце й неспадзяванка: выскачыў аднекуль Пужайла — памагаты холада-Зюзі — ды ўсіх пачаў пужаць пудзілам Зімы. А памочнікі Пужайлы паспрабавалі ўсіх кружыць у танцах-завірухах — нібы мяцеліцу паднялі. Ды дзяўчаты з імі справіліся. Пудзіла Зімы адабралі, у абрадавае вогнішча, запаленае хлопцамі ад жывой Іскры, кінулі. Затым іншыя ўдзельнікі свята кідалі ў агонь старыя рэчы: каб пазбавіцца ад усяго старога й дрэннага ды прыняць Новае-Лепшае. Не забыліся мы і пасвістаць, як птушачкі, у свістулькі з гліны й дрэва! Бо трэба ж каб Лада й пачула, як птушкі спяваюць. А затым пайшла весялосць: былі сімвалічныя традыцыйныя карагоды, народныя беларускія гульні, народна-бытавыя танцы…
Асабліва дзякуем за падрыхтоўку й правядзенне свята актывістам клуба “Крывічы”: гэта Воля Галанава, Юля Гайсіна, Ксенія Корзун, Алеся Стасевіч, Юрась Казаброд, Дзмітры Вераб’ёў, Вадзім Рудакоў. Паклон і ўсім ахінцам, іркуцянам ды й палякам: разам жа Вясну пагукалі, традыцыі продкаў ушанавалі ды самі павесяліліся.
Алег Рудакоў, Іркуцк — Ахіны — Іркуцк.
Фотаздымкі Алесі Стасевіч.
Дарэчы. Яшчэ адно Гуканне Вясны зладзілі актывісты Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага — у Тургенеўцы Баяндаеўскага раёна. Кіраўніца суполкі Алена Сіпакова патлумачыла: сёлета ў сяла 110-я ўгодкі, і Гуканне ўвайшло ў серыю святочных імпрэзаў “110 добрых спраў для Тургенеўкі”. Пра тое цёпла й хораша, з паглыбленнем у сімволіку свята напісала, ілюструючы аповед сваімі фотаздымкамі, журналістка з Іркуцка Вікторыя Каніна. Шукайце тэкст у інтэрнэце.
[1]Нумар у ПДФ-фармаце [1]
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/sites/default/files/gr-08-2019_-_small.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy