Як з дапамогай кода стварыць уласную анімацыю і «ажывіць» касмічны карабель? Сабраць віртуальны рок-гурт і запраграмаваць музычныя інструменты? Навучыць размаўляць чат-бот і распрацаваць гоначную гульню? Большасці дарослых гэта не пад сілу, а вось дзеці з такімі задачкамі элементарна спраўляюцца. Асновам праграмавання цяпер навучаюць не толькі ў платных гуртках і аб'яднаннях па інтарэсах. У студзені гэтага года ў Беларусі адкрыўся першы Соdе Сlub. І адбылася гэта падзея зусім не ў сталіцы: піянерамі ў новай справе сталі педагогі Радашковіцкай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна. А ў лютым прайшлі першыя заняткі ў аналагічным клубе, створаным на базе барысаўскай сярэдняй школы № 24.
На заняткі ў... бібліятэку
— Соdе Сlub — гэта міжнародная сетка бясплатных клубаў па кадзіраванні для дзяцей ва ўзросце ад 9 да 13 гадоў. Праект нарадзіўся ў Вялікабрытаніі і паступова перарос у міжнародную ініцыятыву, — тлумачыць менеджар адукацыйных праектаў, каардынатар руху Соdе Сlub у нашай краіне Алена МЕЛЬЧАНКА. — Місія Соdе Сlub — натхняць новае пакаленне на заняткі праграмаваннем, тэхнічнай творчасцю і стварэнне лічбавых артэфактаў. Сёння ў свеце дзейнічаюць ужо больш як 13 тысяч такіх клубаў, у якіх навучаюцца 195 тысяч дзяцей. Геаграфія руху ахоплівае 160 краін — ад Бразіліі да Беларусі.
З 2013 года працуе сайт соdесlubwоrld.оrg (займаюцца ім тыя ж брытанцы), задача якога — каардынаваць навучанне праграмаванню па ўсім свеце і даць магчымасць кожнаму дзіцяці атрымаць веды аб асновах інфарматыкі. Валанцёрамі з усяго свету ўжо створаны тысячы розных праектаў па розных тэмах і на розны ўзрост. Яны бясплатныя і адкрытыя для ўсіх. Гэта дэталёвыя пакрокавыя інструкцыі, якія дзеці выкарыстоўваюць для стварэння сваіх уласных гульняў, анімацый і вэб-сайтаў з такімі мовамі праграмавання, як Sсrаtсh, HTML/СSS і Руthоn. Праекты дазваляюць пачаткоўцам паступова нарошчваць свае веды. Пры гэтым дарослым, якія кіруюць клубамі, зусім не абавязкова быць дасведчанымі спецыялістамі ў праграмаванні.
Кожны ахвотны, хто хоча заснаваць свой клуб, можа прайсці курс падрыхтоўкі на гэтым сайце і атрымаць там гатовыя інструкцыі і матэрыялы для правядзення заняткаў. Для стварэння Соdе Сlub патрабуюцца валанцёр (гэта можа быць не толькі педагог, але і хтосьці з бацькоў, студэнт-старшакурснік ці ІТ-спецыяліст), пляцоўка, ну і, канешне, навучэнцы, якіх трэба захапіць праграмаваннем. У групах можа быць да 15 дзяцей. Заняткі праводзяцца пасля ўрокаў ці ў выхадныя дні. Галоўны прынцып — іх бясплатнасць. Гэта робіць вывучэнне праграмавання даступным для ўсіх незалежна ад месца пражывання і сацыяльнага статусу. Выглядае ўсё прыкладна так: раз на тыдзень валанцёры прыходзяць у школу ці, напрыклад, у бібліятэку або ўстанову дадатковай адукацыі і праводзяць там занятак працягласцю ў адну гадзіну.
Ва Украіне, дзе за чатыры апошнія гады адкрылася больш як 500 код-клубаў, у якасці пляцовак для іх дзейнасці вельмі актыўна выкарыстоўваюцца менавіта бібліятэкі, а ноўтбукі дзеці прыносяць з сабой. Бібліятэкі зацікаўлены ў трафіку дзяцей, бацькоў, прыцягненні ўвагі да сябе і менш патрабавальныя да наяўнасці нейкіх афіцыйных папер. Між іншым, у нашых суседзяў нават дзейнічае нацыянальны штаб, які каардынуе дзейнасць Соdе Сlub у краіне. У ім працуе 15 чалавек, работу якіх аплачвае адзін з камерцыйных банкаў.
Ранняя прафарыентацыя
Святлана ШНЕЙДЗЕР, настаўніца фізікі, намеснік дырэктара па метадычнай рабоце Радашковіцкай сярэдняй школы, пазнаёмілася з мовай праграмавання Sсrаtсh на курсах, арганізаваных для педагогаў ПВТ, атрымала сертыфікат аб іх заканчэнні і арганізавала факультатыў для малодшых школьнікаў.
— Але мне заўсёды хацелася чагосьці менш фармальнага, таму, калі даведалася пра Соdе Сlub, адразу загарэлася гэтай ідэяй, — канстатуе педагог. — Заўважу, што школа ў нас немаленькая — каля 650 навучэнцаў, — і мы ўдзельнічаем у рэспубліканскім інавацыйным праекце па ўкараненні кампетэнтнасна-арыентаванай лічбавай мадэлі прафарыентацыйнай работы. А чаму б Соdе Сlub не разглядаць як спосаб прафарыентацыі школьнікаў? Нашы заняткі дапамагаюць фарміраваць у дзяцей інжынернае мысленне ў раннім узросце. З ведамі, якія яны тут атрымаюць, ім прасцей будзе зарыентавацца з выбарам профілю ў старшай школе і далей з выбарам спецыяльнасці. Пакуль што толькі прыкладна кожны пяты вучань 10 класаў выбірае фізіку і матэматыку ў якасці профільных прадметаў, а хацелася б, каб такіх вучняў было значна больш.
Сёння наш клуб — гэта два педагогі-валанцёры і дзве групы з 30 вучняў (трэцякласнікі і чацвёртакласнікі), якія распачалі вывучэнне праграмавання з візуальнай мовы Sсrаtсh. Праз год-два найбольш зацікаўленыя вучні змогуць перайсці на наступную прыступку ў межах клуба. Маю ініцыятыву ахвотна падтрымаў настаўнік інфарматыкі і працоўнага навучання нашай школы Павел ЯНЧАЎСКАС. Калі падрастуць вучні, якія маюць цікавасць да тэхнікі і базавае ўяўленне пра алгарытмы, Павел Пятровіч плануе займацца з імі канструяваннем на платформе Аrduіnо.
Ён таксама выкладае працоўнае навучанне ў 10-м класе па праграме прафесійнай падрыхтоўкі “Радыёманцёр па абслугоўванню сетак тэлебачання і радыёвяшчання”. А заняткі ў клубе дапамогуць сфарміраваць у дзяцей цікавасць да радыёэлектронікі.
— Адкрыўшы Соdе Сlub, мы вырашаем не толькі задачу засваення дзецьмі ключавых канцэпцый праграмавання, але і ствараем адукацыйнае асяроддзе, якое дапамагае дзіцяці зразумець, што для яго найбольш цікавае: пісаць код для лагічнай задачы, ствараць гульні або займацца дызайнам у анімацыі, — тлумачыць Святлана Шнейдзер. — Выконваючы праекты ў нашым клубе, дзеці развіваюць навыкі праграмавання, атрымліваюць вопыт сумеснай працы, творчага і аналітычнага мыслення. Я бачу яшчэ адзін вялікі плюс: мы можам рухацца наперад у рэалізацыі праекта ў сваім тэмпе. У нас няма абавязковай праграмы — толькі кірунак, у якім мы працуем, і гатовыя модулі з заданнямі. Заўсёды ёсць магчымасць спыніцца і разабраць складанае заданне больш дэталёва.
Канешне, стварэнню Соdе Сlub папярэднічала тлумачальная праца з бацькамі: наведваць яго можна толькі з іх пісьмовага дазволу. Добраахвотнасць — гэта другі базавы прынцып. На вялікім бацькоўскім сходзе таты і мамы азнаёміліся з дзейнасцю падобных клубаў, і групы сфарміраваліся хутка. Попыт зараз перавышае магчымасці.
У Радашковіцкай сярэдняй школе заняткі праходзяць у кабінеце інфарматыкі і ў лінгафонным кабінеце. У клубе навучэнцы выкарыстоўваюць інструкцыі па выкананні праектаў, якія ўтрымліваюць пэўны выклік: ім прапануецца стварыць, напрыклад, уласную гульню па маляванні ці навучыць рухацца касмічны карабель... А настаўнік-валанцёр выконвае ролю арганізатара і кансультанта.
Вучоба ў клубе — гэта падрыхтоўка праектаў па гатовых інструкцыях. Ёсць адзін нюанс — усе інструкцыі размяшчаюцца на сайце соdесlubwоrld.оrg на англійскай мове, і іх даводзіцца перакладаць. У Радашковіцкай школе вырашылі прыцягнуць да перакладу старшакласнікаў — вучняў з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы ці з педкласа. Для іх гэта выдатная практыка, а для навучэнцаў Соdе Сlub — рэальная карысць. Перакладзеныя інструкцыі размяшчаюцца ў раздзеле Соdе Сlub на сайце навучальнай установы, і кожны, хто задумаўся пра стварэнне ўласнага клуба, можа імі скарыстацца.
Як далучыцца да супольнасці?
— У адрозненне ад факультатыва па Sсrаtсh, які я вяла, Соdе Сlub дае свабоду і мне, і дзецям, — падтрымлівае калегу настаўніца нямецкай мовы з 24-й барысаўскай сярэдняй школы Кацярына ЗАНІМОНСКАЯ, яшчэ адзін педагог-валанцёр. — На базе нашай навучальнай установы дзейнічае STЕM-цэнтр, там ёсць 10 новых ноўтбукаў, якімі мы і скарысталіся. Пагадзіцеся, што дзеці праводзяць за камп'ютарам значную частку свайго часу. Дык чаму б нам не зрабіць гэты іх спосаб баўлення часу максімальна карысным? Першыя заняткі ў Соdе Сlub адбыліся 2 лютага. Затым я разам з камандай педагогаў нашай школы ўдзельнічала ў хакатоне, таму заняткі для вучняў 3—4 класаў праводзілі валанцёры з ліку навучэнцаў нашага школьнага STЕM-цэнтра.
Атрыманыя веды і вопыт удзелу ў розных конкурсах і хакатонах дазваляе дзецям не толькі вучыцца самім, але і навучаць іншых. І валанцёрам, і выхаванцам Соdе Сlub такое ўзаемадзеянне спадабалася, усім было цікава. І з задачамі справіліся, і праекты атрымаліся... Вось вам і першы ўдалы вопыт прафарыентацыі! Педагогі ўпэўнены: старшакласнікі і бацькі школьнікаў — гэта рэзерв, які абавязкова трэба мець на ўвазе. Увогуле, пры стварэнні код-клубаў варта арыентавацца ў большай ступені на бацькоў, бо не ўсе дзеці ў дзевяць гадоў маюць уяўленне аб праграмаванні.
Паводле апошняй інфармацыі, на сайце сусветнага руху Соdе Сlub зарэгістраваліся ўжо 26 клубаў з Беларусі. А Святлана Шнейдзер запусціла кампанію на платформе MоlаMоlа па зборы сродкаў на падтрымку дзейнасці іх клуба ў Радашковічах (httрs://mоlаmоlа.bу/саmраіgns/437).
— Для заняткаў патрабуюцца каляровая раздрукоўка інструкцый па выкананні праектаў, папяровыя блокі праграмы Sсrаtсh для бескамп'ютарнага навучання, мікракамп'ютары, прызы для заахвочвання ўдзельнікаў клуба, — тлумачыць яна. — Усе сабраныя сродкі пойдуць на набыццё каляровых шматфункцыянальных прылад, паперы, плат mісrо:bіt. Таксама мы будзем рады і новым валанцёрам у нашым клубе.
— Для запуску Соdе Сlub не патрабуецца папярэдні вопыт праграмавання або спецыяльнае абсталяванне, — падкрэслівае Алена Мельчанка. — Каб далучыцца да супольнасці, зусім не абавязкова быць экспертам па кадзіраванні. Можна дапамагчы перакладаць матэрыялы, каб ахапіць дзяцей па ўсім свеце, ахвяраваць сродкі або даць пляцоўку для бясплатных заняткаў. Пасля рэгістрацыі Соdе Сlub на сайце сусветнага руху соdесlubwоrld.оrg валанцёр атрымлівае доступ да праектаў і мноства дадатковых карысных рэсурсаў, сертыфікатаў і плакатаў, якія можна раздрукаваць.
Дабрачынны фонд Rаsрbеrrу Рі Fоundаtіоn, які каардынуе сусветны рух, падтрымлівае клубы і валанцёраў з дапамогай анлайн-трэнінгаў, вэбінараў і грамадскіх мерапрыемстваў, рэгулярна праводзіць конкурсы і розыгрышы прызоў. Усё гэта робіцца для таго, каб клубы былі звязаны паміж сабой. На карце можна знайсці Соdе Сlub побач з вамі, звязацца з ім і падзяліцца сваімі напрацоўкамі і досведам. Натхненне ў такой справе вельмі важнае. А хто можа натхніць лепш, чым твае адзінадумцы?
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота атрымана ад Соdе Сlub Радашковіцкай сярэдняй школы
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/code-club
[5] https://zviazda.by/be/tags/alena-melchanka
[6] https://zviazda.by/be/tags/radashkovickaya-syarednyaya-shkola
[7] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-shneydzer
[8] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-zanimonskaya
[9] https://zviazda.by/be/tags/scratch
[10] https://zviazda.by/be/tags/pragramavanne
[11] https://zviazda.by/be/tags/kadziravanne