Валасы падкручаныя, на вуснах памада, у вачах бляск і цікавасць — глядзіш на яе і не верыш, што перад табой удзельніца Вялікай Айчыннай.
— Калі маладая была, усе давалі мне больш гадоў, чым насамрэч. Цяпер наадварот. Гэта і добра! У кавалеры набіваюцца 70-гадовыя «хлопцы». Таму жаліцца няма на што, — смяецца Таісія Міхайлаўна Козыр-Паўлоўская ў адказ на кампліменты.
Самаіроніі жанчыне не пазычаць. Магчыма, менавіта гэтая рыса дапамагла перажыць страшныя выпрабаванні, якія выпалі на яе долю ў самым пачатку жыцця.
ПРАДЧУВАННЕ БЯДЫ
Сям'я Паўлоўскіх пераехала ў Брэст за год да вайны. Бацька спачатку быў першым ваенным камісарам горада, пасля ўзначаліў гарадскі ацяпляльны аддзел. Пасада высокая: меўся аўтамабіль з асабістым кіроўцам і сакратар.
— У суботу 21 чэрвеня бацькі пайшлі ў тэатр, а калі вярнуліся, то не маглі спыніць сварку. Мама казала, што бачыла ў зале пераапранутых немцаў. А бацька адмахваўся: «У нас жа мірны дагавор з Германіяй! Гэта проста яўрэі на ідышы размаўлялі!» — успамінае ветэран. — Увогуле, тыдні за два-тры народ у Брэсце быццам жыў прадчуваннем чагосьці нядобрага. Жыхары падзяліліся: адны, як маці, даказвалі, што немцы рыхтуюцца да наступлення, а другія, адданыя камуністы, як бацька, верылі ў сілу дагавора аб ненападзенні. На досвітку 22 чэрвеня, калі ў вугал нашага дома трапіў снарад, стала канчаткова ясна, хто меў рацыю. Пачалася вайна.
Таісія Міхайлаўна памятае, як самалёты зніжаліся над Брэсцкай крэпасцю і «пасыпалі» яе бомбамі, а перастрэлкі чуліся нават ноччу.
— Тады мы не здагадваліся, якое пекла разгарнулася за чырвонымі сценамі, але спадзяваліся, што вось-вось прыйдзе падмога і адваюе крэпасць назад. А цяпер на 9 Мая ўсе ветэраны горада збіраюцца на гэтым месцы. Дарэчы, кветкі, якія дораць дзеці на свята, я ніколі не бяру дадому — усё пакідаю героям крэпасці. Сюды з букетам можна толькі ўвайсці, але ніяк не выйсці!
— Крэпасць білася да апошняга салдата. А што адбывалася ў самім горадзе?
— Страшна было. Бацька пайшоў у лес (немцы вышуквалі камуністаў на высокіх пасадах і распраўляліся з імі ў першую чаргу. — Аўт.), мы засталіся. За некалькі дзён з'елі ўсе запасы прадуктаў: акрамя мяне, у мамы было яшчэ трое дзяцей — Ганна, Валерый і Алег. Каб не памерці з голаду, прыйшлося жабраваць. Вайна яна такая: учора ў цябе быў аўтамабіль з шафёрам, а заўтра твае дзеці ходзяць па вуліцах у пошуках лустачкі хлеба ці бульбіны... Праз месяц бацька прыслаў падводу з запіскай, і нам удалося выехаць. Мы жылі па некалькі месяцаў у розных вёсках. Заблытвалі след. Маці шыла для вясковых жанчын, за кошт гэтага мы і карміліся. Тата ўвесь час праводзіў у лесе, фактычна ён быў адным з пачынальнікаў партызанскага руху на Брэстчыне.
СВАЕ СЯРОД ЧУЖЫХ
— Тое, што мы з Лерыкам выжылі, — цуд! Мама ніколі не будзіла мяне рана, давала выспацца. Тым кастрычніцкім ранкам чамусьці адправіла па малако. Брат пайшоў пасвіць вясковых кароў. Больш мы сваю сям'ю ніколі не бачылі, — Таісія Міхайлаўна прыкрывае твар рукамі і робіць паўзу. — Іх расстралялі, не пашкадавалі нават Алега — яму і трох гадоў не было. Мяне на паўдарозе да хаты спынілі суседзі, сказалі ісці прэч ад вёскі. Толькі ўвечары я даведалася, што здарылася.
Трое сутак Таісія правяла ў лесе.
— Я б зараз на такое пад дулам пісталета не пагадзілася! Тады ноччу прыходзілася забірацца ў гурбу лісця. Добра, што яшчэ сабака прыбег, якога я ў вёсцы падкормлівала, — разам цяплей. Вясковыя хлапчукі на другі дзень далі вопратку, нейкую ежу. Але сыпануў дождж, і я вярнулася ў вёску. Там ужо чакалі Іван і Марфа Дукшэй, знаёмыя бацькоў, якія таксама трымалі сувязь з партызанамі. Спачатку жыла ў каморы ў іх доме, а пасля мяне забрала да сябе бяздзетная пара — Пётр і Ксенія Суботы. У дзядзькі быў конь, і паліцаі час ад часу прасілі яго што-небудзь ці каго-небудзь падвезці, таму да іх асабліва не чапляліся. Зіму мы перажылі спакойна, але ў сакавіку па мяне ўсё ж такі прыйшлі.
Мінула столькі гадоў, аднак жанчына добра памятае галасы і твары тых, хто яе дапытваў... З засценкаў гестапа паўжывую Таісію забралі Суботы. Дзеля дзяўчынкі па сутнасці чужыя людзі за ноч сабралі па ўсёй вёсцы багаты выкуп і завезлі яго паліцаям. Месяц Таісія цяжка хварэла, нават гаварыць не магла, але Ксенія з Пятром яе выхадзілі.
— Заставацца ў іх было небяспечна. Як толькі паправілася — пайшла ў лес разам з сям'ёй Дукшэяў. Яны трапілі ў сямейны лагер, а я — у атрад імя Шчорса, дзе брат Валерый уваходзіў у спецгрупу падрыўнікоў.
ПАРТЫЗАНСКІЯ БУДНІ
— Першае, чаму навучылі ў атрадзе, — як саму сябе наганам застрэліць. — Таісія Міхайлаўна бярэ відэлец, адкрывае рот і паказвае, як трэба было трымаць рэвальвер, каб пуля адразу праз мозг прайшла і смерць наступіла імгненна. — Навошта такія веды? Застаюся, напрыклад, ноччу адна каля вогнішча. А калі немцы прыйдуць? У агонь кідацца?
Ветэран прызнаецца: паміраць не баялася, было страшна трапіць жывой да фашысцкіх катаў.
— Што яны зрабілі з нашым Вадзімам! Выразалі зоркі па ўсім целе, павесілі на вачах у іншых і прыбілі на цела шыльду з надпісам «Так будзе ўсім партызанам»... Але падрывы чыгункі не спыняліся. Гэта было лета 1943-га — пачатак рэйкавай вайны.
У партызанаў была сувязь з падпольшчыкамі Брэста. Яны ведалі, калі будуць ісці цягнікі з жывой сілай. Дабрацца да варожых эшалонаў было няпроста: немцы прадбачліва прымусілі сялян з навакольных вёсак высекчы лес на 200 метраў ад чыгункі. На кожныя 500 метраў-кіламетр паставілі блок-пасты.
— Паўзеш па-пластунску ўначы па голым полі і бачыш толькі, як папяросы ў цемры свецяцца. У мяне зрок быў добры, я пракладвала шлях падрыўнікам. Туды лезеш — ні шораху лішняга, ні руху, а пасля выбуху ўскокваеш і бяжыш на ўсіх парах. Навокал жудасны свіст (гэтак вагоны разляталіся), параненыя крычаць і шалёна калоціцца тваё ўласнае сэрца.
Праз некаторы час немцы прыдумалі пускаць за паравозам некалькі платформаў з пяском.
— Затое да нас пачалі прылятаць самалёты. Ведаеш, як дазнацца, што яны побач у поўнай цемры? Трэба ссунуць траву і шчыльна прыціснуцца вухам да зямлі — адчуеш вібрацыю. Мы на аэрадроме дзяжурылі па трое. Кожнаму давалі па 50 грамаў газы і салому. Лётчыкі, калі бачылі, што ўнізе адначасова ўспыхвалі тры вогнішчы, ведалі: гэта партызаны, можна садзіцца.
Але не толькі баявымі заданнямі запомнілася Таісіі партызанскае жыццё.
— Балотны побыт — рэч не самая прыемная. Ногі ўвесь час мокрыя, бо шлях да зямлянкі пралягаў праз дрыгву. Аступішся — пойдзеш пад ваду, ніхто і ведаць не будзе. А як нас вошы заядалі! Жудасць. Адзінае выратаванне ад іх — мыць адзенне. Не мылам і парашкамі, як цяпер. Націралі попелам, у балотнай вадзе паласкалі — і пад чыгунны прас з гарачымі вугольчыкамі, — расказвае з веданнем справы партызанка. — Не хочацца крывіць душою і казаць, што падчас вайны ўсе былі на роўных. На мой «лясны перыяд» жыцця якраз прыпаў момант пераходу ад дзяўчынкі да дзяўчыны. Мамы, сястры ці нават сяброўкі, якія маглі б растлумачыць, што са мной адбываецца, побач не было. Затое быў дзядзька Ваня — дарослы і ўважлівы да нас, падлеткаў, чалавек. Прынёс неяк з вёскі льняныя прасціны са словамі: «Парві сабе на анучкі». Вось вам і сродкі гігіены тагачасныя.
ЗАГАД АД СІКОРСКАГА
— Дзяжурыла я аднойчы на аэрадроме, раптам чую знаёмы голас: «Тася! Гэта ты?» Паварочваюся — Сяргей Іванавіч з жонкай і маёй аднакласніцай Валькай. Сікорскія да вайны жылі на адной з намі вуліцы. Даведаўшыся пра мой незайздросны лёс, будучы Герой Савецкага Саюза, а тады яшчэ проста камандзір Брэсцкага партызанскага злучэння сказаў: «Зараз жа вылятаеш у Маскву. Пярэчанні не прымаюцца. Гэта загад!» Я ўпіралася, а Сікорскі прыгразіў, што прывяжа да насілак і ўсё роўна мяне забяруць, — з усмешкай прыгадвае ветэран. — Дабіраліся на «вялікую зямлю» пад залпы агню. Калі самалёт пралятаў над цэнтральнай часткай Беларусі, штурман абвясціў: «Пралятаем над партызанамі Мінскага злучэння. Яны нас вітаюць ракетамі!» Мы так радавалася і думалі: нішто сабе некаторыя партызаны жывуць, ракетніцы лішнія маюць! Аднак радасць сышла пасля прыбыцця ў Маскву. Там нас сустрэлі з перапужанымі тварамі. Камандаванню пілот перадаў зусім не такое паведамленне, як пасажырам. Насамрэч стралялі немцы. Прычым так, што ўсе загадзя паспелі з намі развітацца.
Працягнуліся прыгоды і ў савецкай сталіцы.
— Нас з Валькай Сікорскай міліцыя затрымала! Прыехалі, што называецца, дзяўчынкі з брэсцкіх балот у Маскву. Вядома, на месцы не сядзелася. Выйшлі на вуліцу, крыху прайшліся і на першым жа павароце дзядзька ў форме: «Хто такія? Партызаны? А дзе дакументы?» Добра хоць Таццяна Новікава з ЦК партыі БССР нас хутка знайшла.
«ЗЯМЛЯЧКА» ГАГАРЫНА
З Масквы Таісію адправілі ў Саратаў — да роднага брата мамы Аляксандра Ляхоўскага. Там яна скончыла школу і медвучылішча.
— Кожнае лета прыязджала ў Брэст — да Дукшэяў, Суботаў, сяброў бацькоў і сваіх таварышаў-партызанаў. Яны прасілі застацца назусім. А я не магла. Прыходзіла да нашага катэджа на вуліцу Чкалава (ён пасля вайны яшчэ стаяў) і плакала наўзрыд. Думкамі пастаянна вярталася ў тую страшную раніцу, калі расстралялі самых блізкіх майму сэрцу людзей. Абяцала сабе не жыць на мяжы. Ад тых успамінаў я, напэўна, і спрабавала збегчы, калі ўзяла пасля вучылішча размеркаванне на Далёкі Усход.
Дарэчы, там ветэран пражыла больш за дваццаць гадоў, паспела выйсці замуж, атрымаць дзве вышэйшыя адукацыі і зрабіць кар'еру — ад звычайнага фельчара ў глухой вёсцы да загадчыка аддзела аховы здароўя ў гаркаме Камсамольска-на-Амуры. Успамінаючы той час, Таісія Міхайлаўна дастае са шкатулкі невялічкі папяровы запрашальнік. На ім — абрыс Уладзіміра Леніна і загадкавы аўтограф.
— Гэта было ў 1967 годзе. На юбілей горада да нас з'ехалася шмат знакамітых людзей. Паколькі я адказвала за ўсіх урачоў раёна, то і медабслугоўванне высокіх гасцей было маёй задачай. І трэба ж здарыцца няшчасцю — у Юрыя Гагарына разбалеўся палец на левай назе! Узяла я найлепшага хірурга і бягом у гасцініцу, — успамінае ветэран. — Ніколі не забуду наш дыялог. Я яму: «Не хвалюйцеся, Юрый Аляксеевіч, зараз хірург пойдзе з вамі ў апартаменты, паглядзіць нагу, апрацуе і зробіць перавязку». — «Не, з такой цікавай жанчынай я адзін у нумар не пайду! — смяяўся ён. — Толькі калі з вамі». Ну што рабіць? Самы вядомы чалавек у свеце заве — трэба ісці! Ён усё жартаўліва называў мяне «зямлячкай», бо мы ў адным горадзе вучыліся. А праз некалькі гадзін было ўрачыстае пасяджэнне ў гонар юбілею. На першым радзе — месцы для гасцей прэзідыума, а мы, супрацоўнікі гаркама, сядзелі на другім. Увайшоў Юрый Аляксеевіч у залу, убачыў мяне — знаёмы твар — і сеў акурат наперадзе. У канцы пасяджэння сказаў: «Ну, зямлячка, дзе тваё запрашэнне?» Узяў і распісаўся на ім.
НА РАДЗІМУ ЎСЛЕД ЗА ГУССЮ
Вяртанне дадому ў Таісіі Міхайлаўны адбылося нечакана. Падчас чарговых вакацый у Брэсце яна прыйшла з мужам на рынак. Доўга хадзіла паміж радамі ў пошуках самага свежага і смачнага, пакуль не наткнулася на вялікія гусіныя тушкі.
— Калі даведалася, колькі яны каштуюць, то была ў шоку. Зусім танныя ў параўнанні з тымі, што прыходзілася купляць у Расіі. Менавіта ў той дзень у маёй галаве пачалі зараджацца думкі пра пераезд у горад дзяцінства. Вынік — я сяджу зараз перад вамі і ні кроплі аб гэтым не шкадую. Мае дзеці і ўнукі разляцеліся па свеце — жывуць у Мінску, Расіі і Фінляндыі. І пастаянна клічуць мяне да сябе, але я свой Брэст пакідаць не збіраюся!
Ганна КУРАК, фота аўтара
Мінск — Брэст — Мінск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-kurak
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyzvalennya-belarusi