Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з дэпутатам Еўрапейскага парламента, членам Камітэта па прамысловасці, навуцы і энергетыцы, экс-прэзідэнтам Літвы Раландасам Паксасам.
Кіраўнік дзяржавы павітаў дэпутата Еўрапейскага парламента і адзначыў, што літоўскія палітыкі не часта наведваюць нашу краіну, каб пагаварыць аб праблемах, якія сёння існуюць паміж суседзямі.
«Я падкрэсліваю — суседзямі. Вядома ж, паколькі мы суседзі, у нас заўсёды будуць нейкія агульныя пункты гледжання — пажадана, каб пабольш было на розныя праблемы. Але і будуць рознагалоссі — толькі таму, што мы суседзі, і таму, што мы датыкаемся пастаянна адзін з адным і, натуральна, будуць розныя пункты гледжання на розныя праблемы», — сказаў беларускі лідар.
Суседзей не выбіраюць, заўважыў Лукашэнка, «яны ад госпада, і трэба жыць як суседзям і ўступаць у дыялог.
«А каб жыць дружна і мірна трэба мець зносіны і размаўляць на розныя тэмы, пачынаючы ад агульнай праблемы бяспекі ў гэтым рэгіёне — а цяпер у нас у Еўропе штарміць і вельмі моцна. Дай бог, каб гэты шторм так і супакоіўся, — адзначыў Прэзідэнт. — З іншага боку, ёсць мясцовыя праблемы. Да прыкладу, будаўніцтва атамнай станцыі — тэма, якая вельмі актуальная ў Літве і, як мы лічым, вельмі палітызаваная».
Прыезд Раландаса Паксаса Аляксандр Лукашэнка назваў добрай весткай з Літвы. «Я думаю, гэта будзе добрым пачаткам абмеркавання хоць бы тых праблем, якія паміж намі існуюць. А базіс, аснова, на якой мы можам будаваць нашы адносіны, — гэта заўсёды і ўсюды эканоміка, гандлёва-эканамічныя адносіны. Нягледзячы на палітычныя рознагалоссі, узровень вельмі высокі», — дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь заўсёды з вялікім задавальненнем пастаўляла мільёны тон тавараў праз Літву, нашай краіне было камфортна працаваць у партах гэтай дзяржавы, на чыгуначных шляхах.
«І вельмі шмат нашых людзей з турыстычнымі мэтамі наведваюць Літву. Мы ніколі не перашкаджалі, каб літоўцы да нас прыязджалі. Слухайце, калісьці ж жылі разам, у адной дзяржаве. Трэба ў гісторыі шукаць нешта добрае, на што можна абаперціся. І ў нас гэтага добрага шмат. Давайце будзем шукаць гэта добрае, абапірацца на яго і будаваць у будучыні такія ж добрыя адносіны», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Візіт Раландаса Паксаса ў нашу краіну завершыцца сёння. Яго мэта — абмеркаванне прапаноў па стабілізацыі ваенна-палітычнага становішча ў рэгіёне Балтыйскага мора і пытання будаўніцтва Беларускай АЭС.
Сёння днём запланаваныя сустрэчы з міністрам энергетыкі Беларусі Віктарам Каранкевічам, а таксама са старшынёй Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валерыем Варанецкім.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/litva
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/atamnaya-stancyya