Сарваная з дачнага куста і адпраўленая проста ў рот клубніца або шашлык, які мы ўзялі нямытымі рукамі, — гэта і многае іншае можа прымусіць нас літаральна праз гадзіну-другую забыць пра задавальненне летняга адпачынку і адправіцца ў ложак. Летам, калі мы робімся больш актыўнымі, узрастае і колькасць атручванняў.
Традыцыйна рост колькасці кішачных інфекцый пачынаецца з мая і заканчваецца ўвосень.
— Гэта звязана з павелічэннем актыўнасці — людзі выязджаюць на прыроду, адпачываюць на адкрытым паветры, праводзяць святочныя мерапрыемствы і выкарыстоўваюць розныя прадукты, якія могуць быць крыніцай хваробы, — кажа загадчык супрацьэпідэмічнага аддзялення Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Дзмітрый Галоцік. — Пакуль сітуацыя з кішачнымі інфекцыямі кантралюемая і стабільная. Узровень захваральнасці ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года скараціўся на 21 %, а па некаторых вострых кішачных інфекцыях устаноўленай этыялогіі — на 26 %.
У нашай краіне традыцыйна лідыруюць вострыя кішачныя інфекцыі, выкліканыя вірусамі. Сёлета іх колькасць таксама знізілася, у прыватнасці па ротавірусах — на 40 %, энтэравірусах — на 50 %.
— Аднак зніжэнне захваральнасці не гарантуе, што не адбудзецца ўспышкі інфекцыі. Харчовыя атручванні нас падпільноўваюць пры любым парушэнні правілаў гігіены і бяспекі захоўвання і прыгатавання прадуктаў. Узбуджальнікі кішачных інфекцый перадаюцца праз ваду, ежу, брудныя рукі, — папярэджвае Дзмітрый Галоцік. — Летам здараюцца выпадкі так званых «вясельных інфекцый», калі гатуюцца салаты, асабліва з маянэзам, на вялікую колькасць гасцей, яны захоўваюцца некалькі гадзін, прычым побач з гарачымі плітамі, дзе гатуюцца астатнія стравы, і робяцца крыніцай успышак атручванняў.
Правілы бяспекі
Гэтыя простыя правілы варта памятаць і выконваць кожнаму.
Пры выездзе за мяжу
Медыкі папярэджваюць, што з тымі хваробамі, якіх у нас няма, можна сустрэцца за мяжой — у краінах Азіі, Турцыі, Егіпце і нават Еўропе. Гепатыт А, брушны тыф, халера могуць быць шырока распаўсюджаны ў тым рэгіёне, куды вы накіроўваецеся.
Таму асабліва важна не ўжываць сырыя прадукты, у прыватнасці мяса, не піць ваду з невядомых крыніц, не купацца ў неўстаноўленых месцах, не ўжываць морапрадукты, прыгатаваныя ў сумнеўных умовах. Апошнія, дарэчы, могуць здабывацца ў прыбярэжнай зоне, куды скідваюцца сцёкі, і назапашваць шкодныя рэчывы.
Безупыннае расстройства
Калі ж шкодны мікраарганізм усё ж трапіў да вас, як правіла, праз 6—12 гадзін ён нагадае пра сябе. Але пры некаторых інфекцыях, у прыватнасці гепатыце А, інкубацыйны перыяд можа дасягаць 35 сутак.
— Інкубацыйны перыяд складае ад паўгадзіны да трох сутак. Чым ён карацейшы, тым большую дозу інфекцыі вы атрымалі і тым больш патагенныя мікраарганізмы, — кажа намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г. Мінска Святаслаў Вельгін.
Кішачныя інфекцыі небяспечныя найперш стратай вадкасці і электралітаў, якія арганізм губляе падчас дыярэі і рвоты. Разам з тым ён губляе запасы натрыю і хлору. А гэта, у сваю чаргу, вядзе да аслаблення арганізма, зніжэння артэрыяльнага ціску, страты прытомнасці.
— Таму пры кішачных інфекцыях важна захоўваць пітны рэжым. Прычым піць не проста ваду — ёсць сродкі для аральнай дэгідратацыі. Гэта сумесі пад рознымі гандлёвымі назвамі, якія ўтрымліваюць неабходныя для арганізма соль, цукар. Іх разводзяць у кіпячонай вадзе і ўжываюць да 1,5 літра ў суткі. Калі стан не дазваляе піць, трэба звяртацца да ўрача, які прызначыць увядзенне солевых раствораў парэнтэральна. Асабліва небяспечна абязводжванне ў дзяцей, таму іх, як правіла, шпіталізуюць, — папярэджвае Святаслаў Вельгін.
Яшчэ адна праблема пры кішачных інфекцыях — інтаксікацыя. Мікраарганізмы выдзяляюць таксіны, якія вядуць да павышэння тэмпературы цела, галаўнога болю і іншых непрыемных сімптомаў. Змагацца з гэтым можна энтэрасарбентамі, самы просты з якіх — усім вядомы актываваны вугаль. Яны ліквідуюць прадукты жыццядзейнасці шкодных мікробаў і аблягчаюць стан.
Антыбіётыкі пачакаюць
Антыбіётыкі медыкі не раяць прымаць пры кішачных інфекцыях, акрамя тых выпадкаў, калі вы знаходзіцеся за мяжой і медыцынская дапамога недаступная.
— Рэцэптурны антыбіётык — цыклафлаксацын можа прымяняцца, калі на адпачынку здарылася дыярэя. Больш даступны і бяспечны прэпарат — ніфураксазід. Гэта кішачны антысептык, які дазваляе кантраляваць інфекцыю на ўзроўні кішэчніка, — тлумачыць Святаслаў Вельгін.
Вельмі важна падчас кішачнай інфекцыі прытрымлівацца дыеты. Ёсць шэраг прадуктаў, якія арганізму цяжка ператравіць, калі парушана стрававальная функцыя. Гэта малако, свежыя гародніна і фрукты, вострая і смажаная ежа. Мяса пажадана ўжываць у гэты час у выглядзе паравых катлет.
Страваванню можна дапамагчы ферментамі, гэта паскорыць выздараўленне. Яшчэ адзін кірунак лячэння — нармалізацыя мікрафлоры страўнікава-кішачнага тракту. Для яе аднаўлення таксама існуе шэраг прэпаратаў.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya