Увечары 30 мая 1999 года ў выніку цісканіны ў падземным пераходзе станцыі метро «Няміга» загінулі 53 чалавекі — у асноўным моладзь ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў, піша naviny.by [2].
Больш за дзве тысячы чалавек вярталіся ў той вечар са свята піва пасля канцэрту, які праходзіў каля Палаца спорту. Хаваючыся ад раптоўнага дажджу і навальніцы, яны накіраваліся да бліжэйшай станцыі метро. Узнікла цісканіна, паніка, па людзях, якія ўпалі, ішлі іншыя, якіх нёс некіравальны натоўп.
Па словах відавочцаў, усё доўжылася не больш за 10 хвілін. У выніку цісканіны загінулі 53 чалавекі, прычынай смерці большасці з іх стала асфіксія. Больш за сотню атрымалі траўмы.
Сваякі загінулых неаднаразова падавалі судовыя пазовы на гарадскія ўлады, міліцыю, піўзавод «Аліварыя», радыёстанцыю «Мір» і ТАА «Клас-клуб ДК», якія ў той дзень адказвалі за арганізацыю і забеспячэнне парадку на масавым мерапрыемстве. Гэтыя пазовы адхіляліся судамі розных інстанцый.
30 мая 2002 года на месцы трагедыі ўсталявалі мемарыял «Ружы» — стылізаваныя прыступкі, на якіх раскіданыя 53 металічныя кветкі, якія сімвалізуюць загінулых. Злева ад іх — маленькая капліца з праваслаўным крыжам і металічнай плітой, на якой высечаныя імёны ўсіх загінулых.
Яшчэ адзін помнік, прысвечаны ахвярам трагедыі на Нямізе, — бронзавая «Дзяўчынка з парасонам» — усталяваны вядомым скульптарам Уладзімірам Жбанавым у Міхайлаўскім скверы каля Прывакзальнай плошчы.
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://naviny.by/article/20190530/1559188848-dvadcat-let-nazad-sluchilas-tragediya-na-nemige-kogda-pogibli-53
[3] https://zviazda.by/be/tags/tragedyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/nemiga
[5] https://zviazda.by/be/tags/zaginulyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/pacyarpelyya