Выкарыстанне беспілотнікаў у месцах спаборніцтваў і каля гасцініц забаронена на час II Еўрапейскіх гульняў, паведамляецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале [2] Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка 20 мая падпісаў указ № 191 «Аб мерах бяспекі ў перыяд правядзення II Еўрапейскіх гульняў 2019 года». Згодна з дакументам, у Мінску і Мінскім раёне з 17 чэрвеня па 2 ліпеня ўводзяцца дадатковыя меры бяспекі.
Указам забараняецца выкарыстоўваць беспілотныя лятальныя апараты і авіямадэлі на спартыўных аб’ектах і ў іншых месцах спаборніцтваў. Забаронена выкарыстоўваць беспілотнікі каля гасцініц і іншых месцах размяшчэння гасцей і ўдзельнікаў II Еўрапейскіх гульняў, у фан-зонах. Выключэнне зроблена толькі для дронаў, якія належаць дзяржорганам і выкарыстоўваюцца ў мэтах, звязаных з правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў.
«Будуць уведзены і часовыя абмежаванні руху транспартных сродкаў у Мінску пры неабходнасці. Таксама будуць вылучацца спецыяльныя паласы руху — канструктыўна або шляхам нанясення сімволікі Еўрапейскіх гульняў. Яны будуць выкарыстоўвацца для прыпынку, стаянкі, руху транспарту, задзейнічанага ў забеспячэнні правядзення спаборніцтваў», — гаворыцца ў паведамленні на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Службовым асобам органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду і Дзяржпрамнагляду прадастаўляецца права ў выключных выпадках, звязаных з надзвычайнымі абставінамі, праводзіць пазапланавыя праверкі і маніторынгі на спартыўных аб’ектах, у месцах размяшчэння ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў і ў фан-зонах. Гэтыя наглядныя мерапрыемствы праводзяцца па рашэнні міністра па надзвычайных сітуацыях.
Работнікам аховы гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, прызначаных для знаходжання удзельнікаў Еўрапейскіх гульняў, дазваляецца праводзіць асабісты дагляд, дагляд рэчаў і дакументаў, транспарту. Рэалізацыя дакумента паспрыяе бяспечнаму правядзенню ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў. Указ уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://pravo.by
[3] https://zviazda.by/be/tags/euragulni-2019