Міжнародная навуковая канферэнцыя “Сахараўскія чытанні—2019”: экалагічныя праблемы XXI стагоддзя” пройдзе 23-24 мая ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Ва ўрачыстым адкрыцці форуму прымуць удзел прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, па надзвычайных сітуацыях, Белдзяржуніверсітэта, Выканаўчага камітэта СНД, Беларускай атамнай электрастанцыі, дыпмісій Германіі, Францыі, Таджыкістана, Туркменістана, Грузіі і іншых.
Свае даклады на канферэнцыі прадставяць больш за 400 навукоўцаў з 17 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Арменіі, Польшчы, Германіі, Сербіі, Турцыі, Таджыкістана, Узбекістана, Казахстана, Італіі, Ірана, Францыі, Швецыі і ЗША.
Мэта форуму — аб'яднаць намаганні вядучых навукоўцаў і практыкаў, выкладчыкаў ВНУ, аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў з розных краін для ацэнкі ўплыву тэхнічнага прагрэсу на навакольнае асяроддзе і чалавека, а таксама распрацаваць меры па зніжэнні негатыўнага ўплыву чалавека на прыроду.
У рамках канферэнцыі запланавана работа 12 тэматычных секцый: навукоўцы абмяркуюць глабальныя экалагічныя рызыкі, метады біямедыцынскай дыягностыкі, адаптацыю функцыянальных сістэм чалавека да экстрэмальных фактараў асяроддзя, інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў ахове здароўя; эколагаарыентаванае фізічнае выхаванне і іншыя пытанні.
Таксама будзе арганізавана праца двух круглых сталоў: “Актуальныя праблемы біямедыцынскай этыкі” і “Актуальныя пытанні лінгвістычнай падрыхтоўкі спецыялістаў экалагічнага профілю да прафесійнай і міжкультурнай камунікацыі".
У рамках канферэнцыі ўдзельнікам будуць прадстаўлены сацыяльна-экалагічныя праекты па экаўпакоўцы і асобным зборы смецця.
Арганізатарам форуму выступае Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Д. Сахарава БДУ.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/saharauskiya-chytanni
[2] https://zviazda.by/be/tags/ekalogiya