17 мая ў Маладзечне Мінскі абласны штаб студэнцкіх атрадаў БРСМ правядзе ўрачыстую цырымонію адкрыцця трэцяга працоўнага семестра ў цэнтральным рэгіёне краіны.
У мерапрыемстве прымуць удзел каля 100 чалавек — кіраўнікі тэрытарыяльных штабоў студэнцкіх атрадаў, іх камандзіры, камісары і байцы, прадстаўнікі выканаўчай улады і грамадскіх арганізацый, паведамілі ў Мінскім абласным камітэце БРСМ.
Цэнтральная падзея дня — уручэнне пуцёвак для працы ў студэнцкіх атрадах на сацыяльна-значных аб’ектах малой радзімы, рэгіёну і ў цэлым краіны.
Для камандзіраў тэрытарыяльных штабоў студэнцкіх атрадаў БРСМ Міншчыны ў гэты дзень адбудзецца семінар-практыкум па арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў.
- У 2019 годзе, аб’яўленым БРСМ Годам студэнцкіх атрадаў, у Цэнтральным рэгіёне запланавана работа 138 студэнцкіх атрадаў (больш за 3000 чалавек) рознага профілю. Да прыкладу, у Капыльскім раёне — вытворчага студэнцкага атрада па пашыве пасцельнай бялізны ў Капыльскім дзяржаўным каледжы. У Пухавіцкім байцам студэнцкага вытворчага атрада давераць зборку вырабаў з пластмас у зборачным цэху ААТ «Рудзенск». У Валожынскім раёне ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Палачанка» ў студэнцкім педагагічным атрадзе будуць працаваць 42 чалавекі, а ў філіяле «Аздараўленчы комплекс «Спадарожнік» ААТ «Мінскрамбуд» — каля 100 чалавек. Арганізацыя студэнцкіх сельскагаспадарчых атрадаў запланавана практычна ва ўсіх рэгіёнах Міншчыны. Самыя шматлікія іх іх — у Клецкім, Мінскам і Чэрвеньскім раёнах. Студэнцкія атрады экалагічнага профілю створаць у Бярэзінскім, Вілейскім, Дзяржынскім, Крупскім, Лагойскім, Любанскім, Мядзельскім, Смалявіцкім, Салігорскім, Стаўбцоўскім, Уздзенскім, Чэрвеньскім раёнах і Жодзіне. Студатрады будаўнічага профілю чакаюць у Барысаўскім, Любанскім, Маладзечанскім, Смалявіцкім раёнах. Так, моладзь Смалявіцкага раёна будзе працаваць адразу на двух аб’ектах рэгіёну: на падсобных работах у філіяле КУП «Мінскаблдарбуд» — «Дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 123» і ў ААТ «Перасоўная механізаваная калона № 72». Медыцынскі студатрад плануецца арганізаваць у Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Падчас правядзення прома-акцыі БРСМ «Выбіраем студатрад!» з сакавіка па май заяўкі на працаўладкаванне ў складзе студэнцкіх атрадаў ужо падалі каля 2500 прадстаўнікоў моладзі Міншчыны.
Сяргей РАСОЛЬКА