Што рабіць, калі з уласнага акна вы бачыце не зялёны двор, а дзясятак кантэйнераў са смеццем і газон, спаласаваны коламі грузавікоў? «Мы станавіліся грудзямі перад смеццявозамі, якія, каб сэканоміць час і паліва, ехалі праз двор, клалі каменныя слупы... А яны іх аб'язджалі і, як усюдыходы, прабіраліся па кустах... І мы нічога іншага не маглі прыдумаць, як арганізаваць дзіцячую пляцоўку на месцы, дзе ездзяць машыны», — расказвае Наталля Парэчына, каардынатар праекта «Добрасуседства» — зробім двор сваёй мары разам!», падтрыманага ў межах праграмы «ТАНДЭМ ІV».
Але толькі адным добраўпарадкаваннем тэрыторыі актывісты не абмежаваліся. Праект перарос у сапраўдную інфармацыйную кампанію супраць смецця. Грамадская арганізацыя «Цэнтр экалагічных рашэнняў» праводзіла заняткі са школьнікамі рознага ўзросту. Дзеці даведваліся пра сартаванне адходаў, самі развешвалі спецыяльныя налепкі з інфармацыяй пра тое, якім павінна быць змесціва каляровых кантэйнераў. А што можа быць лепшым урокам у абарону чысціні і парадку, чым акцыі, на якіх дзеці побач з бацькамі «варожаць» над ператварэннем іх дворыка ў цудоўную ўтульную мясціну?
«Пасёлак Гатава быццам і недалёка знаходзіцца ад Мінска — 10 кіламетраў ад кальцавой, — а жылі мы там куды горш», — дзеліцца Наталля. Але, як аказалася, нават з невялікімі сродкамі можна шмат зрабіць. Былі б толькі людзі, якія не чакаюць, пакуль нехта вырашыць іх праблемы. На першы сход, на якім абмяркоўваліся пытанні па добраўпарадкаванні прыдваровай тэрыторыі, прыйшлі 43 чалавекі! У межах праекта было закуплена абсталяванне для дзіцячых пляцовак, трэнажоры, а ўсе работы ўзвалілі на сябе неабыякавыя жыхары пасёлка. Дапамогу аказала і камунальнае прадпрыемства.
Таксама ў межах праграмы «ТАНДЭМ ІV» падобны праект быў рэалізаваны ў Слоніме. Мясцовае грамадскае аб'яднанне ўстойлівага развіцця «Мінолс» і экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі таксама паказалі грамадскасці, што разам можна змяніць свет навокал. Жыхары горада разам з актывістамі абсталёўвалі дзіцячую пляцоўку, саджалі дрэвы і кусты. У будучыні ў горадзе плануюць зрабіць пляцоўку, на якой можна будзе не толькі выгульваць і дрэсіраваць сабак, але і рабіць выстаўкі розных жывёл.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachaya-plyacouka
[4] https://zviazda.by/be/tags/smecce
[5] https://zviazda.by/be/tags/dobrauparadkavanne-terytoryi