Мінскі холадакамбінат № 2 — адзін з лідараў па вытворчасці марожанага ў краіне. У працэсе вырабаў салодкай прадукцыі задзейнічанае сучаснае абсталяванне, аўтаматызаваныя лініі, калектыў складае 650 супрацоўнікаў. Таму холадакамбінат быў абраны дэпутатамі Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях для правядзення семінара па ахове працы. Размова ішла ў асноўным пра законапраект аб змяненні Закона «Аб ахове працы».
Зараз Камісія рыхтуе дакумент да другога чытання. Законапраект мае 44 артыкулы, карэкціроўкі ўнесены ў 34. «У першую чаргу карэкціроўкі і змяненні датычацца працэдур праходжання медыцынскіх аглядаў работнікаў, якія прымаюцца на працу. Ёсць пытанні, звязаныя з функцыямі кантролю наймальніка за захаваннем аховы працы. Работнікам-надомнікам і дамашнім работнікам прапануецца даць права адмовіцца ад выканання работы, калі не створаны бяспечныя ўмовы працы і яны не забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы», — расказала Людміла Канановіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях.
Семінары па тэме камісія праводзіць і ў прыватных, і ў дзяржаўных арганізацыях.
«Акрамя працоўных груп, пашыраных пасяджэнняў, Камісіяй практыкуюцца такія выязныя семінары ў залежнасці ад законапраекта. Гэта робіцца для таго, каб вывучыць практыку законапрымянення, пачуць ад наймальнікаў, работнікаў меркаванне па тых карэкціроўках і нормах, якія ўнесены», — патлумачыла дэпутат.
У другім чытанні законапраект, па словах Людмілы Канановіч, плануюць разгледзець на восеньскай сесіі парламента.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikou
[5] https://zviazda.by/be/tags/praca
[6] https://zviazda.by/be/tags/byaspeka