Дзеючы прэзідэнт Інданезіі Джока Відода атрымаў перамогу на праведзеных у краіне выбарах і застанецца кіраўніком дзяржавы на другі тэрмін. Аб гэтым, як піша БЕЛТА [1], паведамляе Agence France-Presse са спасылкай на заяву кіраўніка інданезійскай Цэнтральнай выбарчай камісіі.
Па выніках праверкі ўсіх бюлетэняў Джока Відода набраў 55,5 працэнта галасоў выбаршчыкаў. Яго адзіны сапернік - апазіцыйны кандыдат Прабова Субіянта - заручыўся падтрымкай 44,5 працэнта выбаршчыкаў.
Усеагульныя выбары прайшлі ў Інданезіі 17 красавіка. Грамадзяне краіны выбіралі прэзідэнта, дэпутатаў дзвюх палат парламента, мясцовых заканадаўцаў. Усяго ў выбарах удзельнічалі амаль 240 тыс. кандыдатаў, якія прэтэндавалі на 20 тыс. месцаў. Яўка перасягнула 80 працэнтаў з 193 млн чалавек, маючых права голасу. Па ўсёй краіне было адкрыта больш за 813 тыс. выбарчых участкаў.
Фота: EPA-EFE
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/world/view/dzhoka-vidoda-atrymau-peramogu-na-vybarah-prezidenta-indanezii-78215-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/indaneziya