Выстава беларускага мастака Андрэя Бондарава "Limbo. Прыгоды мастака ў Індыі" адкрыецца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў 17 мая, паведамілі [1] БЕЛТА ва ўстанове.
У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля 50 карцін, над якімі мастак працаваў на працягу 6 гадоў у Індыі. "Усе работы адлюстроўваюць светаадчуванне мастака і даюць магчымасць гледачам адчуць кантрасты Індыі", - адзначыла намеснік дырэктара па творчай дзейнасці цэнтра Алеся Іназемцава. У партрэтах, пейзажах і іншых работах аўтар паказаў супярэчлівае спалучэнне празмернай раскошы і беднасці Індыі, суіснаванне розных рэлігій і, вядома ж, яркасць зелені і асляпляльнага сонца.
На адкрыцці выставы Андрэй Бондараў прадставіць сваю дэбютную кнігу "Limbo. Прыгоды мастака ў Індыі", якая раскажа ад трэцяй асобы пра прыгоды героя па паўднёваазіяцкай краіне ў пошуках яркіх фарбаў, новых эмоцый і адчуванняў. Выданне поўнасцю праілюстравана работамі, напісанымі ў Індыі.
Для стварэння атмасферы, якую зведаў мастак у час свайго падарожжа, прадстаўнікі студыі "Індывара" выканаюць індыйскія танцы, выступяць музыканты-імправізатары калектыву Radiofillz, саксафаніст-флейтыст Фёдар Малікін.
Выстава "Limbo. Прыгоды мастака ў Індыі" прадоўжыцца па 2 чэрвеня.
Андрэй Бондараў - беларускі мастак і празаік. Нарадзіўся ў 1971 годзе ў горадзе Полацку. Цяпер жыве ў Мінску. Работы мастака прадстаўлены ў розных музеях і прыватных калекцыях свету.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/culture/view/vystavka-zhivopisi-andreja-bondareva-rasskazhet-ob-indii-347272-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyvapis
[4] https://zviazda.by/be/tags/indyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/mastak
[6] https://zviazda.by/be/tags/andrey-bondarau