Учора ў першай палове дня ўдзельнікі дарожнага руху на Мінскай кальцавой аўтадарозе маглі сустрэць незвычайны картэж на чале з вялікім турыстычным аўтобусам. Абганяючы калону, якая рухалася трохі павольней хуткасці патоку, аўтамабілісты і іх пасажыры наўрад ці маглі здагадацца, што ў аўтобусе едзе Аляксандр Лукашэнка. А трэба было толькі павярнуць галаву! Прэзідэнт асабіста інспектаваў стан МКАД і навакольную інфраструктуру. Наш карэспандэнт ехаў у адным аўтобусе з кіраўніком дзяржавы і змог убачыць усе нюансы высокай інспекцыі.
Думаю, няшмат хто можа сказаць, што за адзін раз праехаў Мінскую кальцавую аўтадарогу цалкам. Мала хто рабіў гэта з мэтай вывучэння сітуацыі на МКАД і побач з ёй. І канешне, яшчэ лепш здзейснілі гэта ў адным аўтобусе з Прэзідэнтам краіны. Больш за 56 кіламетраў шляху — а менавіта столькі складае даўжыня кальцавой — кіраўнік дзяржавы і чыноўнікі пераадолелі ў адным аўтобусе «МАЗ» разам з журналістамі.
«Напэўна, рух на МКАД спыніўся на гэты час?» — задасца пытаннем чытач. Аднак, паколькі інспекцыя праводзілася ў першай палове пятніцы, зачыняць такую важную магістраль для мінчан і гасцей сталіцы было б няправільна. Таму аўтобус з першай асобай спакойна ўключыўся ў немалы, як заўсёды, паток аўтамабіляў на кальцавой. І трэба прызнаць, што асобныя вадзіцелі фур былі крыху збянтэжаныя, калі бачылі ў акне высокага турыстычнага аўтобуса кіраўніка дзяржавы. Пра што ж казаў беларускі лідар падчас паездкі, і як прайшла інспекцыя?
...Непрыкметны з'езд з трасы М3 на ўездзе ў Бараўляны, невялікая паркоўка — менавіта тут пачалося вывучэнне Прэзідэнтам добраўпарадкавання і развіцця тэрыторый уздоўж Мінскай кальцавой аўтадарогі.
Як толькі кіраўнік дзяржавы прыбыў на месца, ён адразу пазначыў тэму сустрэчы. Беларускі лідар нагадаў, што часта крытыкуе чыноўнікаў за дарогі і парадак, а таксама за тыя кірункі дзейнасці, якія звязаны з прыродай. Паводле яго слоў, МКАД — гэта твар Мінска, а Мінск — гэта твар краіны.
«Тут госці, людзі часта ездзяць па гэтых дарогах, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — І справа нават не толькі ў тым, што хутка прыедзе шмат гасцей з усяго свету на Еўрапейскія гульні. Калісьці трэба было гэтую працу актывізаваць».
Звяртаючыся да чыноўнікаў, ён нагадаў, што не раз казаў пра тое, што хацеў бы бачыць уздоўж гэтых дарог. І які вынік? На думку Прэзідэнта, пакуль праца ідзе так сабе. Пры гэтым ён прызнаў, што можа нешта не бачыць, бо нельга пабываць усюды.
«І сёння я хацеў бы проста вам усім пазначыць канкрэтна, якой павінна быць дарога і прыдарожныя ўчасткі», — патлумачыў сутнасць сваёй інспекцыі беларускі лідар.
Трэба разумець, што праца па добраўпарадкаванні не скончыцца пасля буйнога спартыўнага першынства, яна павінна працягвацца. На гэта кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу: «Напэўна, пачнём з асноўных дарог і пойдзем да межаў нашай краіны. Трэба добраўпарадкоўваць Беларусь, нельга спыняцца. Гэта наша «фішка». Хто б сюды ні прыязджаў, усе ахкаюць, як добра, прырода добрая. Але прыродзе трэба не толькі радавацца, не толькі жыць з ёй у міры і згодзе — прыроду трэба і ўпрыгожваць, удасканальваць».
Дарэчы, пакуль чакалі прыезд Прэзідэнта, перад тым як адправіцца на інспекцыю, на некалькі пытанняў пагадзіўся адказаць мэр Мінска Анатоль СІВАК — і ён таксама казаў пра тое, што праца па азеляненні і рамонце дарог з'яўляецца планавай. Ён таксама паведаміў, што ў сталіцы сёлета плануецца высадзіць 8-9 мільёнаў кветак, хоць годам раней высадзілі ўсяго два мільёны. Статыстыка змянілася ў лепшы бок і па дарогах — паклалі больш асфальту, у многіх месцах памянялі тратуарную плітку... Пры гэтым мэр заўважыў, што падчас будаўніцтва новага нельга забываць пра падтрыманне парадку ў старым.
Безумоўна, Прэзідэнту далажылі аб сітуацыі: пра тое, як выконваюцца яго даручэнні па падтрыманні МКАД і развязак у добрым стане, а таксама аб добраўпарадкаванні тэрыторый каля кальцавой.
Закранулі няпростую тэму недабудаваных будынкаў. Пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі тут жорсткая: калі з інвестарам дамовіліся, ён павінен выконваць свае абавязацельствы. Калі ж ён не выконвае, то трэба выкарыстоўваць жорсткія санкцыі. Не зрабіў — нясі адказнасць.
Што датычыцца тэрмінаў будаўніцтва і вонкавага добраўпарадкавання аб'ектаў, то тут ёсць велічыня, на якую варта арыентавацца. На думку беларускага лідара, тры гады — гэта максімальны тэрмін для такой дзейнасці. Бо ў нас як бывае: будоўля доўжыцца і пяць, і сем гадоў, вакол бруд, людзям непрыемна. Так што інвестар павінен памятаць пра насельніцтва, зрабіць нармальна вонкава і добраўпарадкаваць зямлю. Усё астатняе — на яго сумленні.
Даручэнне кіраўніка дзяржавы: навесці тут парадак, паглядзець гэтае пытанне, у некаторых варта нават забраць участкі (на якіх цяпер стаяць даўгабуды), каб іншым непанадна было.
У адказ старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка распавёў, што такі падыход ужо дае вынік: як толькі пачалі адабранне ўчасткаў з даўгабудамі, інвестары паскорылі ўзвядзенне запланаваных аб'ектаў.
Яшчэ на невялікай паркоўцы акуратна размясціўся транспарт, які будзе актыўна выкарыстоўвацца падчас Еўрапейскіх гульняў. Пяць машын з сімволікай першынства — два аўтобусы МАЗ, «Нёман», а таксама два Geely Atlas белага і чорнага колераў. Такі аўтапарк (вядома, у большай колькасці) здольны вырашыць транспартнае пытанне падчас чэмпіянату. Дарэчы, 320 беларускіх красовераў будуць эксплуатавацца ў якасці таксі для прадстаўнічых гасцей.
Звярнуў увагу на транспарт і Аляксандр Лукашэнка. Размаўляючы з кіроўцамі, кіраўнік дзяржавы расказаў, што яму падабаецца мадэль Atlas. Вердыкт Прэзідэнта — «прыстойная машына». І ў чарговы раз ён закрануў тэму электрамабіляў — такую вытворчасць развіваць неабходна.
Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка і чыноўнікі рушылі ў бок кальцавой.
Як толькі аўтобус крануўся, Прэзідэнт заклікаў рухацца павольней, каб старанна разгледзець усё вакол. Кіраўнік дзяржавы адразу папярэдзіў: схілы ўздоўж дарогі павінны быць засаджаны дрэвамі (хоць бы елкамі, хвоямі), каб не касіць, бо гэта немалыя затраты.
«Уздоўж дарог павінны быць зялёныя насаджэнні», — падкрэсліў ён і дадаў, што абавязкова асабіста праедзецца і паглядзіць на стан пасаджаных дрэў і хмызнякоў, бо сэнсу ў загінулым насаджэнні няма ніякага. Калі нешта загінула — трэба прыбіраць і засаджваць нанова, а потым даглядаць.
«І трэба спытаць тых, хто іх высаджваў, таму што гэта галавацяпства. Калі б гэта адно дрэва з 10—15 прапала, гэта яшчэ дапушчальна, але калі праз адно загінулі дрэвы, гэта ненармальна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Таксама ён звярнуў увагу на недапушчальнасць залішняга выразання і выпілоўвання.
На думку беларускага лідара, калі ў населеным пункце жылыя дамы прымыкаюць да дарогі, то яе трэба больш засадзіць, аднак усё гэта не павінна зарастаць. Вядома, і фасады дамоў павінны быць у годным стане. І, дарэчы, займацца гэтым маглі б самі жыхары. Таксама Аляксандр Лукашэнка заклікаў рэстараны, запраўкі, крамы і іншыя ўстановы ўздоўж дарогі самастойна займацца сваёй тэрыторыяй. «Гэта іх зона адказнасці», — рэзюмаваў ён.
Згадаў беларускі лідар і транспартныя развязкі — яны не павінны быць пусткамі. «Калі яны пустуюць — гэта ні да чаго», — сказаў ён.
Яшчэ Прэзідэнт закрануў тэму ландшафтнага дызайну ўздоўж дарог. На яго думку, адпаведныя спецыялісты павінны распрацаваць планы. Проста наторкаць дрэвы — гэта дрэнны падыход. Такім чынам, ён прапанаваў сфарміраваць групы з трох чалавек — вопытных дызайнераў, якія распрацуюць планы добраўпарадкавання для канкрэтных тэрыторый. Прэзідэнту спадабалася тэрыторыя каля Парку высокіх тэхналогій — аднак можна зрабіць яшчэ лепш.
Таксама беларускі лідар заклікаў прыбраць усе лішнія платы ўздоўж МКАД. Ад пылу і шуму лепш адгароджваць свае дамы дрэвамі, упэўнены ён. Безумоўна, дзесьці платы неабходныя, у тым ліку ў якасці шумазасцярогі, прызнаў Аляксандр Лукашэнка, але і іх трэба прывесці ў парадак.
Адным з прыпынкаў на шляху стала ўрочышча Курапаты, дзе нядаўна былі праведзены работы па добраўпарадкаванні. «Тут трэба заняцца дадаткова пасадкай дрэў. І яны, хто там ляжыць (яны нас бачаць), дзякуй скажуць. Па перыметры туі можна, — адзначыў беларускі лідар. — Падумайце, як канчаткова добраўпарадкаваць Курапаты. Некалі мы яшчэ пройдзем, паглядзім. Але недапушчальна, каб хтосьці тут нешта рабіў без дазволу. Гэта ж палітычная дэманстрацыя. Гэта камусьці трэба. Можаш прыйсці, калі ласка, памаліся, пакладзі кветкі і сыходзь, не перашкаджай гэтым людзям».
Безумоўна, у ходзе паездкі беларускі лідар закрануў тэму дарожнага пакрыцця МКАД. На яго думку, маставыя пераходы, шляхаправоды засталіся дзе-нідзе неасфальтаваныя — так, дзесьці іх залаталі, але ў асобных месцах проста кінулі. «Трэба гэта дарабіць. І трэба рабіць назаўсёды», — сказаў ён.
«Павінен сказаць, што за суткі вы больш зрабілі, чым за год. Гэта сведчыць пра тое, што трэба прыязджаць і глядзець, і не толькі мне. За суткі і абкасілі, і выраўнялі, і палілі. Так і трэба працаваць. І давайце прыводзіць у парадак», — рэзюмаваў беларускі лідар вынікі сваёй інспекцыі. Назваў і тэрмін — прыкладна за год, каб падрыхтаваць пасадачны матэрыял, канчаткова вызначыцца з будаўніцтвам тых ці іншых аб'ектаў.
Безумоўна, з гэтай задачай кіраўнік дзяржавы і чыноўнікі дакладна не справяцца самастойна. А вось калі кожны жыхар будзе ставіцца да свайго кавалачка беларускай зямлі па-гаспадарску, то наша прыгожая краіна стане яшчэ прыгажэйшай.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/prezident
[6] https://zviazda.by/be/tags/mkad
[7] https://zviazda.by/be/tags/inspekcyya