Віцебскі інвестыцыйны форум «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы» сёлета стаў рэкардсменам па колькасці замежных удзельнікаў, новаўвядзенняў і цікавых прапаноў. У мерапрыемстве паўдзельнічалі больш за 500 прадстаўнікоў дзелавых колаў прыкладна з 20 краін. Форум адбыўся ў самым цэнтры старажытнага горада — Летнім амфітэатры.
Старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай ШАРСНЁЎ, вітаючы ўдзельнікаў, адзначыў, што ў Віцебшчыны вельмі выгаднае геаграфічнае становішча, а таксама ў краіне створаны вельмі прыцягальныя для патэнцыйных інвестараў умовы для дзейнасці.
У рэгіёне насамрэч ёсць унікальныя прапановы для ахвотных стварыць прадпрыемства, распачаць зарабляць на турызме, аказанні паслуг і гэтак далей. Інвестараў, напрыклад, зацікавіла адпрацоўка новай мадэлі бізнес-дзейнасці ў Аршанскім раёне, дзе дадзены значныя прэферэнцыі. Умовы, аб якіх мараць у развітых краінах, дазволяць акупляць ўкладзеныя грошы за параўнальна невялікі час.
Намеснік міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый ЯРАШЭВІЧ канстатаваў, што ў краіне зроблены значны скачок па стварэнні прывабных умоў для бізнесу. Усяго за дзесяць гадоў у рэйтынгу Сусветнага банка з 110-й пазіцыі Беларусь перамясцілі ў спіс сарака самых прывабных для інвестараў краін. У дзесяць разоў скарацілі патрабаванні: санітарныя, тэхналагічныя, ветэрынарныя і іншыя.
Спікеры на форуме адзначалі, што актывізацыі бізнесу, навукі, спорту і турызму паспрыяў бязвізавы рэжым. Ён актывізаваў і інвестыцыйную дзейнасць.
Дзелавыя людзі падчас дыскусій на мерапрыемстве не раз агучвалі, што беларускае інвестыцыйнае заканадаўства адпавядае найлепшым аналагам у свеце.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Сангіта БАХАДУР, выступаючы перад удзельнікамі форуму, адзначыла, што адной з прыцягальных умоў для інвестараў з'яўляецца цудоўная прыгажосць беларускай прыроды.
Дарэчы, на Віцебшчыне вельмі выгадна зарабляць на турызме. Упершыню ў краіне больш за 210 участкаў вызначаны ў самых маляўнічых і экалагічна чыстых месцах. Напрыклад, на больш чым ста азёрах інвестары у заяўляльным парадку могуць заняцца арганізацыяй турызму, адпачынку, аздараўлення. Што да канкрэтных прапаноў, то патэнцыйным інвестарам на бізнес-мерапрыемстве прапаноўвалі купіць сажалкавую гаспадарку па вырошчванні і перапрацоўцы рыбы. Ёсць магчымасць укласці грошы ў развядзенне авечак новай для Беларусі пароды, якую фермер прывёз з Ленінградскай вобласці. На выстаўцы дэманстраваліся ўнікальныя пад'ёмнікі, якія вырабляюцца ў Віцебскай вобласці, сельскагаспадарчая тэхніка, станкі і іншае.
Сярод цікавых праектаў быў прадстаўлены і кластар устаноў адукацыі. Дырэктар віцебскай СШ № 29 Ірына ШУШКЕВІЧ прэзентавала адну з распрацовак. Педагогі школы стварылі вучэбна-метадычны комплекс па навучанні дзяцей і бацькоў фінансавай адукаванасці. Гэта дазволіць зацікавіць беларусаў магчымасцю распачаць сваю справу.
На форуме было падпісана больш за дзесяць пагадненняў. Сярод іншых — і органамі ўлады. Напрыклад, дарожная карта — паміж аблвыканкамам і ўрадам Саратаўскай вобласці — аб гандлёва-эканамічным, культурным і гуманітарным супрацоўніцтве.
Замежныя бізнесмены і дыпламаты з вялікай цікавасцю назіралі за першым у рамках форуму абласным конкурсам маладзёжнага руху WorldSkіlls. Міжнародныя чэмпіянаты WorldSkіlls праводзяцца раз на два гады ў розных краінах. Іх мэта — вызначыць найлепшых прадстаўнікоў рабочых прафесій. У Віцебску клас паказвалі, у прыватнасці плітачнікі, муляры, швачкі... Зразумела, што пры стварэнні прадпрыемстваў неабходны высокапрафесійныя кадры, якія адпавядаюць патрабаванням часу.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/inavacyi
[4] https://zviazda.by/be/tags/investycyi
[5] https://zviazda.by/be/tags/forum
[6] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk