У нас прынята жадаць доўгіх гадоў жыцця. А што трэба рабіць, каб пражыць даўжэй? У кожнага з нас існуе свой парог ці ўсё ж прыроду можна падмануць? Як мы самі скарачаем сваё жыццё і чаму адпачынак павінен быць актыўным? Якія сакрэты маюць доўгажыхары? Пра гэта мы пагутарылі з кіраўніком Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра, намеснікам галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава Людмілай Жылевіч.
— Людміла Аверкіеўна, якія нашы звычкі скарачаюць жыццё?
— Працягласць жыцця ў многім залежыць ад паводзінскіх фактараў. Курэнне, злоўжыванне алкаголем, нізкая фізічная актыўнасць, няправільнае харчаванне — гэта даказаныя прычыны, якія скарачаюць жыццё. Наша даўгалецце на 50 % залежыць ад нас саміх. Ёсць і індывідуальныя фактары, напрыклад, генетыка, экалогія, у якой мы знаходзімся, паветра, якім дыхаем, нарэшце, той рабочы тэмп, які нам задае праца і які мы не можам змяніць. У такім выпадку трэба мяняць працу, калі яна не падыходзіць па біялагічных рытмах, нашых схільнасцях. Бо ўсё гэта ўплывае на працягласць жыцця. Але калі мы заклікаем: «Давайце падаўжаць жыццё!», то ў першую чаргу павінны мець на ўвазе здаровы, актыўны перыяд, калі чалавек на сваіх нагах, у сваім розуме і жыццё яму штодзень у радасць. Бо самае галоўнае ў даўгалецці — гэта незалежнасць. Кожны з нас жадае жыць доўга, але хоча, каб у гэты час ён быў незалежным ад блізкіх і іншых людзей.
Зараз тэхнічны прагрэс і дасягненні медыцыны дазваляюць чалавеку жыць доўга. Але як быць у старасці, калі баляць суставы, зрок і слых не вельмі добрыя, калі галава кружыцца, ад чаго паходка робіцца хісткай і ўзнікае рызыка падзення? Тут трэба разумець, што колькасць захворванняў не ўплывае на якасць жыцця. Нават калі чалавек мае пэўныя хваробы, але прыхільны да лячэння, адэкватна ацэньвае свае сілы і правільна размяркоўвае фізічную нагрузку, не шкодзячы сваім суставам і пазваночніку, ён можа жыць доўга і паўнацэнна. Калі ёсць праблемы са страўнікава-кішачным трактам, але ён правільна харчуецца, то і з гэтымі захворваннямі ён можа жыць. Таму трэба сябе максімальна берагчы, каб у старасці быць незалежным.
— Як інтэнсіўная фізічная праца ці спорт уплываюць на працягласць жыцця?
— Гэта той фактар, які з аднаго боку спрыяе даўгалеццю, а з іншага, неразумнае выкарыстанне яго шкодзіць арганізму. Многія людзі ацэньваюць свае сілы неадэкватна — даюць нагрузкі, якія перавышаюць іх магчымасці. Рэсурс рана ці позна заканчваецца, бо ў кожнай сістэмы свая ступень трываласці. Хтосьці ўсю зіму адпачываў, мала рухаўся, а потым прыехаў на дачу і вырашыў за дзень пасадзіць 20 сотак. Нічым добрым для арганізма гэта не скончыцца. Зараз той перыяд, калі дачнікі, якія цэлую зіму правялі дома, імкнуцца на прысядзібныя ўчасткі і даюць сабе непасільную нагрузку. І мы маем вялікую колькасць інсультаў, інфарктаў і іншых захворванняў. Увогуле, як паказвае вопыт, большасць з нас стараецца перавышаць свае магчымасці і рэсурсы. Але трэба і берагчы сябе.
— Дык здаецца, што можа быць лепш у гэтым плане, чым адпачываць усю зіму?
— Ёсць простыя правілы таго, як правільна варта сябе захоўваць, і кожны ў стане іх прытрымлівацца. Зразумела, што мы не можам не нервавацца, бо сённяшняе жыццё напоўнена стрэсамі. Але ёсць тое, што кожнаму па сілах: у тыдзень трэба мець 150 хвілін аэробнай нагрузкі, якая дае перавышэнне пульсу на 40—50 %. І яе трэба выконваць любым шляхам, безумоўна, з улікам сваіх праблем са здароўем. Каб правільна яе падабраць, трэба пракансультавацца з урачом. Зразумела, гэта не статычная нагрузка, калі вы падымаеце штангу, бо з гадамі ваш спрасаваны пазваночнік болем напомніць пра ўсё. Карыснымі могуць быць расцяжка, ёга, інтэнсіўная хадзьба, плаванне.
Важна, каб у штодзённым рацыёне была пэўная прапорцыя расліннай ежы. Акцэнт трэба рабіць не на бялковай, цяжказасваяльнай ежы. З раніцы лёгказасваяльныя вугляводы — кашы, у абед і на працягу дня — вялікая колькасць гародніны і фруктаў. Усе калорыі, якія вы на працягу дня з'елі, трэба пастарацца разгрузіць.
Калі ваша работа сядзячая і цэлы дзень вы праводзіце за камп'ютарам, трэба памятаць, што перыядычна вам неабходна фізічная нагрузка, хоць бы зарадка, каб з вымушанай позы вы ўставалі, разгружалі суставы і давалі магчымасць аднавіцца кровазабеспячэнню ўсіх органаў і сістэм. У савецкія часы нездарма існавала вытворчая гімнастыка, пра якую зараз зноў пачалі гаварыць.
— Калі праца не разумовая, а цяжкая фізічная, таксама патрэбна дадатковая актыўнасць?
— Як вядома, змена дзейнасці і ёсць адпачынак. Калі ў вас цяжкая фізічная праца, не трэба дадаткова нагружаць суставы і вены фізічнымі практыкаваннямі. Знайдзіце рэлаксуючы занятак — ёга, расцяжка. Калі падчас фізічнай працы нагрузка, напрыклад, прыходзіцца на ногі, трэба даць ім адпачынак, але задзейнічаць плечавы пояс. Калі ж вы заняты разумовай працай, 150 хвілін аэробнай нагрузкі ў тыдзень недастаткова, гэты час пажадана павялічваць. Калі ваша работа з высокай ступенню стрэсу, гэты адрэналін нішто не разбурае лепш, чым фізічная нагрузка. Калі вы шмат сядзіце, важна паступова, без рэзкіх скачкоў, прыступаць да практыкаванняў. Увогуле жанчынам ва ўзросце я б не рэкамендавала хадзіць на аэробіку, гэта і ёсць перавышэнне магчымасцяў свайго арганізма. Лепш падыходзяць хадзьба, скандынаўская хадзьба, дзе задзейнічаны і плечавы пояс, практыкаванні на падлозе, дзе вы выпрастоўваеце свой пазваночнік.
— Як наш настрой уплывае на здароўе? Доўгажыхары — гэта аптымісты?
— Адназначна. Я не бачыла сярод доўгажыхароў песімістаў. Пазітыўнае мысленне — адно з правіл даўгалецця. Шмат залежыць ад нашага мозга: калі хтосьці вырашыў, што ён стары, у яго запускаецца працэс паталагічнага старэння. Таму, калі мы глядзімся ў люстэрка, лепш казаць сабе добрыя словы. І свет успрымаць пажадана не ў цёмных фарбах, а знаходзіць нейкую яркую, каляровую рысу і на ёй засяроджваць сваю ўвагу, навучыцца радавацца жыццю.
— Якія агульныя рысы характэрныя для доўгажыхароў?
— Гэта людзі, умудроныя жыццёвым вопытам, яны ўспрымаюць усё не так востра і эмацыйна, як гэта ўласціва моладзі. Яны з разуменнем ставяцца да недахопаў іншых, досыць крытычна адносяцца да ўласнай персоны, але не моцна цкуюць сябе за нейкія пралікі ў жыцці. Гэта людзі, занятыя пастаяннай фізічнай працай ці актыўнасцю: нехта наведвае спартыўную залу, а іншы проста штодзень ходзіць, хтосьці мае дачу, дзе працуе, ці жыве ў агульным з блізкімі доме і мае свае абавязкі. Але ўсе гэтыя людзі любяць фізічную працу ў залежнасці ад той ступені, у якой дазваляе арганізм. Яны маюць пазітыўнае мысленне і заняты самаадукацыяй. Тут неабавязкова штурмаваць навуковыя вышыні, дастаткова цікавіцца жыццём, атрымліваць любыя новыя веды. Можаце асвойваць тое, чым вы калісьці цікавіліся, калі ў вас было ў планах нечым заняцца — займіцеся зараз. Любы разумовы працэс толькі на карысць.
Сёння шмат тэорый даўгалецця, сярод іх генетычная, якая сцвярджае, што працягласць жыцця залежыць ад даўжыні нашых целамераў — гэта пэўныя генетычныя ўтварэнні. У кожнага іх даўжыня індывідуальная. Калі іх адкрылі і супаставілі з працягласцю жыцця, меркавалася, што ў кожнага маецца свой парог. Пасля высветлілася, што нашы целамеры на працягу жыцця могуць мяняцца. І калі прысутнічаюць такія фактары рызыкі, як курэнне, алкаголь, гіпадынамія, то целамеры імкліва скарачаюцца, нават калі яны былі доўгія і прырода дала шанц. Калі вы змяняеце свой лад жыцця, пачынаеце даваць сабе фізічную нагрузку, рэгуляваць харчаванне, калі вы ўсмешлівы чалавек і радуецеся кожнаму дню, дорыце цеплыню сваім блізкім, усё гэта толькі павялічвае целамеры, і яны вяртаюцца ў той біялагічны стан, які быў закладзены прыродай. Нішто не праходзіць бясследна: усё добрае падаўжае наша жыццё, а дрэннае — скарачае.
— Наяўнасць сям'і, блізкіх падаўжае жыццё?
— Ёсць такое паняцце ў герыятрыі, як сацыяльныя сіндромы. Адзінота — найбольш значны з іх. І найбольш уплывовы для мужчын. Жанчыны больш гнуткія, яны, як правіла, знаходзяць сабе занятак. На сёння сярэдняя працягласць жыцця мужчын у Беларусі на 10 гадоў менш, чым жанчын. Калі мужчына застаецца без блізкіх ва ўразлівым да развіцця сардэчна-сасудзістых катастроф узросце — з 40 да 60 гадоў, у тым ліку і адзінота правакуе смяротнасць. Гэта вельмі добра, калі пажылыя людзі аб'ядноўваюцца ў пары. Сёння дзеці рэдка жывуць з пажылымі бацькамі, і важна, калі побач са сталым чалавекам нехта ёсць. Да таго ж у адзінокага чалавека ўзрастае імавернасць дэпрэсіі, што з'яўляецца важным фактарам заўчаснай смяротнасці. Гэтае расстройства спрыяе развіццю ў тым ліку і сардэчна-сасудзістых катастроф.
— Колькі гадоў вы працуеце з пажылымі людзьмі? Якія высновы для сябе зрабілі?
— Усю сваю працоўную дзейнасць, а гэта амаль 40 гадоў, я займаюся людзьмі, у тым ліку і пажылымі, пэўны час працавала галоўным герыятрам Міністэрства аховы здароўя. Ужо тры гады дзейнічае наш цэнтр. На мой погляд, сёння наспела неабходнасць распрацоўкі на дзяржаўным узроўні праграмы, скіраванай на пажылых людзей. Наша насельніцтва старэе. Сёння гэта цэлы пласт грамадства, які патрабуе іншых падыходаў. Павінна мяняцца гарадское асяроддзе: нашы паркі, пляцоўкі мусяць быць не толькі для дзяцей, але і для пажылых, дзе яны змогуць забяспечваць камунікацыю і фізічную нагрузку. У грамадстве мы павінны папулярызаваць паняцці валанцёрства і міласэрнасці.
Калі казаць пра ўласныя назіранні, я зразумела, што ў сваёй свядомасці ніколі не трэба ставіць псіхалагічныя перашкоды адносна ўзросту. У пэўны момант мы сабе кажам: мне ж ужо 60, я гэтага ўжо не здолею ці не павінен рабіць. А трэба казаць, што нягледзячы на тое, што ўзрост уносіць пэўныя абмежаванні, штосьці іншае я магу рабіць лепш. Мне падабаецца выказванне «старэць не абавязкова». Усё ж пачынаецца ў нашай галаве.
— Чаму вы вучыце пажылых людзей у геранталагічным цэнтры?
— Найперш таму, што неабходна выконваць кожнаму пажылому чалавеку: кантраляваць асноўныя паказчыкі свайго здароўя. Правільна вымяраць артэрыяльны ціск, арыентавацца на дозы і прэпараты, каб яго знізіць. Калі павышаны аб'ём таліі і ёсць рызыка ўзнікнення цукровага дыябету ці ён ужо развіўся — кантраляваць узровень глюкозы. Вучым, як правільна хадзіць, каб пазбегнуць падзенняў, калі ёсць галавакружэнні. Тлумачым, як палепшыць памяць, як заўважыць, што ўзніклі з ёй праблемы, як арганізаваць бяспечную прастору дома, якія маркеры пакінуць, каб, выходзячы з кватэры, звярнуць увагу, ці выключыў ты газ. Расказваем, як дзейнічаць, калі ўзніклі болі ў сэрцы, як правільна сфарміраваць аптэчку — каб не ўзнікала панікі ў такіх сітуацыях. Ёсць шмат забаўляльных і пазнавальных мерапрыемстваў, напрыклад музычная тэрапія ці кірмашы рэчаў, зробленых уласнымі рукамі.
— Людзям якога ўзросту вы параілі б геранталагічны цэнтр?
— Працэсы старэння пачынаюцца ў нашым арганізме з 45 гадоў, спачатку незаўважна для нас саміх. Мы пачыналі з 60-гадовых пацыентаў. Зараз запрашаем людзей і ў 50, калі бачым, што чалавек зношаны маральна і фізічна. Я гляджу пацыентаў на этапе прыёмнага пакоя нашага шпіталя. Нярэдка бачу там сталых людзей з апушчанымі плячыма, з патухлым поглядам, у якіх няма жадання ні з кім кантактаваць. І кажу ім: «Прыходзьце у цэнтр!». Праз нейкі час сустракаю ў калідоры, іх не пазнаць — вочы загараюцца, вяртаецца цікавасць да жыцця!
Алена КРАВЕЦ
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/author/taccyana-tkachova
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/zdaroue
[5] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[6] https://zviazda.by/be/tags/daugalecce
[7] https://zviazda.by/be/tags/geryyatr
[8] https://zviazda.by/be/tags/gerantalagichny-centr